— Ці праўда, што беларускую назву Вільня літоўцы ўспрымаюць як непавагу да сябе?
— Літоўцам няма справы, як і што беларусы называюць у сваёй мове. Знак павагі для іх — зварот па-літоўску.
Вільняй беларусы называюць старую сталіцу 700 гадоў. І толькі 70 гадоў таму ў беларускай мове зьявілася слова Вільнюс, якое прыйшло да нас праз расейскую мову разам з русыфікацыяй, каб адабраць памяць пра нашу гісторыю і аддаліць нас ад літоўцаў. За Вільнюсам па-беларуску зусім нічога не стаіць, у тым ліку і павагі да нас. Бо літоўцы хацелі б бачыць у нас паўнавартасную нацыю, а ня хворы на ўнутраныя разлады народ.
— Ці былі прэзыдэнцкія выбары 1994 году цалкам сумленнымі?
— Не былі, калі казаць пра ўсю кампанію са шматлікімі парушэньнямі. Што да ўласна падліку галасоў, гэта «закрытая тэма». Хоць лёгіка падказвае: адкуль узяцца «чыстаму» падліку галасоў, калі яго ні да, ні пасьля ніколі ў нашай гісторыі не было. І раптам... Разьбірацца ў гэтай справе ня хочуць з розных прычынаў: намэнклятура перайшла на службу да Лукашэнкі, апазыцыя зачараваная ілюзіяй тагачаснай беларускай дэмакратыі.
Імаверна пасьля зьнікненьня правіцеля, калі ён ужо ня будзе патрэбны нікому, нас чакае шмат сапраўдных сэнсацыяў, у тым ліку і пра тыя выбары.
— Чаму слова «езуіт» абразьлівае?
— У Беларусь такое значэньне прынесла русыфікацыя.
Пачынаючы з 16 ст. каталіцкі ордэн езуітаў стварыў у тагачаснай Беларусі ўсю сыстэму адукацыі ад школы да акадэміі. Гэта была самая перадавая эўрапейская адукацыя. У Масковію тады езуітаў не пусьцілі, бо пазьбягалі «заходніх уплываў». Маскоўскі (імпэратарскі) унівэрсытэт узьнік толькі празь дзьвесьце гадоў пасьля зьяўленьня ў Беларусі езуіцкіх калегіюмаў. Зь езуітамі ў Беларусі зьвязаная эпоха Асьветніцтва, агульная разам з усёй Эўропай, тады як у Масковіі працягвалася дэспатыя. Таму па-нашаму езуіт — хутчэй пашана.
— Чым быў небясьпечны для рэжыму мастак Алесь Пушкін?
— Алесь быў з тых людзей, якія проста вырастаюць з гэтай зямлі, як арганічная частка яе прыроды, гісторыі і культуры. Яны ня здольныя прыстасавацца, як верабей ня можа прыняць аблічча пацука, яны ня могуць думаць і гаварыць на іншай, не беларускай мове, яны, урэшце, настолькі зьнітаваныя з гэтай прыродай, што проста ня выжывуць дзесьці ў іншай краіне. Сама толькі наяўнасьць такіх людзей — гэта страшны сон «тоже русских», якія ўвасабляюць прышлую палітыку зьнішчэньня Беларусі, беларушчыны і прыродных беларусаў.
— А вы нацыяналіст? І ці гэта добра?
— У мяне няма альтэрнатывы. Як казаў Васіль Быкаў, я беларус і мая мова беларуская. Гледзячы імпэрскімі ці прарасейскімі вачыма, гэтага дастаткова, каб лічыць мяне «злодзеем-нацыяналістам».
Але, калі ўдумацца, «русскоязычный беларус» — такі самы аксюмаран, як рускамоўны літовец ці паляк. У нашым рэгіёне рускамоўным можа быць толькі расеец. Гэта нармальна, калі ўсе нацыі роўныя, і сярод іх няма вялікіх і меншых. Калі нацыяналізм — гэта дрэнна, дык справа не ў нацыяналізьме, а ў дрэнных паводзінах, якія дэталёва расьпісаныя ў Крымінальным кодэксе. Нацыяналізму там няма і ня можа быць.
— Ці можна сказаць, што на Захадзе больш цэняць расейскую літаратуру, а ў Расеі заходнюю?
— На Захадзе расейская літаратура зусім не на першым месцы, і цэняць яе найбольш як папярэджаньне і перасьцярогу: так жыць нельга. А ў Расеі заходнюю літаратуру чытаюць як недасяжную мару — пра тое, як самі жыць ня будуць ніколі.
— Кажуць, у Расеі зьбіраюцца забараніць зьвяртацца да незнаёмага чалавека словам «брат». Як такое можа быць?
— Гаворка пра мігрантаў зь Сярэдняй Азіі, якім не рэкамэндуецца так зьвяртацца. Але ж не заўсёды адрозьніш мігранта ад мясцовага. Таму парада, атрымліваецца, для ўсіх. У шырокім сэнсе гэта сымбалічны сыгнал, маўляў, Расея — па-за чалавечай цывілізацыяй, яна адкідае лёзунг францускай рэвалюцыі: «Свабода, роўнасьць, братэрства», які называе прынцыпы дзяржаўнага ладу Францускай рэспублікі. То бок Расея робіць рэгрэсіўны крок на 200-250 гадоў назад.
— Ці людзі вартыя павагі ўжо толькі за іх беларускую мову?
— Людзі ўвогуле вартыя павагі, пакуль вы ня ведаеце пра іх чагосьці, што б вашу павагу скасавала. Для мяне асабіста, калі незнаёмы чалавек гаворыць па-беларуску, ён, безумоўна, варты падвойнай павагі, бо ён ня толькі патэнцыйна добры чалавек, але і носьбіт сьветлае місіі — беларушчыны, што ў наш час і ў нашым сьвеце даецца ня так проста. Ён ужо, як мінімум, мае каштоўнасьці і прынцыпы. А далей — як складзецца. Бываюць і сярод беларускамоўных людзі, якія прымушаюць сябе не паважаць.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓ Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
Форум