Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень бабруйскай калёніі расказаў пра зьдзекі ў ШЫЗА, якія падштурхоўваюць да суіцыду


Турма ў Магілёве, ілюстрацыйнае фота
Турма ў Магілёве, ілюстрацыйнае фота

Палітвязень каля 10 месяцаў адбыў у штрафным ізалятары і расказаў пра свой досьвед.

«Вясна» пераказала гісторыю былога палітвязьня Алеся (сапраўднае імя не называецца ў мэтах ягонай бясьпекі), які адбыў прызначаны судом тэрмін у папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску.

Паводле Алеся, з усяго ягонага тэрміну пакараньня (блізу трох гадоў) амаль дзесяць месяцаў ён правёў у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ), дзе зазнаў жудасныя ўмовы: холад, нізкі ўзровень мэдычнай дапамогі, псыхалягічны ціск і недахоп харчаваньня. Алесь прызнаўся, што ў канцы тэрміну быў на мяжы дэманстрацыйнай спробы суіцыду, і патлумачыў, чаму яна падавалася лягічнай.

ШЫЗА і ПКТ — турма ў падвале

Агулам у бабруйскай калёніі ўтрымліваюць каля 2500 зьняволеных, зь іх, паводле падлікаў праваабаронцаў, каля 70 чалавек — палітычныя, якім часьцей за іншых вязьняў даводзіцца адпраўляцца ў ШЫЗА ці ПКТ за прыдуманыя правіны: сьпіс рэчаў не адпавядае таму, што знаходзіцца ў торбе, не павітаўся, вёў забароненыя размовы. Камэры для ШЫЗА і ПКТ знаходзяцца ў падвале старога будынку, дзе апынуцца ў пэрыяд, калі адключаюць ці яшчэ не ўключаюць ацяпленьне,— вялікая рызыка для здароўя, кажа Алесь.

«Сядзеў у камэрах ШЫЗА, дзе няма сьвятла, а толькі пыл, смурод і цьвіль. Санвузлы ніколі не апрацоўваюцца, таму там стаіць дзікі смурод. Ні разу ня бачыў, каб хлёркай чысьцілі прыбіральні, хоць я прасіў. Акрамя таго, бегаюць усякія казуркі, прусакі, мышы і пацукі. Умовы створаныя такім чынам, што, нягледзячы на ўстойлівую псыхіку, яны ўсё роўна ціснуць. Акрамя гэтага, амаль заўсёды ў ШЫЗА ў камэры я быў адзін. Сядзець месяцамі ў адзіночцы — гэта дадатковая нагрузка на псыхіку», — расказаў Алесь.

Харчаваньне ў пэрыяд, калі вязень знаходзіцца ў ШЫЗА, вельмі беднае на вітаміны, бо даводзіцца есьці толькі тое, што выдаюць, падсілкавацца праз турэмную краму не ўдаецца.

«Кашы, макарона, хлеб. У абед даюць суп, які часьцяком падобны больш да гарачай поліўкі зь невялікай колькасьцю інгрэдыентаў. І вельмі важна, што замест трох яек у тыдзень даюць толькі адно, і замест двух разоў масла ў тыдзень — ніводнага. Карацей, кормяць толькі, каб ты не памёр», — сказаў Алесь пра харчаваньне ў ШЫЗА.

Размовы пра Ўкраіну забароненыя

Паводле былога палітвязьня Алеся, у бабруйскай калёніі створаная сыстэма дадатковага сачэньня за палітычнымі вязьнямі, чаму найперш дапамагае «стукацтва». Кожны крок, кожны кантакт палітвязьняў адсочваецца, за размовы на забароненыя тэмы караюць, а забароненай тэмай могуць абвясьціць што заўгодна.

«Нават няважна, падслухоўваў стукач ці проста ўбачыў, што палітычныя размаўляюць паміж сабой. Мы стараліся захоўваць бясьпеку і размаўлялі ўдалечыні ад усіх. Але даносчыкі проста паведамляюць супрацоўнікам факт зносін, а тэму могуць прыдумаць з паветра. Начальнік мне казаў часам: „Ты гаварыў на такую і такую тэму“. Але не было такога. «Праверце свае крыніцы!» Але ім усё роўна. Тэма — фармальнасьць. У калёніі існаваў негалосны сьпіс забароненых тэм для размовы. Хоць яны наўпрост нідзе не называліся, але ўсе ведалі, што нельга гаварыць пра вайну ва Ўкраіне, палітычны і эканамічны лад дзяржавы, асабліва крытыку дзеючай улады. Калі ты загаварыў пра гэта, то будзь гатовы, што на цябе данясуць», — згадвае былы палітвязень бабруйскай калёніі Алесь.

Як Алесь кантактаваў з сынам Бабарыкі

Паводле Алеся, адзін тэрмін у ШЫЗА ён атрымаў за тое, што кантактаваў з Эдуардам Бабарыкам, сынам былога банкіра, які спрабаваў абрацца на прэзыдэнта, Віктара Бабарыкі.

«Мы з Эдзікам тады яшчэ не былі знаёмыя, але нам прыляцела па 10 дадатковых сутак за тое, што нібыта мы размаўлялі. Гэта з разраду таго маразму, які там са мной адбываўся. Прыходзіць супрацоўнік і проста кажа: «Трэба напісаць тлумачальную, чаму ты меў зносіны з Бабарыкам». Але я не кантактаваў, таму нічога не пісаў. На «судзілішчы» начальнік калёніі сур’ёзна пытаўся: «А чаго ты зь ім размаўляў? Ты хочаш падмазацца ў гэтыя колы буржуазныя?» — згадаў Алесь паседжаньне камісіі, на якой атрымаў чарговы тэрмін у ШЫЗА.

Паводле палітвязьня, у ПКТ на Эдуарда Бабарыку чынілі большы ціск, чым на іншых вязьняў. Часам яго не выпускалі шпацыры, не давалі ўзяць новую кнігу, не пускалі адваката.

«Пачалі зь ім размаўляць. Зь ім было цікава абмяркоўваць кнігі і бізнэс-ідэі. Эдзік заўсёды трымаўся на пазытыве, вельмі моцны чалавек», — расказаў Алесь пра Бабарыку-малодшага.

Што падштурхнула да думак пра суіцыд

Алесь прызнаецца, што сьвядома выступаў супраць існуючай у калёніі сыстэмы, таму не падпісваў ніякіх дакумэнтаў і не пісаў тлумачальных, якіх ад яго патрабавала адміністрацыя. Але пры гэтым былы палітвязень заўважае, што адстойваць свае правы было вельмі цяжка, бо дзеля гэтага трэба сьвядома пакласьці здароўе, якое лёгка падарваць у ШЫЗА і ПКТ. Аднак, перакананы Алесь, у доўгатэрміновай пэрспэктыве змаганьне з сыстэмай мае сэнс.

«Аднойчы сур’ёзна задумваўся, каб ускрыцца (парэзаць сябе. — РС) у ПКТ. Калі мне начальнік калёніі сказаў: „Пасядзі на сьвяты“, я хацеў ім зладзіць „добры“ Новы год, каб яны запомнілі яго надоўга. Але ў апошні момант адмовіўся ад гэтага, бо ведаў, што паведамяць маім сваякам... Але гэта быў бы акт помсты і супраціву. Натуральна, я не хацеў заканчваць жыцьцё самагубствам, таму што ведаў, як і дзе рэзаць. Але прыехала б пракуратура, і давялося б усім на месцы ў ПКТ на сьвяты разьбірацца».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG