Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра «ваенна-патрыятычнае выхаваньне» дзяцей, абразы прапагандыстаў і нападкі на Алексіевіч у Расеі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці ня зробіць «ваенна-патрыятычнае выхаваньне» з нашых дзяцей зомбі?

— Гэта як паралельная прастора — расейскі мілітарызм, цалкам пазбаўлены высакародзтва. Трэба верыць у мэнтальнае здароўе і крытычны розум беларусаў, якіх немагчыма ў масе сваёй ператварыць у хунвэйбінаў (няма гістарычнага прэцэдэнту) і якія на генэтычным узроўні адчуваюць, што для іх сваё, а што чужое.

Так было ў савецкім камсамоле, да якога большасьць беларусаў належала, але ня ўдзельнічала, а многія ставіліся цынічна. Так і гэтая мілітарызацыя — пустая трата часу і рэсурсаў, якая калісьці дасьць адваротны зададзенаму вынік.

— Чаму прапагандысты зь дзяржаўных СМІ дазваляюць сабе абражаць людзей?

— Прычына банальная — «у сілы права». Пакуль за імі стаяць узброеныя губазікі, яны перакананыя, што можна разьвязаць язык. Пагатоў па-іншаму аргумэнтаваць сваю пазыцыю яны ня ўмеюць. Маюць праблемы з выхаваньнем, адукацыяй, і як вынік — з аўтарытэтам, тым, што называецца вагою слова. А яшчэ маюць праблему зь беспакаранасьцю, бо не разумеюць, што так ня будзе вечна. Аднойчы гадзіньнік праб’е 12, і ператварэньне карэты ў гарбуз стане для іх пэрсанальнай катастрофай.

— Калі скончыцца гэты бессэнсоўны перасьлед нацыянальнай сымболікі?

— Гэта вайна з памяцьцю людзей пра тыя тры гады (1991-94) свабоднай і несавецкай, нелукашэнкаўскай Беларусі, калі нацыянальная сымболіка была дзяржаўнай.

З такой самай заўзятасьцю ў свой час імкнуліся выкрасьліць з народнай памяці, напрыклад, злачынствы сталінізму. Але аказалася, што сілай «забыць» гісторыю можна хіба што на час. І як забыцьцё масавых рэпрэсій 1930-х скончылася з сыходам Сталіна, так і перасьлед сымболікі скончыцца з сыходам Лукашэнкі. Па вялікім рахунку, гэты перасьлед пэрсанальна патрэбны толькі яму.

— Ці праўда, што 100-гадовы юбілей народнага пісьменьніка Васіля Быкава сёлета будзе адзначацца ў эміграцыі, а не ў Беларусі?

— У Беларусі цяпер жывуць паводле Быкава, там ужывую ставяцца ягоныя сюжэты экзыстэнцыйнага выбару чалавека ў часе вайны, калі месца для пазытыўнага рашэньня папросту няма. Улады не парупіліся ні пра вуліцу імя пісьменьніка, ні пра помнік яму.

Думаю, калі б людзі болей чыталі Быкава, да паўтарэньня тых страшных ваенных сюжэтаў не дайшло б. Толькі моцна забытыя беды маюць уласьцівасьць зноў нагадваць пра сябе.

— Ці варта будзе ў лепшыя часы вярнуць у афіцыйную беларускую мову ранейшыя словы, напрыклад, «места» замест «горад»?

— Калі лепшыя часы — гэта часы аднаўленьня справядлівасьці, дык варта будзе з улікам моўнай гармоніі дыстанцыяваць беларускую мову, што была гвалтам «набліжаная» да расейскай яшчэ ў 1933-м годзе (калі камуністы расстралялі ўсіх мовазнаўцаў), і ў часы Лукашэнкі, калі зьявіліся такія словы-салапякі, як «аграгарадок» на месцы нашага спрадвечнага мястэчка.

Трэба будзе аддаць належнае і Францішку Багушэвічу, які пісаў: «Не люблю я места (па-расейску — горад). Надта там цяснота і вялікі сморад».

— Чаму ў народзе кажуць «прыйшло КГБ», калі гэта камітэт — ён? НКВД, ЧК — тое самае?

— Той выпадак, калі карабель паплыў ня так, як яго назвалі. КГБ успрымаецца не як установа, а як зьява, што прыносіць ліха, зло, нешта самае страшнае і непапраўнае. Таму «яно». Палітычная паліцыя не ўвайшла ў сьвядомасьць людзей нічым карысным, стваральным, пазытыўным, толькі горам. Яно і не было разьлічанае ні на што станоўчае: то чырвоны тэрор, то сталінскія рэпрэсіі, то цяперашні перасьлед ні ў чым не вінаватых людзей.

— Маю непрыемнае адчуваньне, што жыцьцё пастаўленае на паўзу. І ўсе чакаюць нейкага зруху да лепшага ці да горшага. Што з гэтым рабіць?

— Чакаць невядомасьці — дэструктыўны занятак. Жыцьцё на паўзе тады, калі ты сам не рэалізуеш свае памкненьні, а ўсё адбываецца, як адбываецца. Многія людзі ў такім стане ратуюцца творчасьцю. Нехта выстаўляе ў сеціва фоткі. Нехта вядзе дзёньнік, апісвае свой дзень і свае думкі. Можна вывучаць мовы ці нават проста чытаць кнігі. Тут ужо ты сам бярэш жыцьцё ў свае рукі, «кіруеш працэсам», і адчуваньне паўзы зьнікае.

— Чаму расейскі патрыярх Кірыл кажа, што Беларусь «належыць Усходу»?

— На ўсходзе ў нас Расея і, каб адкрыта не выказваць тэрытарыяльных прэтэнзіяў, патрыярх закамуфляваў іх пад Усход. Між тым нідзе ў беларускай культуры вы ня знойдзеце пацьверджаньня такога тэзысу. Беларусь, як ідэя, як краіна, як культура заўсёды належала Эўропе і рэалізавалася як эўрапейская зьява. Усе цывілізацыйныя даброты прыходзілі і прыходзяць да нас з Захаду. З Усходу калі што карыснае і прыходзіць, дык толькі сыравіна.

— Чаму ў Расеі зноў нападаюць на Сьвятлану Алексіевіч?

— Па-мойму, так было заўсёды. У сваіх кнігах Алексіевіч дакумэнтуе цёмныя і страшныя праявы расейскага/савецкага жыцьця і расейскага/савецкага чалавека. Чалавек чытае гэтыя страхі і раптам пазнае сябе і сваё жыцьцё, якое яно ёсьць. Чалавек перажывае фрустрацыю. А паколькі жыць неяк інакш ён ня ўмее і зьмяніць нешта ня можа («ніколі добра не жылі, ня трэба і пачынаць»), дык усю віну за свой марны лёс звальвае на люстэрка, то бок на кнігі Алексіевіч.

На Захадзе, там, дзе жывуць па-іншаму, успрымаюць гэтыя кнігі як папярэджаньне, за што і цэняць пісьменьніцу.

— Чаму за час праўленьня Лукашэнкі і Пуціна тэракты адбываліся толькі ў Беларусі і Расеі, а ў іншых краінах рэгіёну нічога такога не было?

— Прычына ў аўтарытарным характары ўлады, якая выкарыстоўвае такія здарэньні для застрашваньня ці мабілізацыі, ці нейкіх іншых сваіх мэтаў. Таму афіцыйнае раскрыцьцё такога злачынства ніколі не выклікае ўсіхнага даверу. У іншых нашых суседзяў характар улады іншы, апроч таго, ёсьць зьмяняльнасьць і рэальныя выбары кіраўнікоў.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG