Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Ці быў у вайну генацыд беларускага народу і ці магчыма перамагчы карупцыю ў Беларусі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці быў у вайну генацыд беларускага народу?

— Нямецкія акупанты праводзілі ў Беларусі Галакост габрэйскага народу — татальнае забойства людзей толькі за тое, што яны габрэі. Немцы не забівалі беларусаў і не зьнявольвалі іх у канцлягер толькі за тое, што яны беларусы, як гэта часьцяком адбываецца сёньня.

Гітлераўцы палілі беларускія вёскі і расстрэльвалі людзей у адказ на акцыі савецкіх дывэрсантаў, вывозілі беларусаў на працу ў Нямеччыну... Пры тым у Беларусі працавалі беларускія школы, цывільная адміністрацыя, грамадзкія арганізацыі, якія сёньня зьнішчаныя дазваньня.

— Чаму зьніклі «знакамітыя» сэлектарныя нарады Лукашэнкі?

— Тыя нарады гучалі з радыёкропак у кожнай вясковай хаце і былі разьлічаныя найперш на сялян — стваралі ілюзію, што «дырэктар працуе». Гараджане мусілі атрымаць уражаньне адкрытасьці ўлады для народа. Пасьля зьніклі радыёкропкі, а за імі і сялянства як кляса. Вынікі «працы дырэктара» не выклікалі найменшага аптымізму.

Улада канчаткова закрылася ад людзей, зьдзекліва паказваючы ім то прыгажунь на кавуновым полі, то дзіўныя галаўныя ўборы правіцеля, то сабаку на абедным стале. У ілюзіі зьнікла патрэба, дый сама ілюзія зьнікла, саступіўшы месца канцлягерам і турмам.

— Ці магчыма ў Беларусі перамагчы карупцыю?

— Гэта як у калгасе спыніць крадзеж калгаснай маёмасьці — галоўны інструмэнт палітыкі старшыні: негалосны дазвол падкрадаць у абмен на ляяльнасьць, накапленьне кампрамату на кожнага, каб пры патрэбе кожнага можна было пасадзіць.

Урэшце сам гэты рэжым і ёсьць увасабленьне карупцыі. Перамагчы яе можна будзе толькі тады, калі будзе сьцьверджаны базавы прынцып жыцьця грамадзтва: не рабіць нікому наўмыснага зла. Цяпер жа рабленьне зла закладзенае ў аснову дзейнасьці нашага «калгасу».

— Навошта рэжым разбурае краіну, якую сам, нібыта, і стварыў?

— Насамрэч рэжым нічога не стварыў, апроч рэпрэсій. Краіну стварылі беларусы. На нейкі час рэжым «адпусьціў лейцы», бо такая была яго стратэгія ўтрыманьня ўлады. Яе яшчэ называлі «сацыяльнай дамовай». Рабіце што хочаце, толькі ня думайце пра рэальныя выбары і зьмену правіцеля. І людзі пачалі рабіць зь Беларусі прывабную краіну для жыцьця, пакуль не зразумелі, што самае непрывабнае ў гэтай краіне — рэжым. Тады правіцель зьмяніў стратэгію і да канца «зацягнуў лейцы».

— Чаму рэжымныя людзі рыхтуюцца да вайны, як да чагосьці добрага? Ужо і паляўнічых пацягнулі ў снайпэры...

— Самы просты адказ: бо «вайна ўсё сьпіша». Маюцца на ўвазе ўсе чынавенскія грахі.

Але ёсьць тут і глыбейшы сэнс. Я сустракаў такія надпісы на расейскіх машынах: «Добра ніколі не жылі, ня трэба і пачынаць». А чаму ня трэба? Бо ня ведаем як. Такія рэчы, як праца над сабою, перамены да лепшага, кропля камень точыць — не закладзеныя зь дзяцінства, а таму «мне не ўласьцівыя». Вайна, нібыта робіць жыцьцё прасьцейшым, бо што гэта за жыцьцё, калі кожны дзень можаш сесьці ў турму — вось пра што думае кожны рэжымны чалавек.

— Апошнім часам у прапаганду актыўна вярнулася слова «патрыятызм». Як цяпер называць сапраўдных патрыётаў Беларусі, а не рэжыму?

— Патрыятызм у разуменьні рэжыму мусіць цалкам абясцэньваць любоў да ўсяго самабытнага беларускага, а найперш нівэляваць саму асобу чалавека, яго прыватныя думкі і пачуцьці, яго памяць. У народзе трапна прыдумалі сынонім такога «патрыёта» — ябацька, а дакладны антыпод яго — проста беларус, беларуска.

— Як вы ставіцеся да абвінавачаньняў у харасмэнце?

— Вельмі асьцярожна. Такія выпадкі, калі ёсьць адпаведная скарга, мусіць расьсьледаваць аўтарытэтная і бесстароньняя камісія. Да ўлюлюканьня ў сеціве стаўлюся адмоўна, бо людзі не ідэальныя, гэта можа быць і абгавор, і модная апантанасьць. Пры гэтым цяжар абвінавачаньня часта параўнальны са сьмяротным прысудам. Хапае прыкладаў, калі кагосьці зьвінавацілі, а потым заявілі, што «нічога такога» не было. Але ж рэпутацыю ўжо ня вернеш, дакладна як ня вернеш жыцьцё пакаранаму сьмерцю.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG