Запытайся ў Дубаўца. Пра пазбаўленьне Ціханоўскай статусу нацыянальнай лідэркі, беларускі мэнталітэт і праўладных спартоўцаў

25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Лукашэнкава газэта назвала крытыка рэжыму «обыкновенный подонок». Ці гэта карэктны выраз?

— Выраз некарэктны для прафэсійнай журналістыкі. «Подонок» — гэта лаянка, якая ніяк не характарызуе таго, пра каго так кажуць, але вызначае газэту як выданьне нізкага стылю. У другім значэньні «подонок» — дэклясаваны элемэнт, чаго, напэўна, ня скажаш пра крытыка рэжыму. Да таго ж «подонок» ня можа быць «обыкновенным», калі ён выклікае такую нэрвозную рэакцыю.

— Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў заявіла, што «ў мэнталітэце беларусаў тыя беларусы, якія жывуць за межамі краіны, — яны не беларусы, і мы іх ня чуем». Ці гэта праўда пра беларускі мэнталітэт?

— У карціне сьвету гэтай жанчыны не хапае яшчэ адной групы — тых тысяч беларусаў, якія за свае погляды сядзяць у турмах. Зразумела, чаму «мы іх ня чуем». Як і тых соцень тысяч, якія ня ў турмах толькі таму, што зьехалі з краіны. Іх голас, іх СМІ ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі». «Мы іх ня чуем», бо баімся слухаць. Гаворка не пра беларускі мэнталітэт, а пра абмежаванасьць дэпутаткі яе службовым становішчам.

— Лукашэнка зноў заявіў, што беларусы нічым не адрозьніваюцца ад расейцаў. Можа, ён усё ж мае рацыю?

— Заява пазбаўленая сэнсу і адлюстроўвае эмацыйнае непрыязнае стаўленьне прамоўцы да беларускай нацыі («народца»). Расейцы звычайна не разумеюць беларускай мовы і ніколі ня ведалі прымусовай беларусіфікацыі. Ужо толькі гэта на ўсіх узроўнях жыцьця адрозьнівае іх ад беларусаў, якія 200 гадоў жывуць пад жорсткім прэсынгам русыфікатарскай палітыкі.

Адметнасьць — найвялікшая каштоўнасьць кожнае нацыі, а імкненьне нівэляваць яе — найвялікшае злачынства супраць нацыі.

— Як вы ставіцеся да прапановы пазбавіць Ціханоўскую статусу нацыянальнай лідэркі?

— Думаю, што наша апазыцыя ня ўмее бачыць уласныя актывы і распараджацца імі. Ціханоўская, безь перабольшаньня, падарунак лёсу, і безь яе прадстаўнічае ролі не было б і ня будзе дэмакратычнага руху ў эміграцыі. Яна тут — галоўны актыў, які ўвасабляе суб’ектнасьць беларускай нацыі ў супрацьстаяньні з прарасейскім рэжымам. Нават абсурднае параўнаньне яе з Лукашэнкам сьведчыць пра яе палітычную вагу, а не пра дыктатарскія замашкі.

Зьмяняльнасьць улады — безумоўны прынцып, але да ўлады яшчэ трэба прыйсьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». За і супраць новых выбараў дэмакратычнага лідэра — спрэчка Лябедзькі і Ягорава

— Не магу сябе назваць ні «ўцекачом», ні «выгнанцам». Якая была б дакладная назва для часовага эмігранта?

— Названыя словы напраўду не адлюстроўваюць нацыянальнага маштабу зьявы і могуць гучаць прыніжальна для чалавека. Уцякаць можна і ад камара, а выганяе з краіны нехта іншы, ня ты сам сябе. У Першую сусьветную вайну падобны працэс у Беларусі называлі бежанствам, а людзей бежанцамі. Народ масава пакідаў радзіму перад наступам глябальнага зла — вайны. Зь іншага боку, бежанства тады стала адным з асяродкаў самаарганізацыі беларусаў. Напэўна, гэтая назва больш пасуе, хоць «падабацца» тут ня будзе ніякая назва.

— Чаму спалучэньне чырвонага і зялёнага колераў называюць неэстэтычным?

— Яно можа быць як прыгожым (рэдка), так і пачварным. Усё залежыць ад адценьняў. Скажам, бела-чырвона-белы сьцяг у гэтым сэнсе амаль не патрабавальны і заўсёды прыгожы. А чырвона-зялёны, калі яго ляпіць дзе толькі можна, хутка страчвае патрэбныя адценьні, нават калі яны і былі ад пачатку. І замест гармоніі атрымліваецца брыда.

Ёсьць толькі адзін верш, у якім апяваецца густоўнае спалучэньне гэтых колераў:

«О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цьвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобылем не зарасьцеш».

(Уладзімер Дубоўка, 1925)

— Звычайна да прыезду дыктатара ўсё вылізваюць. Адкуль бяруцца закарэлыя каровы?

— Тут, як кажуць, сакрэт на ўвесь сьвет. Сапраўды, няма чыноўніка, які б насьмеліўся паказаць правіцелю такую фэрму. Цяжка ўявіць і нейкіх выведнікаў-даносчыкаў, якія б знаходзілі такія фэрмы — затратная, а пры тым дробязная мэта.

На маю думку, усё выглядае так. Лукашэнку закарцела выступіць у тэлевізары з прачуханкай, каб паказаць сваю «прэзыдэнцкую баяздольнасьць». Самы экстраны спосаб — зрабіць гэта, стоячы пры закарэлых азадках кароваў. Не зьдзіўлюся, што, каб не вышукваць аж настолькі занядбаных жывёлаў, ім папросту накладаюць «грым».

— Даносчыкі, якія кідаюцца на ўсё беларускае, — наколькі яны небясьпечныя для нашай краіны?

— У іх у галаве перакулены сьвет. Навошта перасяляцца з Расеі ў Беларусь, каб тут рабіць Расею? Быццам самой Расеі няма ці яе мала. Другой Беларусі на сьвеце дакладна няма, і яна каштоўная якраз сваёй самабытнасьцю. Па сутнасьці, гэта гібрыдныя дывэрсанты, якія ўсё ператвараюць у пагромлены Данбас.

Небясьпеку яны нясуць тады, калі іх фінансуе Расея. Калі ж яны робяць даносы «по зову души», дык шкоду нясуць хіба што грамадзкай атмасфэры. Як кажа расейская прымаўка, «в чужой монастырь со своим уставом не суйся».

— Калі спартовец падпісаў ліст «за Лукашэнку», ці значыць гэта, што ён — праўладны?

— Думаю, ягоны подпіс — голая фармальнасьць, якой патрабуе крывадушная сыстэма. Так было ў савецкія часы, калі членства ў КПСС давала магчымасьць рэалізавацца ў прафэсіі, але зусім не абавязкова сьведчыла пра камуністычныя погляды. Чалавек можа хлусіць сыстэме, але заставацца шчырым у адносінах да жыцьця, працы і іншых людзей. Праўладнасьць спартоўца можа выяўляцца ў чым заўгодна, толькі ня ў спорце.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Запытайся ў Дубаўца. Пра нацыяналізм, прэзыдэнцкія выбары 1994 году і расейскую літаратуруЗапытайся ў Дубаўца. Пра раскол у Каардынацыйнай радзе, «рэканструкцыю генацыду» на «лініі Сталіна» і збор твораў Лукашэнкі Запытайся ў Дубаўца. Пра выбары ў Каардынацыйную раду, чаму Лукашэнка не спыняе «мігранцкі крызіс» і ці верыў Быкаў у БогаЗапытайся ў Дубаўца. Ці ўласьцівая беларусам русафобія, пра «парадак на могілках» у парлямэнце і чаму за заклікі да міру саджаюць у турмуЗапытайся ў Дубаўца. Пра «ваенна-патрыятычнае выхаваньне» дзяцей, абразы прапагандыстаў і нападкі на Алексіевіч у РасеіЗапытайся ў Дубаўца. Як беларускае грамадзтва дапусьціла цяперашні тэрор і ці варта спрачацца з прапагандыстаміЗапытайся ў Дубаўца. Пра беларускую лацінку, адзіную дзяржаўную мову і адрозьненьне савецкай беларушчыны ад несавецкайЗапытайся ў Дубаўца. Пра агентаў рэжыму ў асяродках эмігрантаў, першы суд над нябожчыкам у Беларусі і будучыню дзяржаўнай сымболікіЗапытайся ў Дубаўца. Пра затрыманьне музыкаў Nizkiz, «беларускую пятую калёну» ў Літве і што адказваць на «Чаму ты гаворыш па-беларуску?»Запытайся ў Дубаўца. Як ставіцца да назвы «Белоруссия» і чаму беларусы параўноўваюць сябе з расейцамі, а расейцы — неЗапытайся ў Дубаўца. Пра чалавека году-2023, у чым сакрэт папулярнасьці Караткевіча і чым беларусы адрозьніваюцца ад расейцаўЗапытайся ў Дубаўца. Навошта байкатаваць выбары-2024 і як выйшла, што антываенная пазыцыя ў Беларусі стала злачынствамЗапытайся ў Дубаўца. Пра асуджэньне людзей, якія застаюцца ў дзяржаўнай сыстэме Беларусі, і найлепшы канец кар'еры ЛукашэнкіЗапытайся ў Дубаўца. Ці магчымы сёньня байкот выбараў у Беларусі і ці правільна нацыянальную сымболіку называць пратэставайЗапытайся ў Дубаўца. Ці быў у вайну генацыд беларускага народу і ці магчыма перамагчы карупцыю ў Беларусі