Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля „хіміі“, калёніі і карцэраў я пакрыўся бранёй». Былы палітвязень — пра чатыры гады пасьля пратэстаў-2020


Віктар Пархімчык
Віктар Пархімчык

Віктар Пархімчык прайшоў шлях дзясяткаў тысяч беларусаў, якія пасьля жніўня 2020 году зазналі палітычны перасьлед з боку ўладаў. Расказваем яго гісторыю.

Віктар Пархімчык за ўдзел у пратэстах 2020 году атрымаў спачатку 2 гады «хіміі». Але пасьля яму зьмянілі рэжым, Пархімчык трапіў у шклоўскую калёнію. У 2022 годзе ён адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Два гады жыве і будуе свой бізнэс у Польшчы. У размове з Свабодай Віктар падзяліўся навукай з «хіміі» і калёніі, гісторыямі з жыцьця ў эміграцыі і расказаў пра стаўленьне палякаў да беларусаў.

«Маці плакала, бо заставалася ў Беларусі адна»

Калі ў 2022 годзе Віктар выйшаў на волю з шклоўскай калёніі, то перад ім стаяла пытаньне — заставацца ў Беларусі ці зьехаць у «бясьпечнае месца». Ён пазваніў былым «палітычным», вывучыў інфармацыйнае поле і, як кажа, «ня ўбачыў фактараў, якія б паказалі, што таталітарная сыстэма вернецца да законнасьці або што эканоміка здольная ўнікнуць эканамічнага падзеньня». Віктар кажа, што не хацеў плаціць падаткаў і нават ускосна падтрымліваць таталітарную сыстэму, якая «душыць» сваіх грамадзян і зьяўляецца саўдзельніцай вайны ва Ўкраіне.

«Памятаю, як прыехала таксоўка і са мной разьвітвалася маці. Яна плакала, бо разумела, што гэта квіток у адзін канец і яна застаецца адна. Мы разьвіталіся з маім старым домам, дзе я пражыў усё жыцьцё, і таксоўка павезла мяне ў невядомасьць», — узгадвае былы вязень.

У 2024 годзе на маці Віктара, адваката Галіну Пархімчык, якая абараняла абвінавачаных у палітычна-матываваных справах, завялі крымінальную справу. Віктар кажа, што маці здолела выехаць у апошні момант. Цяпер яна жыве за 10 хвілінаў хады ад дому сына і яго сям'і.

«Калі яна стала падазраванай, я стаў прадумваць шляхі яе эвакуацыі. Ноччу яна села ў маршрутку да Масквы, там паехала ў аэрапорт. Квіток на Тбілісі быў на 14.00, але сьледчы чакаў маці на 10.00. Мы памянялі квіткі на ранейшы рэйс у Баку, каб сьледчы не пасьпеў дадаць маці да сьпісу нявыязных. Так яна трапіла ў апошні вагон», — узгадвае былы вязень.

У Беластоку ён пазнаёміўся зь беларускімі ўцекачамі і ўбачыў, што тут жыве шмат аднадумцаў, ёсьць магчымасьці для сацыялізацыі.

«Я займаюся распрацоўкай сайтаў, не прывязаны да працоўнага месца, таму лічу немэтазгодным здымаць жытло ў Варшаве», — кажа суразмоўца.

Віктар Пархімчык з жонкай і дзецьмі
Віктар Пархімчык з жонкай і дзецьмі

«Палякі могуць глядзець коса, але пасьля паводзяць сябе добразычліва»

На этапе разважаньняў, дзе лепш жыць у эміграцыі, Віктар вывучаў «грамадзкую думку» пра стаўленьне палякаў да беларусаў. Было меркаваньне, зь якім ён пагадзіўся, што на побытавым узроўні палякі могуць ставіцца нэгатыўна да чужых.

Неяк Віктар забіраў сваіх дзяцей з беларускай нядзельнай школы. Зь імі была і дачка ягонага сябра.

«Я стараюся прывучыць сваіх дзяцей не размаўляць гучна, не крычаць на сваёй мове. Але дачка прыяцеля пра гэта ня ведала. Дзеці пабеглі наперад, схаваліся за аркай, і я пачуў крык, брудную лаянку на польскай мове ў бок дзяцей. Маўляў, „валіце ў сваю Ўкраіну, (маты, маты), панаехалі“. Калі я выйшаў з-за аркі і ён мяне ўбачыў, то пачаў адступаць. Магчыма, мой выгляд быў агрэсіўным», — узгадвае Віктар.

Ён кажа, што дзеці былі ў шоку і не разумелі, у чым яны вінаватыя, чаго на іх крычыць чужы дзядзька. Відэа з агрэсіўным мінаком Віктар выклаў у facebook. Кажа, што атрымаў шмат камэнтаў ад палякаў з прапановай не зьвяртаць на такіх людзей увагі.

Пазьней ён пазнаёміўся з іншымі палякамі і прыйшоў да высновы, што яны розныя. Віктар дадаў, што сярод краін Эўропы Польшча прыняла найбольш уцекачоў, таму гэта не магло не аказаць уплыву на настроі ў грамадзтве.

«У кожным разе я ўдзячны палякам за тое, што магу жыць у бясьпечнай краіне», — падкрэсьлівае былы вязень.

Цяпер у падначаленьні ў Віктара Пархімчыка працуе адзін паляк — на званках.

«Досьвед паказаў, наколькі можа ўпасьці канвэрсія (залежнасьць колькасьці ўгодаў ад колькасьці наведнікаў сайту. — РС) у бізнэсе, калі на другім канцы адказвае чалавек з акцэнтам. Палякі такіх асьцерагаюцца, мая ж мэта — працаваць на мясцовы рынак», — тлумачыць суразмоўца выбар супрацоўніка.

Візыт на магілу Каліноўскага

Віктар кажа, што пастаянна знаходзіцца ў атачэньні актыўных беларусаў, наведвае акцыі, удзельнічае ў ініцыятывах. Але, зазначае, беларусы за мяжой бываюць рознымі. З асяродку так званых «эканамічных» эмігрантаў яго сям’я мала з кім сябруе.

«Бо ў нас няма агульных інтарэсаў, ды і асьцерагаюцца яны нас, „экстрэмістаў“. Неяк я пачуў тут, у Беластоку, ад аднаго таксіста з Горадні: „Праз гэтага казла Пачобута нам мяжу закрылі“. Другі такі эмігрант доўга даказваў мне, што „трэба было сядзець спакойна, нікуды ня лезьці“, а палітвязьні і катаваньні — „гэта прапаганда, блеф“. Мне гэта непрыемна, бо я сам гэта прайшоў. Таму камфортней усё ж такі з аднадумцамі», — разважае былы «палітычны».

Згадваючы 2020 год, Віктар кажа, што ўбачыў на Акрэсьціна пабітых жанчын, старых, падлеткаў. Таму пайшоў на пратэсты разам зь іншымі.

«Бо даць будучыню сваім дзецям — гэта ня права, абавязак. Такі, як і абараняць сваю зямлю ад гэтай сваволі, беззаконьня. Маю і ідэалягічныя перакананьні ў тым, што маёй краінай ня мусіць кіраваць аграрны дыктатар. Я беларус, але магу глядзець на сябе ў люстэрка. Усё было правільна», — лічыць Віктар.

Ён узгадвае, як да іх заехаў сваяк зь Беларусі. Не спытаўся, а заявіў: «Ну і чаго вы дабіліся?».

«Скардзіўся, што пры вяртаньні з адпачынку мусіць доўга праходзіць мяжу. Але вінаваціў у гэтым не дыктатара, які разьвязаў вайну, а Польшчу, куды ён прыехаў зарэгістраваць фірму. Дзеля гэтых людзей столькі загінула, закатаваныя за кратамі? Ці здольны ён ацаніць гэта? Гэтая размова ўвагнала мяне ў стадыю расчараваньня ў беларусах як народзе», — кажа Віктар.

З словаў суразмоўцы, да жыцьця яго вярнула паездка ў Вільню, калі ён зь сям’ёй ўпершыню пабываў у капліцы, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі.

«Вось так стаіш, глядзіш у цішы на гэтыя выгравэраваныя імёны, на іх прыклад, і адбываецца ўсьведамленьне майго самурайскага кодэксу Бусідо. Я выразна зразумеў і свой стрыжань, і чаму мой жыцьцёвы шлях склаўся менавіта так. Хай гэтыя людзі, якія заплацілі жыцьцём за нашу свабоду, у сябе на небе ведаюць, што і іхныя нашчадкі хочуць „людзьмі звацца“. Нават калі я застануся адзін у сваіх перакананьнях. Той візыт назаўсёды закрыў для мяне пытаньне, ці было гэта ўсё дарма», — падзяліўся ўспамінам былы палітвязень.

Віктар лічыць, што беларусам ніхто не перашкаджае будаваць сваю Беларусь за мяжой. Ён зазначае, што сярод 15 тысяч беларусаў Беластоку актыўнымі застаюцца каля сотні.

«Калі мы самі не ствараем глебу для вяртаньня ў Беларусь, то няма чаго і задаваць пытаньне, ці вернемся мы», — кажа Віктар.

Віктар Пархімчык
Віктар Пархімчык

Бізнэс у Польшчы

Зараз Віктар Пархімчык спрабуе адбудаваць у Польшчы свой бізнэс — распрацоўку сайтаў. Праект пакуль малады, былы вязень займаецца яго SEO-прамоцыяй. Спрабуе зразумець мясцовую спэцыфіку. Паводле яго назіраньняў, у Польшчы больш кансэрватыўныя людзі, і прапановы ў сфэры лічбавага бізнэсу трохі адстаюць ад таго, што ёсьць у Беларусі. На радзіме, кажа Віктар, вышэйшыя канкурэнцыя і патрабаваньні да распрацоўнікаў. У Польшчы, як ён бачыць, мацней уплываюць асабістыя рэкамэндацыі.

«Пакуль зарабляю сабе імя. Пры гэтым рынак тут нашмат больш платаздольны, у сувязі з чым бізнэс можа дазволіць сабе ня так пераймацца за канал продажу. Ім і так добра, і цяжкасьць у тым, каб пераканаць мясцовы бізнэс, што прысутнасьць у інтэрнэце дасьць ім новыя пункты росту», — разважае былы палітвязень.

Навука «хіміі» і калёніі для «мірнага» жыцьця

З словаў Віктара Пархімчыка, «хімія» і калёнія дапамаглі яму зразумець — што ў жыцьці важна і хто важны.

«Я па-іншаму ўбачыў сваіх жонку і маці, якія аказаліся як ніколі блізкімі і надзейнымі людзьмі, роднымі душамі. Любоў — галоўнае, дзеля чаго мы жывём і прыходзім у гэты сьвет. Раней, за плёнкай абыдзёншчыны, я не заўважаў простых і важных рэчаў, якія акружаюць нас заўсёды і кожны дзень. Цяпер разумею, што кожны момант жыцьця каштоўны, і трэба цаніць тых, хто побач. Сям’я, сябры, калегі — усе яны ствараюць тую непаўторную атмасфэру, якая робіць наша жыцьцё поўным і значным», — тлумачыць былы вязень.

Досьвед турмы, кажа Віктар, навучыў яго цаніць сілу моманту. Усё, што адбываецца у гэтую сэкунду. Для яго зьняволеньне было ня проста выпрабаваньнем, але і магчымасьцю для глыбокага асабістага росту і трансфармацыі, вынікі якой можна і трэба стасаваць у штодзённым жыцьці.

Каб не адчуваць сябе прыніжаным рознага кшталту «начальнікамі» на «хіміі» і ў калёніі, Віктар выкарыстоўваў псыхалягічны прыём — у думках рабіў садыста сьмешным. У калгасе, у першыя дні прымусовых працаў, старшыня спрабаваў прымусіць Віктара працаваць.

«Але раб зь мяне так сабе, я не хацеў на іх гарбаціцца. Старшыня калгасу відавочна хацеў падняць пачуцьцё ўласнай значнасьці, гучна крычаў на мяне і круціўся вакол у сваіх сіненькіх штанах на іржавым ровары. Ён быў сьмешны і варты жалю. Нават цяпер у мяне няма крыўды і злосьці на падобных людзей, бо яны проста сьмешныя ў сваіх блазенскіх фуражках і зь нікчэмным жыцьцём на дне сацыяльных патрэбаў», — разважае былы вязень.

Суразмоўца кажа, што турма навучыла яго цярплівасьці і ўменьню прыстасоўвацца да розных умоваў, не губляючы свайго стрыжню.

«Не здаючы паплечнікаў і не караскаючыся па чужых костках. Лічу гэта вельмі важным і сёньня. Гэты досьвед дапамог мне лепш разумець сябе і іншых, захоўваць унутраны спакой і прымаць узважаныя рашэньні ў любых сытуацыях», — перакананы суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG