«Я заўсёды быў упэўнены, што ўдзельнічаць [у выбарчай кампаніі] трэба, і мы многа спрачаліся зь іншымі ўдзельнікамі палітычных партый і арганізацый. Гэта першая кампанія, дзе я думаю, што задача галоўная ня ў тым, каб абавязкова вылучыць кандыдата. Я думаю, што гэта можа даць хутчэй нэгатыўны эфэкт», — заявіў Дзьмітрыеў падчас онлайн-трансьляцыі ў сваім інстаграм-акаўнце, за якой у розны час сачыла ад 85 да 104 чалавек.
Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2020 нагадаў, што сёньня ёсць «партыя ўлады», якая «вылучае такіх мультыкандыдатаў», і ў гэтых умовах «галоўнай датай зьяўляецца не 26-га, галоўнай датай зьяўляецца 27 студзеня і які шлях будзе ўзяты пасьля гэтага».
«Гэта будзе шлях на яшчэ большае павелічэньне канфрантацыі ўнутранай, зьнешняй, шлях, які будзе яшчэ больш павялічваць ізаляцыю. Ці гэта будзе шлях паступовага, але ўнутранага астываньня, пашырэньня прасторы для дыялёгу, уключэньня Беларусі ў міжнародны парадак дня?» — паставіў пытаньне Дзьмітрыеў.
Ён зачытаў камэнтар жанчыны, якая выказала меркаваньне, што «будзе толькі горш», і часткова зь ёю згадзіўся.
«Нас чакаюць вельмі складаныя часы менавіта з пункту гледжаньня міжнароднага парадку. Не хачу быць прадвесьнікам і кагосьці пужаць, але, канечне, праводзячы аналёгіі гістарычныя, пакуль мы ідзем найгоршым з магчымых трэндаў... Калі глядзець на тое, як разьвіваюцца адносіны, як бакі, якія проціборствуюць, адзін да аднаго ставяцца, як яны адзін аднаго ня чуюць, якую мэту яны ставяць», — лічыць Дзьмітрыеў.
Палітык зьвярнуў увагу, што гэта першы раз, калі на выбары ідуць чыноўнікі.
«Такога яшчэ не было. Заўсёды было, што гэта былі людзі праўладныя ці з альтэрнатыўнымі поглядамі. А тут, можна сказаць, досьвед, які ўзялі зь мясцовых і парлямэнцкіх кампаній і перанесьлі ў прэзыдэнцкую», — адзначыў прамоўца.
На выбарах-2020 Дзьмітрыеў атрымаў, паводле Цэнтравыбаркаму, 1,21% галасоў.
У студзені 2023 году палітык быў затрыманы і пасьля асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Выйшаў на волю 20 красавіка 2024 году, адбыўшы тэрмін зьняволеньня.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.