Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віны не прызнаў, у злачынстве не раскаяўся». Пракурор запрасіў пакараньне для былога ахоўніка Лукашэнкі Андрэя Ўцюрына


Андрэй Уцюрын, архіўнае фота
Андрэй Уцюрын, архіўнае фота

Уцюрын на пачатку працэсу з абвінавачваньнем пагадзіўся, аднак адзначыў, што ня цалкам згодны з кваліфікацыяй яго дзеяньняў.

9 ліпеня пракурор папрасіў суд прызнаць Андрэя Ўцюрына вінаватым, пазбавіць яго званьня палкоўніка і магчымасьці займаць кіроўныя пасады, а таксама прызначыць Андрэю Ўцюрыну пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам 14 гадоў з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, пракурор просіць канфіскаваць ва Ўцюрына 192 тысячы даляраў ЗША.

Пракурор дадаў, што па амністыі Ўцюрына можна часткова вызваліць ад прызначанага пакарання тэрмінам на 1 год.

Справу Андрэя Ўцюрына Вярхоўны суд пачаў разглядаць яшчэ 10 сакавіка, у працэсе некалькі разоў абвяшчаліся працяглыя перапынкі. Агулам на лаве падсудных 16 чалавек, 12 зь якіх знаходзяцца пад вартай, яшчэ 4 наведваюць паседжаньні самастойна. Матэрыялы абвінавачваньня складаюць 47 тамоў. Справу разглядае Вярхоўны суд.

190 тысяч даляраў хабару

Былы намесьнік сакратара Савета бясьпекі Андрэй Уцюрын да гэтага кіраваў службай бясьпекі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч.3 артыкулу 430 (атрыманьне хабару), ч. 5 артыкулу 16 (саўдзел у злачынстве) і ч.2 артыкулу 431 (даваньне хабару паўторна альбо ў асабліва буйным памеры).

Агульная сума атрыманага Ўцюрыным хабару, паводле абвінавачаньня, склала каля 190 тысяч даляраў. Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў КК прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Спрэчкі бакоў на працэсе пачаліся 8 ліпеня. Пракуроры агучвалі магчымае пакараньне для абвінавачаных, у тым ліку для Андрэя Ўцюрына, амаль два дні. На думку абвінаваўцаў, віна ўсіх 16 фігурантаў справы падчас працэсу была даказаная цалкам.

Пракурор таксама адзначыў, што падчас суду выявіліся супярэчнасьці паміж паказаньнямі Андрэя Ўцюрына, дадзенымі падчас папярэдняга сьледзтва, і тым, што ён гаварыў непасрэдна падчас працэсу.

«Паказаньні Ўцюрына, згодна якім атрыманыя ім грашовыя сродкі зьяўляюцца пазыкай (гаворка толькі пра частку з 190 тысяч даляраў. — РС), зьяўляюцца непраўдзівымі», — паведаміў пракурор падчас судовых спрэчак. На думку абвінаваўцы, калі б атрыманыя былым намесьнікам сакратара Савета бясьпекі грошы сапраўды былі пазыкай, то атрыманьне іх можна было б аформіць адпаведным чынам, падпісаўшы дамову, альбо згадаўшы атрыманую суму ў падатковай дэклярацыі.

«Сьціплы, ураўнаважаны»

Перад пачаткам спрэчак 7 ліпеня адвакатка Андрэя Уцюрына падала хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы станоўчых характарыстык зь месцаў ягонай працы, а менавіта са службы бясьпекі Лукашэнкі і Савету бясьпекі. У абодвух дакумэнтах былы ахоўнік кіраўніка дзяржавы і намесьнік генэральнага сакратара Савету бясьпекі названы прафэсіяналам і адказным супрацоўнікам.

«Ахарактарызаваў сябе станоўча з прафэсійнага боку», «у калектыве карыстаўся аўтарытэтам», «зарэкамэндаваў сябе са станоўчага боку», «умела вырашаў пастаўленыя задачы», «сьціплы, ураўнаважаны», — такім чынам Андрэй Уцюрын апісаны ў характарыстыках ад былых калег.

«Сваёй віны Ўцюрын фактычна не прызнаў, — паведаміў пракурор. — У зьдзейсьненым злачынстве не раскаяўся».

Працэс працягнецца ў пятніцу 10 ліпеня, удзел у спрэчках бакоў возьмуць адвакаты, якія прадставяць сваю пазыцыю. Завершыцца разгляд справы выступамі абвінавачаных. Дата абвяшчэньня прысуду пакуль невядомая. Гэта можа адбыцца бліжэй да канца ліпеня.

«Справа Андрэя Ўцюрына». Што трэба ведаць

  • Пра арышт намесьніка старшыні Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. 1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
  • Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка Лукашэнкі

  • Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ. На пачатку сьнежня 2019 КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня. Стала вядома, што Ўцюрына вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў; акрамя яго, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек.

Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны

  • Судовы працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску і, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачаных, праходзіць у адкрытым рэжыме.
  • На лаве падсудных 8 прадстаўнікоў дзяржаўных структур і 8 бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
  • Агульная сума атрыманага чыноўнікамі хабару складае 1 мільён 650 тысяч даляраў.
  • У чым вінавацяць. «Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам“, набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG