Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі ацаніў працяг Стратэгічнага дыялёгу беларускай апазыцыі і ЗША пасьля выбараў


Валер Кавалеўскі, архіўнае фота
Валер Кавалеўскі, архіўнае фота

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, які быў датычны да арганізацыі Стратэгічнага дыялёгу Дэмакратычных сіл Беларусі і ўладаў ЗША, камэнтуе Свабодзе імавернае вяртаньне ў Белы дом Дональда Трампа.

— Спадар Валер, як вы ацэньваеце папярэднія вынікі выбараў у ЗША ?

— Тут ёсьць некалькі кірункаў, на якіх сапраўды гэта можа закрануць Беларусь, не наўпрост, а ўскосна.

Наўпрост, я лічу, ніякіх асаблівых зьменаў у палітыцы ў дачыненьні Беларусі ня будзе, таму што ёсць двупартыйны кансэнсус: і рэспубліканцы, і дэмакраты глядзяць на сытуацыю ў Беларусі аднолькава. І Беларусь не зьяўляецца ўсё ж такі прыярытэтам замежнай палітыкі ЗША. У гэтым сэнсе гэта наша страхоўка ад таго, што будзе нейкі сур‘ёзны перагляд.

Аднак інтарэсы Беларусі могуць быць закранутыя ўскосна праз тое, якім чынам Трамп будзе прапаноўваць заканчэньне вайны Расеі з Украінай. Гэта тое, што пэўным чынам можа адбіцца і на нашых інтарэсах. Бо, найхутчэй, гэта будзе варыянт, які будзе прымусам Украіны да міру — і праз абмежаваньне дапамогі: вайсковай, палітычнай, фінансавай. І ў гэтым сэнсе мы зьяўляемся часткай гэтай вельмі сумнай гісторыі, і тут інтарэсы Беларусі таксама могуць пацярпець. Менавіта таму, што Расея можа ўзмоцніцца ў выніку такога заканчэння канфлікту.

Другое — гэта такія ізаляцыянісцкія настроі ў Трампа, які гатовы быў бы зьмяншаць, скарачаць удзел ЗША ў міжнародных праблемах: у першую чаргу ў канфліктах, больш удзяляць увагу гандлю, нейкім гандлёва-эканамічным пытаньням, якія даюць хуткі прыбытак эканоміцы. То бок такая больш транзакцыйная палітыка і псыхалёгія ў Трампа.

І трэцяе — гэта тое, як Трамп будзе выбудоўваць унутрыпалітычны парадак дня, якія рашэньні ён будзе прымаць датычна дэмакратычных інстытутаў. У яго былі даволі выразныя пагрозы ягоным палітычным апанэнтам у краіне. Гэта тое, што не зьяўляецца часткай дэмакратычнай мадэлі кіраваньня дзяржавай і не зьяўляецца часткай палітычнай культуры дэмакратычных краін. У гэтым сэнсе гэта таксама можа быць прыкладам для аўтарытарных лідараў па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў нашай частцы сьвету — гэта будзе такім сыгналам, што падобныя практыкі зьяўляюцца нормай.

Ня толькі Трамп рыхтаваўся да свайго прэзыдэнцтва, да яго рыхтаваліся і людзі, якія яго атачаюць, людзі, якія б хацелі вярнуцца ва ўладу, але хацелі б прытрымлівацца больш традыцыйных падыходаў у замежнай палітыцы.

— З папярэдняй адміністрацыяй прэзыдэнта Джо Байдэна беларускія дэмакратычныя сілы заснавалі Стратэгічны дыялог. Як вы думаеце, якім будзе ягоны лёс у далейшым?

— Ад пачатку, калі мы працавалі над стварэньнем гэтага стратэгічнага дыялёгу, менавіта я займаўся распрацоўваньнем яго мэханізму, канцэпцыяй, то заўсёды была такая ўстаноўка, што гэты мэханізм дазволіць нам захоўваць адносіны на трывалым узроўні паміж Дзярждэпартамэнтам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Трэба будзе паглядзець, як гэта ўсё будзе эвалюцыянаваць. Бо ў пэўным сэнсе гэта таксама зьвязана зь людзьмі, якія працуюць у Дзярждэпартамэнце і падтрымліваюць такія ідэі. І паколькі гэтае пытаньне прымалася на палітычным узроўні ў Дзярждэпартамэнце, трэба будзе дачакацца, каб гэтая ініцыятыва была пацьверджаная і рэспубліканцамі. Бо далей ужо яны прыйдуць і будуць прымаць палітычныя рашэньні аб працягу такой працы.

Мой прагноз такі, што сам гэты мэханізм можа захавацца, калі толькі гэтыя зьмены ў рэгіёне не прывядуць да нейкіх новых зрухаў у раскладзе сілаў. Калі ЗША, умоўна кажучы, будуць задумвацца пра тое, якім чынам калібраваць, мяняць палітыку адносна Беларусі або рэжыму Лукашэнкі, то ў пэўным сэнсе ім трэба будзе думаць і пра Стратэгічны дыялёг.

— Ці мелі апазыцыйныя сілы цягам гэтых гадоў, калі Трамп пакінуў пасаду прэзыдэнта, нейкія кантакты зь ягонай камандай, з Рэспубліканскай партыяй? І ці можна спадзявацца, што Ціханоўская, якая сустракалася з Байдэнам, правядзе сустрэчу і з Трампам?

— Я ня буду тут казаць пра магчымае спатканьне Ціханоўскай з Трампам. Гэта хутчэй пытаньне да яе каманды. Але скажу так, што ўсе дзесяцігодзьдзі, якія мне даводзілася займацца пытаньнем беларуска-амэрыканскіх адносін, заўсёды была стаўка на двупартыйны падыход. То бок супраца на роўных і з дэмакратамі, і з рэспубліканцамі. І гэтыя сувязі, безумоўна, заўсёды падтрымліваліся на даволі інтэнсіўным узроўні. Былі сустрэчы, асабліва ў Кангрэсе, і з сэнатарамі, і ў Палаце прадстаўнікоў з абедзьвюх партый. І гэта адбывалася падчас дэмакратычнай адміністрацыі. І на сёньня гэта будзе адным з пастаянных прыярытэтаў — захоўваць двухпартыйнасьць у працы паміж дэмакратычным рухам Беларусі і новай адміністрацыяй Трампа.

Тым больш мы бачым, што Трамп перамог ня толькі на прэзыдэнцкіх выбарах. Але мы бачым, што рэспубліканцы вярнулі кантроль над Сэнатам і захавалі кантроль над Палатай прадстаўнікоў. Гэта азначае, што ў іх будзе ўвесь набор, неабходны для таго, каб прасоўваць самыя розныя палітычныя рашэньні. Але, тым ня менш, можна казаць упэўнена пра тое, што кантакты з Рэспубліканскай партыяй заўсёды падтрымліваліся на належным узроўні. І можна ўспомніць, што ў 2020 годзе, калі распачыналася беларуская рэвалюцыя, прысутнічала тады адміністрацыя Трампа, і першыя рашэньні і пытаньні трэба было вырашаць з прадстаўнікамі рэспубліканцаў, і гэта рабілася даволі эфэктыўна.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
  • Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG