За 15 рублёў, якія перавёў сябру, хацелі зноў пасадзіць. Гісторыя былога палітвязьня, які прайшоў «хімію» і калёнію

Арцём Мядзьведзкі. Архіўнае фота

Арцём Мядзьведзкі трапіў пад перасьлед у 2020 годзе. Ён атрымаў «хімію», дзе выкрываў адміністрацыю, зьбег адтуль, трапіў у калёнію. Цяпер Арцём мусіў уцякаць зь Беларусі.

Арцём Мядзьведзкі некалькі дзён таму прыехаў у Польшчу. Ён былы палітзьняволены, які ледзь не атрымаў новы тэрмін за тое, што перавёў 15 рублёў сябру, зь якім у 2020 годзе разам быў фігурантам крымінальнай справы.

Падарванае на «хіміі» здароўе і ўцёкі

У 2020 годзе Арцём Мядзьведзкі ўдзельнічаў у пратэстах у Менску. Ён трапіў на відэа, калі дапамагаў каціць валун па дарозе — чым, паводле абвінавачваньня, «наўмысна перашкодзіў руху грамадзкага транспарту». Гэта сьледзтва і суд трактавалі па артыкуле 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Да суду Мядзьведзкі знаходзіўся ў СІЗА-1 Менску. Потым яго накіравалі на тры гады на «хімію» — у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мядзьведзкі трапіў у Камянецкі раён. Там працаваў на фэрме, у цяжкіх умовах. У працоўных табэлях пазначана, што на працу Арцём уставаў у 4.30 раніцы.

Былы вязень кажа, што не пагаджаўся на парушэньні ягоных правоў, таму пісаў скаргі — у пракуратуру і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Былы вязень кажа, што падарваў здароўе на цяжкай працы і нават атрымаў ад лекара даведку, што яго павінны перавесьці на «лёгкую працу».

«Тады былі іншыя часы, яшчэ можна было скардзіцца, таму на «хімію» прыяжджалі праверкі. Канечне, не знаходзілі парушэньняў, але гэта злавала опэра Аляксанда Куіса, і ён шматкроць абяцаў мне «праблемы», — узгадвае Арцём. Ён дадае, што опэр затаіў на яго крыўду і пачаў помсьціць.

Палітвязьні, якія працавалі на гэтай «хіміі» на фэрме, зьнялі відэа. Там яны зафіксавалі, у якіх цяжкіх умовах працуюць самі і ў якім стане каровы. Відэа трапіла ў СМІ, пачаліся праверкі.

«Але шукалі не парушэньні, якія дапускала адміністрацыя, а тых, хто зьняў гэтае відэа. Мне падказалі, што мне варта ўцякаць. Я трапіў у шпіталь у Камянцы і ўцёк адтуль», — кажа Арцём Мядзведзкі.

Напачатку ён разьлічваў трапіць ва Ўкраіну. Але пачалося паўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, і пра пляны давялося забыць, кажа суразмоўца. Ва ўцёках ён быў 39 дзён. Потым Мядзьведзкага злавілі.

Галадоўка ў СІЗА

Новы суд замяніў Мядзьведзкаму «хімію» на калёнію, пасьля ён трапіў у СІЗА Берасьця. Гэта, па словах былога зьняволенага, была самая жахлівая ўстанова, дзе яму давялося пабываць. Мядзьведзкі расказвае, што там у яго забралі ўсе рэчы, не дазвалялі сядзець на ложку. На Арцёма склалі рапарт, што нібыта ён курыў у недазволеным месцы. З парушэньнем ён не пагадзіўся, але яго ўсё роўна зьмясьцілі ў ШЫЗА. Спачатку на чатыры, потым яшчэ на тры дні.

«Было вельмі холадна, для спаньня толькі адна скрыпучая дошка. Не было матраца, нічога. Я ў першы дзень абвясьціў ім галадоўку. Кожны дзень мяне вадзілі да лекара правяраць ціск, ён быў высокі. Выклікаў опэр на гутарку, пытаўся: „Чаму ты не ясі?“. Я патлумачыў, што вы мяне незаконна зьмясьцілі ў ШЫЗА, чаго я буду есьці?» — узгадвае былы зьняволены.

Ён дадае, што спакою ў ШЫЗА не давалі і ўначы. Калі былы вязень падымаўся папіць вады, яму тут жа крычалі: «Напішам рапарт».

Арцём Мядзьведзкі расказвае, што ў СІЗА зьнішчалі ягоныя лісты, якія пісаў блізкім, па калідорах вадзілі толькі тварам у падлогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы вязень бабруйскай калёніі расказаў пра зьдзекі ў ШЫЗА, якія падштурхоўваюць да суіцыду

Зь дзевяці месяцаў калёніі два правёў у штрафным ізалятары

Пасьля СІЗА Арцём Мядзьведзкі трапіў у калёнію «Воўчыя норы» ў Івацэвічах. Па яго словах, там яго выклікаў начальнік калёніі і заявіў, што перадае прывітаньне ад Куіса (опэрупаўнаважаны з «хіміі», які сачыў там за Мядзьведзкім. — РС), а сам Арцём да канца тэрміну будзе пад асаблівым наглядам праз тое, што ўцёк з «хіміі». Былы вязень кажа, што опэрупаўнаважаны Куіс раней працаваў на «Воўчых норах» і сябраваў з начальнікам.

Там жа, у калёніі, Арцём перасякаўся з мастаком Алесем Пушкіным, які пазьней загінуў у горадзенскай турме. Мядзьведзкі расказвае, што да Пушкіна было вельмі перадузятае стаўленьне з боку адміністрацыі, на яго складалі мноства пратаколаў і адпраўлялі яго ў ШЫЗА.

«Напрыклад, нехта з адміністрацыі падыходзіць і пытаецца ў Пушкіна: „Чаму гузік не зашпілены?“. Той пачынае адказваць — парушэньне адразу, бо паводле Правілаў унутранага распарадку ён мусіць павітацца і назваць свае артыкулы. І так яго адмыслова падстаўлялі і правакавалі. На яго быў ціск за тое, што ён размаўляў па-беларуску», — дадаў Арцём.

Суразмоўца ўзгадвае такі выпадак. Пушкін чарговы раз трапіў у ШЫЗА. У гэты час блізкія перадалі яму перадачу — 50 кіляграмаў. Там былі прадукты. Але ў атрадзе сядзелі людзі старэйшага веку, якім ніхто нічога не перадаваў. І яны скралі перадачу Пушкіна і ўсё зьелі.

Мядзьведзкі расказвае, што сустракаўся ў ШЫЗА і са Сьцяпанам Латыпавым. Па яго словах, той рэзаў вены на знак пратэсту, бо ягоныя лісты да блізкіх і ад блізкіх супрацоўнікі калёніі папросту палілі.

Сам Арцём таксама быў частым «наведвальнікам» ШЫЗА. Кажа, што за дзень мог атрымаць тры парушэньні. Напрыклад, за тое, што сказаў у размове некаму з адміністрацыі слова «бірка». Паводле Правілаў унутранага распарадку ён мусіў адказаць «апазнавальны знак», сказаць іначай ужо лічылася парушэньнем.

«Бірак адмыслова давалі мала. На адзеньне і ложак. Мне не хапіла біркі на футболку — зноў парушэньне. Не было на сумцы біркі — парушэньне», — узгадвае Арцём.

15 рублёў для сябра

Пасьля вызваленьня ў 2023 годзе Арцём Мядзьведзкі атрымаў візу і спрабаваў выехаць зь Беларусі, але на мяжы яго не прапусьцілі. Памежнікі сказалі, што ён мае абмежаваньні на выезд.

«Я тады вырашыў ціха адседзецца ў Беларусі, дачакацца, пакуль будзе зьнятая судзімасьць, і тады выяжджаць. Але мяне раптам выклікалі ў ДФР — Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Сказалі: „За данаты“. Якія данаты? Я нідзе іх не рабіў», — расказвае былы зьняволены.

У гутарцы са сьледчым аказалася, што прэтэнзіі ў органаў — за перавод 15 рублёў Арцёмаваму сябру. Той разам зь Мядзьведзкім прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за валун, які выкацілі на дарогу ў Менску ў 2020 годзе.

«Той сьледчы, да якога я прыехаў, пачаў на мяне казаць, што вы, напэўна, зноў нешта задумалі. Напэўна, нейкую палітычную дзейнасьць пачынаеце. Для чаго ты яму скідаў 15 рублёў? Я кажу, што хіба забаронена грошы скідаць сябру? Я нават ня памятаў пра тыя 15 рублёў. Пачаў пытацца — дзе жыве сябра той, дзе працуе. Я разумею, што гэта ўсё дзіўна. Ён яшчэ пачаў мне пагражаць», — расказвае Мядзьведзкі.

У выніку былы палітвязень зьехаў зь Беларусі ў Польшчу, дзе плянуе застацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля „хіміі“, калёніі і карцэраў я пакрыўся бранёй». Былы палітвязень — пра чатыры гады пасьля пратэстаў-2020
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было як сумоўе». Экс-палітвязень пра тое, як у калёніі прапануюць пісаць прашэньне аб памілаваньні