Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзіла абмеркаваньне беларускага пытаньня на пасяджэньні Рады правоў чалавека ААН


Камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк выступае на сэсіі Рады ААН па правах чалавека, Жэнэва
Камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк выступае на сэсіі Рады ААН па правах чалавека, Жэнэва

Група незалежных экспэртаў па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі мае намер правесьці ўласнае незалежнае расьсьледаваньне іх парушэньняў і прадставіць у сакавіку 2025 году адпаведны даклад.

Пра гэта паведаміла старшыня групы Карына Маскаленка (Расея) на 57-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ) падчас дэбатаў пра Беларусь 23 верасьня ў Жэнэве, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Паводле слоў Маскаленкі, гаворка ідзе аб расьсьледаваньні злачынстваў, зьвязаных з парушэньнямі правоў чалавека, учыненымі ў Беларусі з траўня 2020 году. Расьсьледаваньне пройдзе на аснове мэтадалёгіі, якая будзе распрацаваная так, каб у далейшым дадзеныя маглі выкарыстоўвацца ў судовым разглядзе.

Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў Беларусі, Маскаленка сказала: «Наша група зацікаўленая ў тым, каб працэс прадстаўленьня дакладу адпавядаў высокім стандартам аб’ектыўнасьці, незалежнасьці, бесстароннасьці. Гэтаму б значна садзейнічала правядзеньне двухбаковых і шматбаковых кансультацый, каб улічыць пазыцыю ўраду Беларусі па ўсіх пытаньнях. Для дасягненьня гэтай мэты мы настойліва раім беларускім уладам не ўхіляцца ад супрацоўніцтва».

Маскаленка канстатавала, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека, у месцах пазбаўленьня волі ўжываюцца катаваньні, сэксуальны і гендэрны гвалт, у краіне парушаюцца правы на выказваньне меркаваньняў, на абарону перад законам, на вяртаньне на радзіму.

Група вітае памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам шэрагу палітвязьняў, аднак пры гэтым заклікае прыняць «неадкладныя і канкрэтныя меры па вызваленьні ўсіх адвольна затрыманых па палітычных абвінавачаньнях» і пакрыцьці ім нанесенай шкоды.

Асобна праваабаронца спынілася на перасьледзе беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму. Яна адзначыла, што над імі праводзяцца завочныя крымінальныя працэсы, у грамадзян Беларусі канфіскуюць актывы і маёмасьць, выкарыстоўваецца практыка запалохваньня іх сваякоў.

«Урад Лукашэнкі нясе адказнасьць за амаль поўнае зьнішчэньне грамадзянскай прасторы і свабодаў у Беларусі, апазыцыя знаходзіцца альбо ў турме, альбо за мяжой. На гэтым фоне група не мае ніводнага паведамленьня, што быў пакараны ў Беларусі нехта зь вінаватых у парушэньні правоў чалавека», — сказала Маскаленка.

«Беларусь заўсёды прытрымлівалася сваіх нацыянальных інтарэсаў — эканамічных, палітычных, грамадзкіх — і не ўбудоўвалася ў мадэль унутранай і зьнешняй палітыкі, якая ёй навязвалася, арыентаванай на геапалітычныя амбіцыі Захаду», — сказала ў слове ў адказ сталая прадстаўніца Беларусі пры ААН Ларыса Бельская.

«Для зьмены такога стану рэчаў Захад спрабуе ўмешвацца ў нашыя справы, выкарыстоўваючы шырокі інструмэнтарый, у тым ліку палітычна матываваныя рэзалюцыі, незаконныя эканамічныя санкцыі, мэдыятэхналёгіі маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю, дэзынфармацыю аб сытуацыі ў краіне і палітыцы беларускіх уладаў. Актыўна фінансуюцца і рэклямуюцца розныя экстрэмісцкія структуры, якія знаходзяцца на ўтрыманьні заходніх краінаў», — заявіла яна.

Перад выбарамі прэзыдэнта ў 2025 годзе, прагназуе Бельская, на Беларусь «будзе чыніцца ціск і пашырацца ўмяшаньне ва ўнутраныя справы».

Паводле яе слоў, анансаваны даклад пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі таксама стане адной з падстаў для такога ўмяшаньня.

Пэрспэктывы расьсьледаваньня па Беларусі і даклад на падставе яго «ня мае сэнсу і ня будзе мець выніку, бо Менск не прымае ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, ціску і санкцый», — сказала Бельская.

У спрэчках выказаліся прадстаўнікі дэлегацый розных краін.

Прадстаўнік Эўразьвязу заявіў аб падтрымцы мандату незалежных экспэртаў і ацаніў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі як цяжкую. Прымаючы да ўвагі памілаваньне некаторых палітвязьняў, ЭЗ занепакоены тым, што ў Беларусі больш за 1,3 тыс. палітвязьняў, і заклікаў іх вызваліць і рэабілітаваць.

Міністарка замежных справаў Фінляндыі Эліна Валтанэн выступіла ад групы Паўночных краін і краін Балтыі. Яна адзначыла занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выказала падтрымку народу Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі. Валтанэн асудзіла падтрымку Менскам вайны ва Ўкраіне і заклікала спыніць удзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Прадстаўнікі Швайцарыі, Ліхтэнштэйну, Люксэмбургу (ад імя Люксэмбургу, Бэльгіі і Нідэрляндаў), Вялікай Брытаніі, Малдовы, Чарнагорыі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Ірляндыі, Аўстрыі, Францыі, Грэцыі, Славаччыны і Румыніі падтрымалі пазыцыю ЭЗ.

Прадстаўніца ЗША выступіла ў тым жа ключы, падкрэсьліўшы, што «праз чатыры гады, якія прайшлі пасьля махлярскіх выбараў, беларускі народ не здаецца», нягледзячы на тое, што рэпрэсіі не спыняюцца.

Украіна асудзіла сыстэматычны гвалт супраць актывістаў у Беларусі, выказаўшы занепакоенасьць, што рэпрэсіі ўзмоцняцца перад новымі выбарамі прэзыдэнта. Прадстаўніца Кіева заклікала Беларусь адмовіцца ад статусу саўдзельніка вайны супраць Украіны, асудзіла практыку вайсковых вучэньняў паблізу ад межаў Украіны і выказала трывогу наконт вывезеных украінскіх дзяцей.

Прадстаўнікі Азэрбайджану і Казахстану адзначылі, што неўмяшаньне ва ўнутраныя справы — важны прынцып працы ААН.

Прадстаўнік Кітаю прывітаў намаганьні праекту прамысловай мадэрнізацыі Беларусі для забесьпячэньня прагрэсу, нягледзячы на санкцыі. Ён сьцьвярджае, што Беларусь супрацоўнічае з праваабарончай сыстэмай ААН, своечасова падае неабходныя даклады. Кітай выказаўся супраць практыкі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы любой дзяржавы пад маркай абароны правоў чалавека.

Падобныя пазыцыі выказалі прадстаўнікі Шры-Лянкі, Эрытрэі, Лаосу, Зымбабвэ, Вэнэсуэлы, Нікарагуа, Сырыі, Кубы, Судану, Ірану і Эгіпту.

Сэсія РПЧ ААН праходзіць у Жэнэве з 9 верасьня па 11 кастрычніка. У апошні дзень сэсіі чакаецца зацьвярджэньне кандыдатуры спэцдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, ім зь вялікай доляй імавернасьці можа стаць экс-камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Ніл Райманд Муйжніекс з Латвіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG