Расея другі дзень запар абстрэльвае Запарожжа. Ёсьць загінулыя і параненыя. Украінская супрацьпаветраная абарона зьнішчыла 66 бесьпілётнікаў, якімі расейцы атакавалі поўнач і цэнтар Украіны.
Расея працягвае атакаваць энэргетыку і цывільны сэктар
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 24 верасьня Расея атакавала Ўкраіну 81 дронам і 4 ракетамі.
«У выніку супрацьпаветранага бою зьбілі 66 варожых бесьпілётнікаў у Кіеўскай, Жытомірскай, Чаркаскай, Віньніцкай, Кіраваградзкай, Палтаўскай, Сумскай і Мікалаеўскай абласьцях. Яшчэ 13 варожых дронаў, у выніку актыўнага супрацьдзеяньня сіл абароны, лякацыйна згубіліся ў некалькіх рэгіёнах Украіны», — паведамілі ў Паветраных сілах Украіны.
У Палтаўскай вобласьці без электрычнасьці засталіся 20 населеных пунктаў, пашкоджаныя прыватныя дамы і энэргетычныя аб’екты.
«Пацярпелых няма. Аскепкі пашкодзілі энэргетычную інфраструктуру на Палтаўшчыне, у выніку чаго безь сьвятла засталося 20 населеных пунктаў», — паведаміў кіраўнік Палтаўскай абласной адміністрацыі Піліп Пронін.
Кіраўнік Запароскай абласной адміністрацыі Іван Фёдараў адзначыў, што расейцы два дні запар атакуюць мірнае насельніцтва Звапарожжа — пашкоджаны шматкватэрныя і прыватныя дамы, цывільная і крытычная інфраструктура.
«У выніку варожых атак на Запарожжа адзін мужчына загінуў, дзевяць жыхароў абласнога цэнтру атрымалі траўмы. У лякарні на раніцу застаюцца тры чалавекі», — напісаў Іван Фёдараў у сваім Telegram-канале.
У шпіталь даставілі дваіх дзяцей з кантузіяй.
Зяленскі прывёз на саміт ААН «плян перамогі»
Уладзімір Зяленскі на саміце будучыні ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку заявіў аб падрыхтоўцы дакумэнтаў, якія будуць садзейнічаць завяршэньню вайны.
«Мы працуем дзеля бясьпекі, энэргетычнай і харчовай, і дзеля таго, каб прыцягнуць Расею да адказнасьці за яе тэрор. Далей мы зьвернемся да ўсіх пунктаў „формулы міру“, у тым ліку вызваленьня палонных. Цяпер мы рыхтуем дакумэнт, каб прэзэнтаваць яго на другім Саміце міру. Мы заклікаем усе іншыя нацыі падтрымліваць Украіну для мірнай будучыні. Пуцін украў шмат, але ён ніколі ня выкрадзе будучыню для сьвету», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
У той жа час ніякіх дэталяў украінскі прэзыдэнт не назваў.
Брытанскае выданьне The Times з спасылкай на ананімных заходніх дыпляматаў паведаміла, што «плян перамогі» уключае чатыры ключавыя пункты: гарантыі бясьпекі, працяг апэрацыі Ўзброеных сіл Украіны ў Курскай вобласьці, наданьне Ўкраіне «канкрэтнага» сучаснага ўзбраеньня і міжнароднай фінансавай дапамогі.
Пазьней украінскае выданьне «Суспільне» з спасылкай на крыніцу ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведаміла, што журналістаў брытанскага выданьня не знаёмілі з «плянам перамогі», хоць ключавыя яго пункты сапраўды ёсьць у дакумэнце.
Крэмль дэманструе незацікаўленасьць у мірных перамовах
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) паведамілі, што Крэмль працягвае публічна дэманстраваць сваю незацікаўленасьць у любым фармаце мірных перамоў, нягледзячы на тое, што Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў запрашэньне Расеі на другі саміт міру.
«22 верасьня сьпікер Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што „няма альтэрнатывы“ перамозе Расеі ва Ўкраіне і пацьвердзіў нежаданьне Расеі весьці перамовы на іншых умовах, апроч капітуляцыі Ўкраіны. Пяскоў таксама назваў NATO і Захад „калектыўным ворагам“. Прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава нядаўна абвясьціла, што Расея ня будзе ўдзельнічаць у другім украінскім мірным саміце ці якіх-небудзь іншых», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум