Паводле ААН, міжнародных мігрантаў у сьвеце больш за 300 мільёнаў чалавек. Кожны восьмы зь іх — дзіця. У Міжнародны дзень мігрантаў Свабода прыгадвае беларускіх уцекачоў.
«Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,— / На чужое неба ўжо гляджу сягоньня. / Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю, / Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю», — пісаў у 1910 годзе ў Пецярбургу будучы беларускі клясык Янка Купала.
Паводле розных падлікаў, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і найбуйнейшых у гісторыі Беларусі антыўладных пратэстаў, за якімі прыйшлі масавыя рэпрэсіі, краіну пакінулі да паўмільёна чалавек. Многія ратаваліся ад палітычнага перасьледу і пагрозы апынуцца ў зьняволеньні на гады — за ўдзел у мірных пратэстах, падпіскі на незалежныя мэдыя, ахвяраваньні фондам ці проста «няправільныя» колеры адзеньня. Нехта «рэлякаваўся» за мяжу з ІТ-кампаніямі, якія сталі згортваць бізнэс у Беларусі. Хтосьці проста ня змог жыць і гадаваць дзяцей у атмасфэры татальнага страху і кантролю ў дзяржаве, якая падтрымлівае вайсковую агрэсію Расеі супраць Украіны.
Цягам году мы расказвалі вам драматычныя і шчымлівыя гісторыі беларусаў, якія страцілі родны дом і цяпер вымушаныя будаваць новы на чужыне. Вось некаторыя зь іх.
«Усё адно я вярнуся». Гісторыя лекара, які ў 2016-м пераехаў на радзіму продкаў у Беларусь, а пасьля мусіў эміграваць у Польшчу
Міхаіл Самборскі нарадзіўся ў Сібіры, куды саветы пасьля вайны выслалі яго рэспрэсаванага дзеда. А ўжо дарослым сямейным чалавекам пераехаў на зямлю продкаў, аб чым марыў усё жыцьцё. Шчасьце мужчыны працягвалася ўсяго некалькі гадоў. Пасьля ўдзелу ў пратэстах Міхаіл трапіў у распрацоўку КДБ, і пасьля пагрозаў уцёк у Польшчу разам зь сям'ёй.
«Здарыўся цуд: нам удалося ўцячы! Падрабязнасьці пра шляхі расказваць ня буду, ехалі мы ўсе паасобку. Кансьпірацыя была вельмі сур’ёзная. Сям’я праўда ня ведала, што я пляную. Урэшце апынуліся мы ў Армэніі. Два месяцы там знаходзіліся, зрабілі гуманітарныя візы і паляцелі ў Польшчу. Сям’я зразумела, як усё было сур’ёзна, толькі калі апынулася ўжо ў бясьпецы, не ў Расеі і не ў Беларусі. Усе зразумелі, што матэрыяльны дабрабыт, кватэра — гэта нішто ў параўнаньні са свабодай і бясьпекай».
Як беларуская эмігрантка ў Польшчы, якая апякуецца дваімі ўнукамі, узяла пад апеку яшчэ двух беларускіх дзяцей
Ганна Канавалава, бабуля малых Вані і Насьці, бацькі якіх асуджаныя па палітычных артыкулах, узяла апеку яшчэ над двума беларусамі ў Польшчы.
Браты Марсэль і Тымур некаторы час таму пераехалі ў Варшаву з маці і атрымалі там міжнародную абарону. Але з прычыны кепскага сямейнага сацыяльнага становішча хлопцы апынуліся ў польскім дзіцячым доме. Адкуль іх і забрала Ганна Канавалава.
«Калі бабуля спытала, ці прымем мы двух беларусаў, мы нават ня ведалі, як яны выглядаюць, як іх завуць. Я адразу пагадзілася, таму што беларусам трэба дапамагаць. Гэта наш народ, і трэба адзін аднаму дапамагаць — гэта як адна вялікая сям’я», — кажа сямігадовая Насьця.
«Ну што, даскакалася?». Гісторыя жанчыны, якая ўцякла зь Беларусі адна з траімі дзецьмі і працуе на таксоўцы
Марыну Кіявец жорстка затрымалі ў 2022 годзе «за палітыку», пагражалі забраць дзяцей у прытулак. Муж жанчыну не падтрымаў. Беларуска ўзяла дзяцей і зьехала ў Польшчу. У 11-гадовага сына за мяжой пачаліся праблемы са здароўем, падазраюць аўтызм. Марына расказала Свабодзе, як незнаёмыя людзі дапамаглі ёй пераехаць, як яна працуе таксісткай у Беластоку і як перажывае імаверны дыягназ сына «аўтызм», які мог праявіцца на фоне стрэсу.
«Добра памятаю, як ён стаяў і з амапаўцамі сьмяяўся. Я стаю ў кайданках, на мяне накіраваныя аўтаматы, а ён сьмяецца. Калі мяне ўжо пасадзілі ў бус, двое з ГУБАЗіКу сядзелі наперадзе, збоку сядзеў адзін амапавец і ззаду чатыры. Падышоў муж да дзьверцаў і кажа: „Ну што, даскакалася?“. Для мяне гэта было жахліва».
«Мы не маглі карыстацца карткамі, тэлефонамі, аўта». Гісторыя падпольнага жыцьця Нагорнай і Случака
Моўныя актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак выехалі зь Беларусі ў Вільню. Больш за два гады яны хаваліся ад сілавікоў, зьмянілі каля дзясятка кватэр і дамоў, не карысталіся банкаўскімі карткамі і мабільнікамі.
«Мы не маглі карыстацца нічым, што належыць нам: банкаўскімі карткамі і карткамі зьніжак, тэлефонамі, машынай. Часам нават мы не маглі карыстацца сваімі імёнамі, як у лякарнях. Мы не камунікавалі з многімі людзьмі, зь якімі хацелі, бо гэта нашы відавочныя кантакты. Не наведвалі месцаў, якія хацелі наведваць. Людзі, якія нешта робяць, пад вялізнай рызыкай у Беларусі. Многія паведамлялі нам прыватна, што іх завэрбавалі. Гэта цяпер масава робіцца ў Беларусі. Кола кантактаў было абмежаванае».
«Калі прадавалі пілу, я плакала». Майстрыха драўляных цацак расказала, як вывезла рамесную справу ў іншую краіну
Гарадзенка Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская вырабляла драўляныя цацкі ў Беларусі амаль 6 гадоў і не плянавала выяжджаць зь Беларусі. Сёлета ўвесну яе мужа Аляксандра Енджэеўскага, былога актора горадзенскага тэатру лялек, звольненага ў 2021 годзе, затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы, некалькі дзён трымалі ў ізалятары. Пасьля гэтага яны сабраліся за два тыні і зьехалі ў Польшчу.
«У будаўнічых крамах я не падыходзіла і не глядзела цэны на станкі. Бо я разьвіталася са сваімі „дзяўчаткамі“ і „хлопчыкамі“ там. Я ведаю, што яны мне яшчэ доўга ня сьвецяць тут... Ад мяне адрэзалі вялізны кавалак і выкінулі як сьмецьце. Я не рабіла нічога кепскага, я рабіла якасны прадукт. Магчыма, вашыя дзеці таксама цешацца тым, што я рабіла для вас».
«Ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы». Гісторыя беларускі, якая ад каханьня села за стырно фуры
Ксенія Максімовіч у Беларусі працавала бухгальтаркай-лягісткай, яе муж — кіроўцам фуры. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, падчас рэфэрэндуму 27 лютага Ксенія і Яраслаў разам выйшлі на пратэст супраць вайны ў Менску. Сям’ю затрымалі і адправілі на Акрэсьціна на 13 дзён. Калі сужэнцы вызваліліся, то зразумелі, што заставацца ў Беларусі будзе небясьпечна. Асабліва калі ўлічыць, што яны шмат разоў выходзілі на маршы пратэсту яшчэ ў 2020-м.
«Падоўгу ня бачыць мужа — гэта вельмі цяжка. За 2022 год мы бачылі адно аднога толькі 38 дзён. І вось мы цяпер побач кожны дзень, але мне ўсё адно не хапае майго мужа. Нават калі ён сьпіць, я сумую. Бо так доўга мы ня бачыліся, што цяпер мне б той час дабраць. Мы столькі былі ў расстаньні, і толькі цяпер пачынаю насалоджвацца тым, што ён побач. Так што ў мяне добрая падтрымка, таму я і вучуся хутка».
Колькі людзей зьехала зь Беларусі пасьля 2020 году
З пачатку палітычнага крызісу зь Беларусі выехала мінімум 120 тысяч чалавек. Колькі насамрэч, ня ведае ніхто. Мы сабралі самыя сьвежыя зьвесткі пра эміграцыю зь Беларусі пасьля жніўня 2020-га па самых папулярных краінах і вызначылі, як выглядае партрэт беларускага эмігранта.