Газэта The Washington Post сабрала меркаваньні экспэртаў пра тое, што трэба ведаць пра сьпёку і яе ўплыў на мігрэнь і іншыя галаўныя болі.
Ці сапраўды сьпякота выклікае галаўны боль
Экспэрты сыходзяцца на думцы, што сьпякота можа быць асноўным фактарам галаўнога болю, хоць яго пачатак можа быць вынікам камбінацыі розных фактараў навакольнага асяродзьдзя.
Высокія тэмпэратуры часта суправаджаюцца зьменамі атмасфэрнага ціску, прамым узьдзеяньнем сонца і вільготнасьцю, і ўсё гэта можа справакаваць галаўны боль у тых, хто пакутуе на мігрэнь.
«Мозг, які пакутуе на мігрэнь, ня любіць зьменлівасьці, — кажа нэўроляг, дырэктар Цэнтру галаўнога болю ў клініцы MedStar Georgetown Джэсіка Айлані. — Мозг хоча, каб вы спалі ў адзін і той жа час і елі адно і тое ж. Таму вялікія перапады тэмпэратуры і надвор’я ня вельмі добра спалучаюцца зь мігрэньню».
Экспэрты ня ведаюць дакладнага мэханізму, як сьпякота выклікае галаўны боль. Вядома, напрыклад, што моцнае абязводжваньне прыводзіць да сьцісканьня мозгу і напінаньня крывяносных судзінаў, што можа выклікаць фізычны боль.
У крайніх выпадках сьпякота можа паўплываць на функцыю нэўронаў мозгу. Зьмена функцыі клетак прыводзіць да павышэньня актыўнасьці мазгавых болевых цэнтраў.
У чым розьніца паміж галаўным болем і мігрэньню
Галаўны боль — распаўсюджаны сымптом вялікай колькасьці розных хвароб, а мігрэнь — гэта нэўралягічны стан, які выклікае галаўны боль.
«Гэта як розьніца паміж чханьнем (магчыма, алергічным) і прастудай (выкліканай вірусамі)», — мяркуе загадчык катэдры нэўралёгіі Рымскага ўнівэрсытэту Sapienza Керубіна Ды Лярэнца.
Людзі з дыягназам мігрэнь адчуваюць галаўныя болі з розных прычын, у тым ліку ад стрэсу, абязводжваньня, недахопу сну і ад сьпёкі.
Жанчыны цярпяць на мігрэнь часьцей, чым мужчыны. Мігрэнь звычайна суправаджаецца і іншымі сымптомамі, такімі як млоснасьць, стомленасьць, галавакружэньне, падвышаная адчувальнасьць да сьвятла ці гуку.
Але сьпякота, паводле мэдыкаў, наўрад ці выкліча галаўны боль у тых, хто звычайна на яго не пакутуе. Калі ж гэта адбываецца, то можа сьведчыць пра больш сур’ёзны стан арганізму, напрыклад, цеплавы ўдар. Важна распазнаць яго сымптомы як мага раней, папоўніць водны балянс і знайсьці месца, дзе можна ахаладзіцца.
Ня толькі абязводжваньне
Абязводжваньне, безумоўна, можа пагоршыць здольнасьць арганізму спраўляцца са сьпёкай, але яно не канечне спрычыняе галаўны боль пры сьпякоце, кажуць экспэрты.
Моцная сьпёка можа прывесьці да электралітнага дысбалянсу, бо арганізм губляе натрый праз выдзяленьне поту, таму важна папаўняць запасы электралітаў і вады.
Абязводжваньне цесна зьвязанае з электралітным дысбалянсам, бо вада сыходзіць усьлед за сольлю. Са стратай солі арганізму цяжэй утрымліваць ваду.
Што можна зрабіць, каб аблегчыць сымптомы
Найперш, кажуць экспэрты, ня варта проста адмахвацца і чакаць, што боль пройдзе сам.
Галаўны боль, выкліканы сьпякотай, асабліва калі вы не церпіце на мігрэнь, — прыкмета таго, што сытуацыя можа пагоршыцца. Трэба паспрабаваць астудзіцца халодным напоем або пакетам зь лёдам, пашукаць памяшканьне з кандыцыянэрам.
Трэба піць ваду і электралітныя напоі, каб дапамагчы арганізму аднавіцца. Электралітны напой вы можаце зрабіць самастойна, дадаўшы ў ваду троху солі ці лімоннага соку.
Таксама можна выкарыстоўваць стратэгію, якая звычайна дапамагае справіцца з галаўным болем. Можна, напрыклад, ляжаць у цёмным пакоі з заплюшчанымі вачыма.
Варта пазьбягаць вядомых харчовых трыгераў мігрэні (кафэін, цёмны шакаляд, цьвёрды сыр) і скараціць ужываньне алькаголю, які спрыяе абязводжваньню. Салодкія напоі таксама могуць прывесьці да страты арганізмам вадкасьці.
Што яшчэ можна зрабіць, каб у сьпёку не балела галава
Трэба пазьбягаць трэніровак на адкрытым паветры пры высокіх тэмпэратурах.
«Гэта можа здацца банальнай парадай, але амаль усе апісаныя ў літаратуры выпадкі галаўнога болю з прычыны цеплавога ўдару адбыліся ў тых, хто не выконваў гэтае правіла здаровага сэнсу, — кажа прафэсар Ды Лярэнца. — А калі вам усё ж трэба выйсьці на вуліцу, сонцаахоўныя акуляры могуць стаць карыснай прафіляктычнай мерай».
Існуе некалькі правераных і надзейных безрэцэптурных лекаў ад галаўнога болю, такіх як асьпірын ці ібупрафэн.
Пры мігрэні лекары могуць прызначаць трыптаны, якія зьвязваюцца з рэцэптарамі сэратаніну і прадухіляюць вызваленьне рэчываў, якія стымулююць нэрвовую актыўнасьць.
Новыя лекі
У Злучаных Штатах Амэрыкі нядаўна ўхвалілі новыя мэтады лячэньня мігрэні. Гэта антаганісты рэчыва ў мозгу пад назвай CGRP («пэптыд, зьвязаны з генам кальцытаніну»), якія ўзьдзейнічаюць на малекулу, што адыгрывае ролю ў галаўных болях. Новы лек пад назвай ласьмідытан, які дзейнічае аналягічна трыптанам, лічыцца больш бясьпечным для пацыентаў зь мігрэньню, кажа нэўроляг з Mayo Clinic Нараян Кісун.
Акрамя таго, існуюць прафіляктычныя мэтады лячэньня мігрэні, такія як монаклянальныя антыцелы да CGRP. Яны блякуюць дзеяньне CGRP і павінны прымацца чалавекам зь мігрэньню незалежна ад таго, баліць у яго галава ці не.
«Мы рэкамэндуем людзям зь мігрэньню, у якіх галаўны боль любога тыпу доўжыцца шэсьць і болей дзён у месяц, прымаць прафіляктычныя прэпараты, каб скараціць колькасьць такіх дзён», — кажа доктар Кісун.
Экспэрты раяць не цярпець боль і зьвяртацца да лекараў, бо гэта не безнадзейна. Існуе шмат розных лекаў і мэтодык, якія дапамогуць перажыць сьпякотныя месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці добра есьці нанач? Два адказы і парада Чаму празьмерная колькасьць кафэіну прыводзіць да бяссоньня? Простыя парады, як заснуцьАдну простую рэч вы можаце зрабіць, каб запаволіць старэньнеNew York Times: Навукоўцы не знаходзяць карысьці ў інтэрвальным галаданьніЯк змагацца з дрэнным пахам ног? Парады лекараў