Дональд Трамп, які вярнуўся ў выбарчую кампанію, каб узяць рэванш і вярнуць сабе Белы дом, зноў стане прэзыдэнтам ЗША.
На шляху да перамогі на выбарах 5 лістапада Трамп пераадолеў рознагалосьсі ўнутры Рэспубліканскай партыі, юрыдычныя праблемы, якія ўзьніклі падчас яго першага знаходжаньня на пасадзе ў 2017–2021 гадах, і замах на яго забойства.
Трамп таксама даў рады імкліваму паскарэньню выбарчай гонкі, калі прэзыдэнта Джо Байдэна замяніла ў якасьці кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ягоная віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс.
Ва ўзросьце 78 гадоў Трамп — найстарэйшы пераможца на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. У гэтым ён перасягнуў Байдэна, якому было 77, калі ён перамог Трампа чатыры гады таму.
Пасьля інаўгурацыі 20 студзеня Трамп зможа лічыцца і 45-м, і 47-м прэзыдэнтам ЗША. Толькі яшчэ адзін прэзыдэнт ЗША, Гровэр Кліўлэнд, 22-і і 24-ы па ліку, займаў пасаду два тэрміны ня запар — гэта было больш за 130 гадоў таму.
Трамп ужо стаў першым прэзыдэнтам у гісторыі, які двойчы зазнаў імпічмэнт, і першым прэзыдэнтам, прызнаным вінаватым ў крымінальным злачынстве.
На свой другі тэрмін ён заступае зь дзьвюма незакрытымі крымінальнымі справамі. Адна зьвязаная зь меркаванымі спробамі сарваць мірную перадачу ўлады Байдэну, другая — з умяшаньнем у выбары 2020 году ў штаце Джорджыя.
Трэцюю справу супраць Трампа — па абвінавачаньні у незаконным захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў — закрылі ў ліпені.
У сваю чацьвёртую прэзыдэнцкую кампанію Трамп прынёс вялікі досьвед і шырокую падтрымку.
Шматлікія прыхільнікі падтрымалі ягоную адмову прызнаць, што ён саступіў на выбарах Байдэну, палымяную рыторыку супраць палітычных канкурэнтаў і меркаваньні, што юрыдычныя праблемы Трампа былі вынікам «паляваньня на ведзьмаў» супраць яго.
Звычайна Трамп займаў першае месца, калі выбарнікаў апытвалі, хто з кандыдатаў найбольш варты даверу, каб справіцца з актуальнай праблемай іміграцыі, а таксама з высокімі выдаткамі на жыльлё і харч.
Падчас сваёй выбарчай кампаніі ён маляваў сябе як кандыдата, які лепш за ўсё падыходзіць, каб наладзіць справы ў краіне — як ён сьцьвярджаў, Амэрыку апанавалі нелегальныя мігранты, у сябе дома яна зазнае стагнацыю, а за мяжой — усё большыя праблемы, а кіруе ёю «глыбінная дзяржава» ценявых дзяржаўных чыноўнікаў і бюракратаў.
Падчас сваёй кампаніі 2016 году ён заваяваў выбарнікаў абяцаньнямі «Зрабіць Амэрыку зноў вялікай», заключыць лепшыя гандлёвыя пагадненьні і павялічыць фінансаваньне арміі, каб аднавіць павагу да Злучаных Штатаў ва ўсім сьвеце.
Паспрыяла ягонаму посьпеху і слава нью-ёрскага магната нерухомасьці — у канцы 1980-х гадоў яго сталі зваць проста па імені, «The Donald».
Прозьвішча Трампа аздабляе шыкоўныя хмарачосы па ўсім сьвеце, а тэлевізійная аўдыторыя захапляецца ягонай крылатай фразай «Вас звольнілі» ў ягоным рэаліці-шоў. Вось жа, шмат хто лічыў Трампа чалавекам, здольным «асушыць балота» (маецца на ўвазе нібыта разадзьмуты ўрад і карупцыя ў Вашынгтоне).
Гэтым разам Трамп ужо ня быў палітычным аўтсайдэрам — ён выглядаў чалавекам, які перажыў буры і паказаў сябе моцным лідэрам на сусьветнай арэне.
У сямі штатах, змаганьне ў якіх вызначыла канчатковы вынік выбараў, пераважная большасьць выбарнікаў лічыла Трампа найбольш прыдатнай асобай, каб вызначаць курс краіны на фоне войнаў ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе.
Падчас свайго першага тэрміну Трамп у аднабаковым парадку вывеў ЗША з іранскай ядзернай угоды з сусьветнымі дзяржавамі і распачаў гандлёвую вайну з эканамічным супернікам — Кітаем.
Ён таксама вывеў Злучаныя Штаты з глябальных пагадненьняў, якія, на яго думку, не былі выгадныя Вашынгтону, і націснуў на саюзьнікаў па NATO, каб павялічыць фінансаваньне абароны, што большасьць зь іх і зрабіла.
Сярод больш спрэчных угод, выпрацаваных адміністрацыяй Трампа, — пагадненьне з талібамі, якое вызначыла ўмовы поўнага вываду амэрыканскіх войскаў з Афганістану ў 2021 годзе.
Праціўнікі Трампа расцанілі гэтую ўгоду як падрыхтоўку глебы для захопу ўлады талібамі, але Трамп абвінаваціў Байдэна і Гарыс, што гэта яны не далі рады сытуацыі, якая, у сваю чаргу, падштурхнула Расею ўварвацца ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Падчас свайго першага тэрміну Трамп спрабаваў зьмяніць адносіны Вашынгтона з Расеяй, мацуючы сувязі з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але ў той жа час увёў супраць Масквы шэраг штрафных санкцый.
Трамп заявіў, што ягоныя адносіны з Пуціным дапамогуць спыніць поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум