Адзінота дыктатараў. Галасаваньне ў ААН выявіла маштаб міжнароднай ізаляцыі Расеі і Беларусі

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Чарговы скандал у зьвязку з галасаваньнем у ААН разбурае тую карціну сьвету, якую старанна малявалі апошнімі гадамі прапагандысцкія машыны Расеі і Беларусі.

Гэтая карціна грунтавалася на ідэалягічным канструкце, паводле якога асноўным канфліктам сучаснасьці нібыта зьяўляецца супрацьстаяньне паміж Захадам і «глябальнай большасьцю», да якой Лукашэнка і Пуцін прылічвалі і сябе.

Сьцісла:

— Расея спрабавала сарваць прыняцьце выніковага дакумэнту «Саміту будучыні» ААН, але яе падтрымалі толькі шэсьць краін.

— Лідэрам антыкаляніяльнай барацьбы называе сябе імпэрыя, якая вядзе крывавую каляніяльную вайну ва Ўкраіне за вяртаньне кантролю над тэрыторыямі, якія аддзяліліся ад мэтраполіі.

— Усе размовы пра «глябальную большасьць» — прапагандысцкі міт, ідэалягічная канструкцыя для спажываньня ўнутранай аўдыторыяй Расеі і Беларусі.

— Расею не падтрымалі нават яе новыя «хаўрусьнікі» па ШАС і BRICS, а таксама «старыя» хаўрусьнікі па АДКБ. Толькі Беларусь ня можа выскачыць з расейскай каляіны.

У Нью-Ёрку ААН правяла «Саміт будучыні». Выніковы дакумэнт саміту, «Пакт аб будучыні», зьяўляецца глябальным плянам з 56 пунктаў у такіх пытаньнях, як выкараненьне галечы, умацаваньне міру, абарона грамадзянскіх правоў, ядзернае раззбраеньне ды інш.

Важна тое, што дакумэнт прадугледжвае рэформу ААН, арыентаваную на ўзмацненьне ролі арганізацыі ў спыненьні ваенных канфліктаў і пашырэньне складу Рады Бяспекі за кошт уключэньня ў яе прадстаўнікоў Афрыкі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну і Лацінскай Амэрыкі.

Афіцыйны Менск быў прадстаўлены на саміце намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Сяргеем Хаменкам і старшынёй пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргеем Алейнікам.

Аднак кансэнсусу дасягнуць не ўдалося: супраць супольна падрыхтаванага дакумэнту выступіла Расея, што выглядала даволі скандальна. Яна запатрабавала ўнесьці ў «Пакт аб будучыні» папраўку, у якой было б адзначана, што «ААН і яе структуры не павінны ўмешвацца ў пытаньні, якія па сутнасьці знаходзяцца пад унутранай юрысдыкцыяй якой-небудзь дзяржавы». Але папраўка не прайшла.

Урэшце за выніковы дакумент прагаласавалі 143 дзяржавы, 15 устрымаліся, 7 выказаліся супраць (Расея, Беларусь, Іран, КНДР, Нікарагуа, Сырыя і Судан).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі пажыцьцёвая ўлада. Пра што задумваюцца дыктатары, калі ім спаўняецца 70

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Вяршынін, які прадстаўляў Маскву на «Саміце будучыні», заявіў: «Тое, што адбылося, — велізарная параза для ААН». І канстатаваў, што Расея «дыстанцыюецца ад кансэнсусу» па пакце, асабліва гэта тычыцца палажэньняў аб раззбраеньні.

Варта зазначыць, што гэты дакумэнт наўрад ці ўдасца рэалізаваць у прынятым выглядзе. Гэта дэклярацыя аб добрых намерах, яна мае рэкамэндацыйны характар. Але тут сымбалічны іншы момант.

Чарговы скандал у зьвязку зь міжнароднай ізаляцыяй Расеі і Беларусі цікавы тым, што разбурае ўсю карціну сьвету, якую старанна малявалі апошнімі гадамі прапагандысцкія машыны абедзьвюх краін. Гэтая карціна грунтавалася на ідэалягічным канструкце, паводле якога асноўным канфліктам сучаснасьці нібыта зьяўляецца супрацьстаяньне паміж Захадам і «глябальнай большасьцю», да якой Лукашэнка і Пуцін прылічвалі і сябе. Маўляў, заходні сьвет працягвае сваю каляніяльную палітыку, прыгнятае і эксплюатуе народы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. А вось Расея (разам зь Беларусьсю) абвесьціла сябе лідэрам гэтых народаў у антыкаляніяльнай барацьбе, авангардам руху «глябальнай большасьці» супраць дамінаваньня Захаду.

Парадокс сытуацыі палягае ў тым, што лідэрам антыкаляніяльнай барацьбы называе сябе імпэрыя, якая вядзе крывавую каляніяльную вайну ва Ўкраіне за вяртаньне кантролю над тэрыторыямі, якія аддзяліліся ад мэтраполіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Расеяй Украіны, мірныя перамовы і саміт ААН. Ці ёсьць пэрспэктыва завяршыць вайну

Апошняе галасаваньне ў ААН паказала, як насамрэч краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, а таксама постсавецкія дзяржавы ставяцца да прэтэнзій на лідэрства з боку Расеі. Маскву падтрымала невялічкая кучка самых адыёзных рэжымаў у сьвеце. Невыпадкова Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка не паехалі ў Нью-Ёрк на гэты саміт. Бо адчуваюць настроі міжнароднай супольнасьці.

Гэтыя падзеі ў ААН яскрава засьведчылі, што ўсе размовы пра «глябальную большасьць» — прапагандысцкі міт, ідэалягічная канструкцыя для спажываньня ўнутранай аўдыторыяй Расеі і Беларусі. Няма аніякай кансалідаванай большасьці, якая супрацьстаіць Захаду. У кожнай краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі ёсьць свае інтарэсы, якія ў нечым супадаюць, а ў іншых пытаньнях адрозныя ад інтарэсаў іншых дзяржаў.

Колькі было размоваў пра стварэньне новых, нібыта антызаходніх, арганізацый кшталту ШАС, BRICS, якія мусілі перафарматаваць сыстэму міжнародных дачыненьняў у кірунку супрацьстаяньня ЗША. І чаму ж Расею не падтрымалі яе новыя «хаўрусьнікі» падчас галасаваньня ў ААН? З Масквой не салідарызаваліся нават саюзьнікі па АДКБ! Толькі Беларусь ня можа выскачыць з гэтай каляіны.

Галасаваньне ў ААН выявіла ўвесь маштаб міжнароднай ізаляцыі і адзіноту Расеі і Беларусі. Не выпадкова расейскія і беларускія дзяржаўныя мэдыя не акцэнтуюць увагі на гэтай падзеі. Бо інакш як дыпляматычнай паразай гэта назваць нельга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праходзіла абмеркаваньне беларускага пытаньня на пасяджэньні Рады правоў чалавека ААН