Беларусы, якія шукаюць лепшай фінансавай долі за мяжой, часам трапляюць у пасткі. Нядобрасумленныя працадаўцы могуць выкарыстаць людзей ва ўласных інтарэсах ці наагул забраць дакумэнты і прымусіць працаваць за капейкі. Цяпер такія выпадкі нярэдкія ня толькі для Расеі, здараюцца яны і ў краінах Эўразьвязу. Напрыклад, у 2024 годзе некалькі СМІ паведамлялі пра тое, як беларускіх і ўкраінскіх дзяўчат трымалі ў сэксуальным рабстве ў Гішпаніі. Ім абяцалі працу ў сфэры паслуг, але ў выніку дзяўчаты трапілі ў публічны дом.
Таксама нядаўна з працоўнага рабства ў Італіі вызвалілі дзесяць беларусаў, якія працавалі за ежу на тытунёвай фабрыцы каля Міляну. Ім абяцалі заробак да 3000 эўра, але па прыбыцьці ў Італію «наймальнік» адабраў у іх тэлефоны і пашпарты і зачыніў у памяшканьні, прымушаючы працаваць.
Пэрыядычна становіцца вядома пра выпадкі, калі беларусам абяцаюць добрыя заробкі, але потым плацяць значна менш. Нядаўна пра такі выпадак стала вядома ў Літве.
У Польшчы беларусам у тэматычных чатах можна сустрэць прапановы працы кіроўцы, за якую абяцаюць добры заробак. На практыцы гэта можа азначаць удзел у нелегальных перавозках мігрантаў ад мяжы зь Беларусьсю да Нямеччыны. Многія беларусы траплялі ў такія схемы і апыналіся потым за кратамі. Напрыклад, удзельнікам такіх перавозак быў Дзьмітры Смактуновіч, якога польскія ўлады дэпартавалі ў Беларусь.
Адна зь беларусак, якая сутыкнулася зь нядобранадзейнымі працадаўцамі, пагадзілася расказаць Свабодзе пра свой досьвед. Жанчына ня хоча раскрываць імя з пытаньняў бясьпекі, яна папрасіла называць яе Надзеяй. Суразмоўца расказала, як хадзіла ўладкоўвацца на працу мэнэджарам, а трапіла да тых, хто пабудаваў бізнэс на зборы грошай нібыта для хворых украінскіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ выкрылі інтэрнэт-плятформы, дзе ўкраінскіх уцекачоў хацелі прадаваць у сэксуальную ці працоўную няволю8 тысяч злотых
Надзея жыве ў Польшчы, куды пераехала пасьля палітычнага перасьледу ў Беларусі. Нейкі час пасьля пераезду яна працавала на дастаўцы і на складзе. Прызнаецца, што склад «выматаў усю душу». Па словах суразмоўцы, працоўныя зьмены здараліся і ўдзень, і ўначы. Надзея не высыпалася, плацілі ня так шмат. У выніку яна вырашыла пашукаць новую працу на папулярным у Польшчы сэрвісе Olx.pl. Там убачыла абвестку аб працу мэнэджаркай. Абяцалі ўзяць бяз досьведу, з магчымасьцю навучаньня і кар’ернага росту. Заробак — ад 4500 злотых да 8000 (прыкладна ад 1 да 1,6 тысячы даляраў).
Надзея расказвае, што патэлефанавала на пазначаны нумар, ёй прызначылі сустрэчу на наступны дзень. Па яе словах, офіс выглядаў даволі прыстойна, знаходзіўся ў цэнтры гораду. Але ніякіх шыльдаў на ім не было, як звонку, так і ўнутры. Там сядзелі людзі, якія таксама чакалі гутаркі з дырэктарам. У асноўным, па назіраньнях Надзеі, гэта былі такія ж, як і яна, маладыя людзі, узростам 22–28 гадоў.
Перад размовай Надзею папрасілі запоўніць анкету — пашпартныя зьвесткі, тэлефон, адрас. Дырэктар, па яе словах, выглядаў рэспэктабэльна — у белай кашулі, гарнітуры, валодаў пэўнай харызмай.
«Ён пачаў гутарку на польскай мове, затым спытаўся, ці ведаю я расейскую, і перайшоў на яе. Прызнаўся, што ён сам украінец. Гэта было падобна і па акцэнце. Ніякіх падрабязнасьцяў аб працы не выдаваў, як я не пыталася. Больш выведваў пра мяне. Так „па-сяброўску“, даверліва. Адкуль я, што я ўмею і гэтак далей. Сказаў, што першы этап я прайшла, і папрасіў чакаць на калідоры», — расказала Надзея.
Беларуска кажа, што праз пэўны час той жа чалавек павіншаваў яе. Маўляў, прайшла на другі этап, і паведаміў, што ў офісе акурат працуе мэнэджарам беларус, які можа ўсяму навучыць. Суайчыньнік запытаўся ў Надзеі, ці ня мае яна алергіі на плястык, і паказаў плястыкавую скрынку. Як высьветлілася, сутнасьць працы была ў тым, каб хадзіць па вуліцах і прасіць у людзей грошы на хворых украінскіх дзяцей.
«Гэта мне здалося як мінімум, мякка кажучы, некультурна. Чапляцца на вуліцы да незнаёмых. Як максымум — ганебна проста. Зарабляць на хворых дзецях, прыкрываючыся вайной ва Ўкраіне. Ды я так і не дабілася адказу, ці існуюць гэтыя дзеці ў рэальнасьці», — успамінае Надзея.
Яна кажа, што адразу хацела адмовіцца ад такой працы, але зь цікаўнасьці вырашыла застацца. Прынцыпы працы тлумачыў усё той жа чалавек, які прадставіўся беларусам: быць заўсёды «на пазытыве», заўсёды ўсьміхацца людзям, не казаць: «Ці хочаце вы ахвяраваць грошы?», а казаць адразу: «У вас гатоўка ці картка?». Як аказалася, мабільны апарат для аплаты карткай яны таксама мелі.
«Мэнэджар» пахваліўся мне, што добра зарабляе, але які канкрэтна працэнт яны бяруць сабе з такіх збораў, не казаў. Ён чапляўся да ўсіх — бабулек, жанчын і нават да дзяцей. Мне было агідна гэта. Я так яму і сказала: «Чаго ты дзяцей чапаеш?». Ён адказаў, што «мы мусім да ўсіх падыходзіць», — расказвае суразмоўца.
Надзея гаворыць, што «мэнэджар» выкарыстоўваў розныя хітрыкі ў размовах зь людзьмі. Напрыклад, нагадваў пра патрыятызм і прасіў у людзей грошы на рэабілітацыю хворага хлопчыка, які марыць гуляць у футбол, як Левандоўскі (вядомы польскі футбаліст. — РС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы апублікавалі відэа зь меркаваным вэрбаваньнем беларускімі службамі «кур’ераў» для перавозкі мігрантаў50% нэўтральна, 50% агрэсіўна
Надзея кажа, што пакуль «мэнэджар» намагаўся сабраць грошы, прапанаваў ёй весьці статыстыку: колькі людзей паставіліся да просьбы пазытыўна, колькі нэгатыўна ці нэўтральна. Па назіраньнях і запісах беларускі, нэгатыўна ўспрымалі просьбу ахвяраваць сродкі каля 50%, 50% рэагавалі нэўтральна. Некаторыя, кажа дзяўчына, нават крычалі: «Валіце адсюль!».
«Быў момант, што падышла жанчына. Па выглядзе ці чыноўніца, ці з паліцыі. Яна папрасіла паказаць паперы на „хворага хлопчыка“. Я так убачыла, што ўсе дакумэнты, хутчэй за ўсё, у іх у парадку. Бо „мэнэджар“ казаў, што палякі часам і паліцыю на іх выклікаюць. Але ў іх нібыта няма да чаго прычапіцца, усё „легальна“», — кажа Надзея.
Паводле яе, «мэнэджар» быў матываваным, выдрэсіраваным і вельмі стараўся сабраць як мага больш ахвяраваньняў. За той час, што яны прапрацавалі разам, яму ўдалося сабраць каля 200-300 злотых гатоўкай, ня лічачы пераводаў карткамі.
У канцы дня Надзеі прапанавалі прайсьці тэст, што азначала перапісаць ад рукі правілы: працаваць 8 гадзін са 100% аддачай і толькі на сваёй вызначанай тэрыторыі.
«Мяне нібыта прынялі. На заўтра я мусіла выйсьці на працу, але, вядома, я нікуды не пайшла і ня брала слухаўку. Ня думаю, што гэта ўвогуле легальна. Але яно і не этычна, і наагул можа быць злачыннасьцю. Ад знаёмых даведалася, што гэта не адзіны такі офіс у горадзе. Я сама часта бачу на вуліцах такіх «валянтэраў».
«Зьвяртайцеся да праваабаронцаў, у дыяспары, у прафсаюзы»
Праваабаронца Леанід Судаленка ў камэнтары Свабодзе раіць пры праблемах зь нядобрасумленнымі працадаўцамі зьвяртацца да дыяспары, да прафсаюзаў, якіх дастаткова ў розных краінах. А таксама да беларускіх праваабаронцаў.
«Што тычыцца эканамічных, сацыяльных правоў чалавека, то не выпадае казаць, што ёсьць такі адзіны цэнтар. Але калі да мяне ці да „Вясны“ зьвернецца беларус з праблемай, то мы не адмовім у дапамозе. Калі самі не дапаможам, то накіруем куды трэба, дамо параду. Да мяне працягваюць зьвяртацца людзі, якія цяпер у Беларусі. Напрыклад, жанчына знайшла мой нумар у Viber і паскардзілася, што ў яе суседка выгульвае сабаку без павадка. Яна нават ня ведала, што я адсядзеў за палітыку і выехаў з краіны», — расказаў праваабаронца.
Паводле яго, беларусы ў эміграцыі зьвяртаюцца да праваабаронцаў ня толькі ў пытаньнях палітычных зьняволеньняў, хоць гэта прыярытэт для той жа «Вясны». Людзі часта просяць дапамагчы разабрацца ў міграцыйных пытаньнях, уладкаваньні дзяцей у замежныя школы.
«Мы нікому не адмаўляем», — кажа Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя працы: 50 мільёнаў чалавек у сьвеце знаходзяцца ў рабстве