Свабода атрымала адказ ад міністаркі па справах міграцыі Швэцыі Марыі Мальмэр Стэгергард. Мы цікавіліся пазыцыяй ураду Швэцыі наконт дэпартацыі беларусаў, а таксама — ці вядома яму пра тое, што дэпартацыя можа прывесьці да перасьледу, патэнцыйных катаваньняў і турэмнага зьняволеньня высланых беларусаў.
28 жніўня Радыё Свабода апублікавала гісторыю пра тое, як Швэцыя адмовіла ў прытулку беларусу, які ўдзельнічаў у пратэстах. Яго разам з маці дэпартавалі ў Беларусь 21 жніўня, дзе мужчыну адразу затрымалі. Цяпер дэпартацыя пагражае яшчэ аднаму чалавеку з гэтай сям’і, які павінен выехаць са Швэцыі да 3 верасьня.
У адказе Свабодзе міністарка па справах міграцыі Швэцыі Марыя Мальмэр Стэгергард адзначыла, што ня можа камэнтаваць асобныя выпадкі: «Рашэньні, прынятыя Швэдзкім міграцыйным агенцтвам, могуць быць абскарджаныя ў міграцыйных судах, якія разгледзяць канкрэтныя акалічнасьці. Пытаньні па канкрэтным выпадку накіроўваюцца ў Швэдзкае міграцыйнае агенцтва».
У лісьце адзначаецца, што з пачатку сваёй працы ў 2022 годзе новы швэдзкі ўрад падтрымлівае сувязі з апазыцыйным кіраўніцтвам Беларусі, якое дзейнічае ў выгнаньні, а таксама з народнай амбасадай Беларусі ў Стакгольме.
«Я ўважліва сачыла за сытуацый датычна адмовы ў прадастаўленьні прытулку грамадзянам Беларусі, і супрацоўнікі ўрадавых установаў увесь час адсочваюць гэтае пытаньне разам зь міграцыйным агенцтвам Швэцыі», — адзначыла міністарка.
Яна паведаміла, што ўстрымаецца ад камэнтароў па пытаньні дэпартацыі беларусаў, пакуль не пазнаёміцца з вынікамі юрыдычнай праверкі апрацоўкі справаў аб прытулку, якую Міграцыйнае агенцтва Швэцыі правядзе гэтай восеньню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Брат крыху супраціўляўся, на маці надзелі кайданкі». Падрабязнасьці гісторыі дэпартацыі беларусаў са Швэцыі29 жніўня намесьніца юрыдычнага кіраўніка Міграцыйнай рады Швэцыі Анна Ліндблад у інтэрвію Sverigesradio паведаміла, што Міграцыйнае агенцтва Швэцыі гэтай восеньню правядзе перагляд спраў аб прытулку зь Беларусі. «Мы ўсьведамляем гэтую інфармацыю і крытыку, якая была выказаная ў наш адрас», — заявіла Анна Ліндблад. Раней гэтую ўстанову ўжо крытыкавалі за выкарыстаньне састарэлай інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі.
5 жніўня ў Вільні на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман паведаміў, што летась больш за сто беларусаў папрасілі ў Швэцыі статусу ўцекача, а далі яго толькі тром. «Гэта не азначае, што ўсіх астатніх высылаюць у Беларусь, паколькі некаторыя абскарджваюць [судовыя рашэньні], некаторыя едуць у іншыя краіны, і гэтак далей», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў выпадак, калі для гэтага замовілі самалёт». Што рабіць, калі пагражае дэпартацыя