Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Лукашэнку атачаюць кандыдаткамі на прэзыдэнта — каб загаіць траўму пасьля Ціханоўскай?


Алена Жываглод, ініцыятыва «Сумленныя людзі», патэнцыйнцыя кандыдаткі на выбарах-2025. Ілюстрацыйны каляж.
Алена Жываглод, ініцыятыва «Сумленныя людзі», патэнцыйнцыя кандыдаткі на выбарах-2025. Ілюстрацыйны каляж.

Як вызначаюць спойлераў Лукашэнкі на выбарах 2025 году? Чаму менавіта былую прэс-сакратарку МУС выбралі на ролю фармальнай суперніцы Лукашэнкі? Як патлумачыць зьяўленьне Канапацкай у кампаніі? І ці мае прапагандысцкі эфэкт уладны флэшмоб «Надо»?

Адказвае кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі», былая віцэ-сьпікерка Каардынацыйнай рады Алена Жываглод.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У ЦВК ужо падалі дакумэнты для ўдзелу ў выбарах-2025 Аляксандар Лукашэнка, а таксама людзі, якіх аналітыкі называюць спойлерамі — Бобрыкаў, Гайдукевіч, Кавалёва, Канапацкая, Чамаданава, Хіжняк. Давайце пачнем з Вольгі Чамаданавай, былой прэсавай сакратаркі МУС, а цяпер старшыні «Беларускага саюзу жанчын», начальніцы галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму. Чаму менавіта яе абралі на ролю фармальнай суперніцы Лукашэнкі?

— Падкрэсьліваю, фармальнай суперніцы. Я лічу, што гэта ўсё спойлеры, каго б мы ні абмяркоўвалі са сьпісу. Чамаданава — па-першае, жанчына. Мы бачым, што Лукашэнка заігрывае з тым, што ён жаночы прэзыдэнт. Жанчыны высунулі свае кандыдатуры. Чамаданава — зручная кандыдатка, на мой погляд, таму што, з аднаго боку, яна ляяльная, бясьпечная. З другога боку, яна мае пэўную вядомасьць. Яна не «no name» у мэдыяпрасторы і для беларусаў. Акрамя таго, што яна жанчына, яна яшчэ пэўную катэгорыю людзей прадстаўляе. У яе цікавы кейс быў, як яе звольнілі, пасунулі з МУС. Гэта лішні раз пацьвярджае яе ляяльнасьць, што яна засталася пры гэтым у сыстэме. Мне падаецца, што гэта зручна і што гэта добры спойлер, добры кандыдат, для таго каб імітаваць варыянты, імітаваць альтэрнатыву, імітаваць канкурэнцыю.

— Вольга Чамаданава ўзначаліла прэс-службу МУС у канцы 2018 году. Раней яна таксама працавала ў сілавых структурах, кіравала інспэкцыяй у справах непаўналетніх УУС Менскага райвыканкаму. Першапачаткова Чамаданава дэманстравала адкрытасьць у працы нават зь недзяржаўнымі СМІ, гаварыла па-беларуску, аднак усё зьмянілася з пачаткам актыўнай выбарчай кампаніі летам 2020 году. Звольнілі Чамаданаву загадам міністра Кубракова 4 кастрычніка 2021 году. Яе муж — супрацоўнік ГУБАЗіК, імя Чамаданавай згадвалася ў зьневажальным кантэксьце ў тэлефонных размовах сілавікоў, якія сталі даступныя кібэрпартызанам. Цяпер яна ўзначальвае афіцыйную жаночую арганізацыю. Што можа азначаць яе вылучэньне, у тым ліку з гендэрнага пункту гледжаньня?

— Важны момант: у гэтай так званай перавыбарчай кампаніі Лукашэнкі ёсьць месца наратывам пра жаночага прэзыдэнта. Гэтая карта нядрэнна разыгрываецца. Ёсьць Чамаданава як яркая кандыдатка. Ёсьць траўма Лукашэнкі ад Ціханоўскай, выбараў 2020 году. Трэба ставіць жанчын, якіх можна перамагчы. І вось у нас цэлая, прабачце, калекцыя жанчын.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG