Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта было як сумоўе». Экс-палітвязень пра тое, як у калёніі прапануюць пісаць прашэньне аб памілаваньні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Былы палітвязень Сяргей вызваліўся з калёніі гэтым летам. Са словаў іншых палітвязьняў ён расказаў «Медиазоне», што з чэрвеня ў калёнію пачалі прыяжджаць пракуроры і выклікаць палітвязьняў на гутаркі, прапаноўваючы ім пісаць прашэньні аб памілаваньні.

Паводле Сяргея, у чэрвені некаторых палітвязьняў зь ягонай калёніі пачалі выклікаць «пракуроры» і размаўлялі зь імі аб памілаваньні. Спачатку гаворка ішла пра некалькіх падобных «выклікаў» і вязьні паставіліся да іх насьцярожана.

Потым, як кажа Сяргей, выклікаць на размову і ўгаворваць напісаць прашэньне аб памілаваньні сталі «масава», а аднойчы нават сабралі «на размову» каля 30 чалавек, якія стаялі на «экстрэмісцкім» прафіляктычным уліку. Сяргею такой прапановы не паступіла, але ён меў зносіны зь некалькімі вязьнямі, якія былі на такой сустрэчы.

«Тыя, хто там быў, расказалі, што гэта было як сумоўе. Прыяжджае „сур’ёзны дзядзька міліцыянэр“, глядзіць тваю справу, задае пытаньні аб справе, аб тваім „злачынстве“. Ты камэнтуеш свае ўчынкі, чаму зрабіў так ці інакш, чаму напісаў камэнтар ці выходзіў на пратэсты. Па выніках гэтай размовы ён вырашае, варта табе выйсьці раней ці не», — кажа Сяргей.

Паводле яго, тым палітвязьням, каму прапаноўвалі зьвярнуцца з прашэньнем аб памілаваньні, заставалася сядзець менш за год. Ні ў кога з тых, з кім меў зносіны Сяргей, не было «асаблівых праблемаў са здароўем».

Таксама была інфармацыя, што найперш выклікалі і прапаноўвалі напісаць прашэньне тым, хто прызнаў віну ў судзе, адзначыў палітвязень.

Як расказаў Сяргей, само прашэньне выглядала наступным чынам:

«Гэта ня нейкі там афіцыйны блянк з зацьверджаным тэкстам, а проста „я, такі, падтрымліваю канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, дзейную ўладу і далей законы парушаць ня буду“, нешта такое. Гэта ня тое прашэньне аб памілаваньні, калі трэба напісаць аўтабіяграфію, узяць характарыстыку ў начальніка атраду і яшчэ кучу дакумэнтаў. І чакаць потым паўгода».

Паводле Сяргея, «большасьць пагаджалася», але былі і тыя, хто адмаўляўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Былы палітвязень кажа, што ня чуў пра нейкі ціск ці пагрозы ў выпадку адмовы пісаць прашэньне.

Памілаваных пасьля прашэньня адпускалі раптоўна, каб не прыцягваць да гэтага ўвагу, адзначае палітвязень.

Беларус дакладна ня ведае, колькі людзей адпусьцілі праз такую працэдуру з калёніі, дзе ён быў, але мяркуе, што гаворка можа ісьці пра пяць ці шэсьць чалавек.

  • На пачатку ліпеня праваабаронцы паведамілі пра вызваленьне 18 палітвязьняў. Адзін зь іх — асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Пасьля стала вядома пра выхад на волю Дар’і Лосік, Тамары Астрэйкі, Сьвятланы Лупач, Кацярыны Мадзянковай і Паліны Палавінкі.
  • 16 жніўня Аляксандар Лукашэнка сёньня падпісаў Указ аб памілаваньні 30 асобаў, асуджаных «за злачынствы пратэставай накіраванасьці». У паведамленьні гаворыцца, што ў ліку памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні, таксама сярод іх ёсьць пэнсіянэры.
  • Апошнімі днямі праваабаронцы атрымліваюць сьведчаньні, што палітвязьняў масава прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Гэта адбываецца ў розных месцах няволі па ўсёй краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG