Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратару Ціханоўскага адмовілі ў палітычным прытулку ў Швэцыі. Ён баіцца дэпартацыі ў Беларусь


Сяргей Ціханоўскі і Канстанцін Сярогін, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі і Канстанцін Сярогін, архіўнае фота

Канстанціна Сярогіна затрымлівалі разам з другім апэратарам блогера Сяргея Ціханоўскага Арцёмам Сакавым. Сакава ў выніку асудзілі да 16 гадоў калёніі, а Сярогіну ўдалося пазьбегнуць крымінальнага перасьледу і зьехаць зь Беларусі.

Празь некаторы час Канстанцін Сярогін зь сям’ёй апынуліся ў Швэцыі. Ён прасіў надаць яму палітычны прытулак у сувязі зь ягоным перасьледам на Радзіме, але днямі яму адмовілі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Канстанцін вельмі хвалююецца, што яго зь сямʼёй могуць дэпартаваць у Беларусь.

«Гэта самае жудаснае, што я мог ад іх пачуць. Я вельмі гэтым узрушаны. І гэта пасьля больш 22 гадзінаў інтэрвію і масы прадстаўленых доказаў з майго боку. Справу яны пачалі разглядаць 4 сьнежня, і па сутнасьці яны прынялі рашэньне за 2 тыдні па такім вялізным і абʼёмным кейсе. Цяпер мяне і сямʼю хочуць адправіць у Беларусь», — кажа Канстанцін Сярогін.

Швэцыя неахвотна дае прытулак беларусам, якія зьехалі з краіны па палітычных прычынах. У народнай амбасадзе «Медиазоне» раней казалі, што паводле зьвестак на кастрычнік 2023 году, сёлета Швэцыя адмовіла ў палітычным прытулку 62 з 67 беларусаў, а ў 2022 годзе — 138 са 141 беларусаў, якія прасілі прытулку.

  • Канстанцін Сярогін далучыўся да выбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага вясной 2020 году. Месяцы працы ў камандзе «Краіна для жыцьця» ў 2020 годзе заўсёды суправаджаліся перасьледамі і запалохваньнямі, узгадваў Сярогін.
  • 8 траўня 2020 году Сярогіна затрымалі і пры затрыманьні зьбілі, у выніку хуткая забрала яго ў лякарню, дзе ён прабыў да 13 траўня. Пасьля выпіскі яго адразу ж павезьлі ў суд, дзе прысудзілі трое сутак арышту.
  • Увечары 31 траўня яго з Арцёмам Сакавым зноў затрымалі. У выніку празь нейкі час Сярогіна выпусьцілі, а Сакаў застаўся сядзець. Пасьля гэтага Сярогіна шукаў участковы і прасіў прыйсьці для дачы паказаньняў па невядомай справе, але ён доўгі час хаваўся па розных кватэрах.
  • Да кастрычніка 2021 году Канстанцін Сярогін заставаўся ў Беларусі, але пасьля таго, як пачалі працэс па пазбаўленьні бацькоўскіх правоў, ён зь сям’ёй выехаў зь Беларусі.
  • Па выніках закрытага суда, які праходзіў наўпрост у будынку гомельскага СІЗА-3, 14 сьнежня 2021 году апэратару Арцёму Сакаву прысудзілі 16 гадоў узмоцненага рэжыму, блогеру Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў узмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG