У судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі вырак былому намесьніку міністра энэргетыкі і куратару будаўніцтва Беларускай АЭС Міхаілу Міхадзюку — 6 гадоў калёніі і штраф 40 тысяч рублёў.
У сувязі з амністыяй суд пастанавіў вызваліць Міхадзюка ад пакараньня ў выглядзе пазбаўлення волі часткова тэрмінам на год. То бок прысуд былому чыноўнікі зьменшылі на 1 год.
Міхаіл Міхадзюк працаваў у кіраўніцтве Міністэрства энэргетыкі з 2005 году. Ён таксама быў непасрэдным куратарам працы Беларускай АЭС. За ўвесь час з пачатку эксплюатацыі БелАЭС яе першы энэргаблёк спыняўся некалькі дзясяткаў разоў.
Міхадзюку інкрымінавалі ч. 3 арт. 430 КК («Атрыманьне хабару»).
Паводле абвінавачаньня, Міхадзюк з 2018-га па 29 сьнежня 2023 году некалькі разоў прыняў хабар ад прадстаўніка кампаніі RIKO на агульную суму 35 тысяч эўра. Таксама ён узяў у Менску хабар у сэрбскіх дынарах «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у ягоную кампэтэнцыю». Акрамя гэтага, чыноўніку аплацілі паездку на сэрбскі горналыжны курорт.
Успамінаем яшчэ некалькі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў і набліжаных да ўлады асобаў, асуджаных за карупцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-намесьніку міністра энэргетыкі Міхадзюку прысудзілі 6 гадоў калёніі«Бройлерная каралева»: 2 гады за кратамі да суду. Вызваленая па амністыі
У 2014 годзе дырэктарку Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, сябра Савету Рэспублікі Ганну Шарэйку пазбавілі статусу дэпутаткі і арыштавалі. Яе абвінавацілі ў прычыненьні шкоды ў буйным памеры. Паводле сьледзтва, птушкафабрыка доўгі час купляла корм за мяжой і па завышаных цэнах.
За кратамі былая сэнатарка і дырэктарка правяла больш за 2 гады Пасьля вынясеньня выраку ў 2,5 года калёніі суд вызваліў яе па амністыі. «Бройлерная каралева» зноў кіруе птушкафабрыкай, у 2018 годзе стала «Чалавекам году Віцебшчыны», на «Дажынках» ёй падаравалі «Ладу». А ў 2020 годзе Лукашэнка прысвоіў ёй званьне «заслужаны работнік сельскай гаспадаркі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаную ў 2016 годзе дырэктарку птушкафабрыкі «Ганна» назвалі «Чалавекам году Віцебшчыны — 2018»Намесьніка генпракурора памілавалі і прызначылі кіраваць саўгасам
У 2014 годзе былога намесніка генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Архіпава асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі за атрыманьне хабару і перавышэньне службовых паўнамоцтваў. «За зьлітак золата і бутэльку каньяку» Архіпаў нібыта спрабаваў «замяць» справу супраць сына бізнэсоўца" (той ехаў на матацыкле п’яным і насьмерць зьбіў 24-гадовую жанчыну), як казаў тады Лукашэнка. Аднак неўзабаве Лукашэнка памілаваў Архіпава.
У студзені 2016 году яго прызначылі дырэктарам стратнага сельгаспрадпрыемства «Пятровічы» пад Смалявічамі. Аднак у траўні 2018-га Архіпаў ужо пакінуў тую пасаду. Пасьля Архіпаў крыху папрацаваў намесьнікам генэральнага дырэктара менскай кампаніі «БелАсэптыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасадзілі за карупцыю, памілавалі, адправілі ў калгас… Куды цяпер уладкаваўся экс-намесьнік генпракурора«Справа мэдыкаў»: галоўных фігурантаў памілавалі
У 2018 годзе ў Беларусі асудзілі шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, якія, паводле сьледзтва, бралі хабар за пастаўку мэдтэхнікі ў лякарні зь вялікім завышэньнем цэнаў.
Былому намесьніку міністра аховы здароўя Ігару Ласіцкаму прысудзілі 6 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці паводле часткі 3 арт. 430 КК («Хабар у асабліва буйным памеры»). Акадэміка, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі, былога дырэктара РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандра Бялецкага (у якога, па вэрсіі сілавікоў, знайшлі больш за паўмільёна даляраў) таксама прызналі вінаватым у атрыманьні хабару і асудзілі на 7 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Аднак у 2021 годзе Лукашэнка памілаваў і Ласіцкага, і Бялецкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «справе мэдыкаў» памілавалі Ігара Ласіцкага і Аляксандра Бялецкага, асуджаных за карупцыюБылы кіраўнік Службы аховы Лукашэнкі: 12 гадоў калёніі. Пакуль сядзіць
У 2020 годзе былога намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога кіраўніка Службы аховы Лукашэнкі (з 2007-га па 2014 год) Андрэя Ўцюрына асудзілі на 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабараў на агульную суму 192 тысячы даляраў.
Андрэй Уцюрын дагэтуль адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба». Пра гэта сьведчаць былыя вязьні, якія нядаўна выйшлі з той калёніі на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Віны не прызнаў, у злачынстве не раскаяўся». Пракурор запрасіў пакараньне для былога ахоўніка Лукашэнкі Андрэя Ўцюрына«Галоўны лясьнік» адседзеў 1,5 года з 7,5 і цяпер працуе ў запаведніку
У траўні 2022 году пасады пазбавіўся міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа за «ўчынак, не сумяшчальны зь дзяржаўнай службай». У студзені 2023 году «галоўнага лесьніка краіны» Віталя Дрожжу асудзілі на 7 гадоў і 6 месяцаў калёніі за хабар у асабліва буйным памеры (30 тысяч даляраў). Па вэрсіі сьледзтва, Дрожжа браў хабар у прадстаўніка замежнай кампаніі, у якой пасьля міністэрства закупляла тэхніку.
У верасьні 2023 году Віталь Дрожжа быў памілаваны Лукашэнкам, выйшаў на свабоду і ўзначаліў адно з падразьдзяленьняў Нацыянальнага парку «Белавеская пушча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага лесьніка — у турму, сэнатарку пасьля вызваленьня — на фабрыку. Як Лукашэнка звальняе набліжаных да сябе людзей