Супрацоўнікі польскага Падляскага памежнага атраду атрымалі доступ да кадраў, на якіх паказаны працэс вэрбаваньня так званых «кур’ераў» беларускімі службамі.
На апублікаваным відэакадрах чуваць голас мужчыны, які дае інструкцыі суразмоўцу.
«Пасьля таго, як мы з табой дамовіліся аб супрацоўніцтве, я скідаю табе лякацыю, — кажа чалавек на відэа. — Лякацыя, калі браць Польшчу, то яна ўвогуле бывае бліжэй да Беластока. Гэта можа быць лясістая мясцовасьць або сельскія дарогі — заўсёды ўсё па-рознаму. Пасьля таго, як ты загрузіў людзей, мне неабходна, каб ты скінуў відэа аб тым, што людзі ў цябе ў машыне і зь імі ўсё добра. Пасьля праведзенага маршруту, 7-8 гадзін шляху, ты прыяжджаеш на пункт выгрузкі. Пункт выгрузкі ў нас звычайна ідзе пад мяжой з Нямеччынай».
Паводле слоў «інструктара», прапанаваная праца «нелегальная». Ён удакладніў, што колькасьць людзей, якіх можна правезьці ў машыне, можа быць рознай, звычайна бяруць ад 5 чалавек. Выкарыстоўваць пры гэтым можна і арандаваную машыну.
«Мне галоўнае, каб ты давоз людзей з пункту А ў пункт Б. Ці ёсьць у людзей з сабой дакумэнты? Не, у іх дакумэнтаў з сабой няма, яны знаходзяцца на тэрыторыі Эўразьвязу нелегальна. Якая цана? Цана заўсёды плавае, стабільнай цаны няма. Яна залежыць, па якой краіне ты возіш людзей і таксама ад сэзону. У сэзон цана складае прыкладна 600-700 эўра за аднаго чалавека», — паведаміў мужчына суразмоўцу.
У польскай Памежнай службе заяўляюць, што запіс зьяўляецца чарговым пацьвярджэньнем незаконнасьці працэдуры перасячэньня польска-беларускай мяжы, якая «штучна правакуецца і кіруецца беларускімі службамі у спрацоўніцтве з злачыннымі групоўкамі». У ведамстве адзначылі, што «гэта надзвычай прыбытковы нелегальны бізнэс», як для арганізатараў, так і для беларускіх службаў.
Па інфармацыі польскага боку, арганізатары вымушаныя шукаць новыя мэтады перавозкі мігрантаў у сувязі з працай польскіх службаў.
«Так званы кур’ер атрымлівае ад 500 да 700 эўра на чалавека за перавозку людзей, якія незаконна перасеклі мяжу нашай краіны», — заяўляюць у Памежнай службе Польшчы.
У ведамстве адзначылі, што памочнікаў і арганізатараў незаконнага перасячэньня мяжы супрацоўнікі Падляскага аддзяленьня затрымліваюць штодня. Сёлета затрымалі ўжо 249 чалавек, а за першыя чатыры месяцы мінулага года — 88 арганізатараў. Затрыманым курʼерам пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Супраць усіх іншаземцаў, якія легальна пражываюць у Польшчы і аказваюць дапамогу нерэгулярным мігрантам, паралельна рапачынаецца адміністрацыйнае вядзеньне для прыняцьця рашэньня, якое абавязвае іх вярнуцца ў краіну паходжаньня. Ім таксама будзе забаронены ўезд у краіны Шэнгенскай зоны на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.
Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.