Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адну простую рэч вы можаце зрабіць, каб запаволіць старэньне


Гэтая рэч — добры сон. Дастатковая колькасьць сну можа падвысіць ваша здароўе і дапаможа жыць даўжэй. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Алівія Дэлонг.

Недахоп сну сур’ёзна шкодзіць здароўю: павялічвае рызыку высокага крывянога ціску, хваробаў сэрца, дыябэту, атлусьценьня і дачаснай сьмерці. Вось сем пераваг для здароўя ад нармальнай працягласьці сну.

1. Лепшы стан скуры

Калаген-бялок, які дапамагае мець добрую структуру скуры, спрыяе росту новых клетак скуры і дапамагае пазбавіцца ад старых, выпрацоўваецца падчас сну. Калаген таксама дапамагае прадухіліць зьяўленьне маршчын і павышае элястычнасьць скуры.

Правільны сон можа таксама дапамагчы зьменшыць запаленьне і ацёк. Пасьля неспакойнай ночы наша цела бывае больш ацёчным, бо ў арганізьме захоўваецца лішняя вадкасьць, што зьяўляецца вынікам высокага ўзроўню гармону стрэсу картызолу.

2. Лепшы настрой

Добры начны адпачынак зьмяншае рызыку дэпрэсіі. А зь іншага боку, калі вы не высыпаецеся, то будзеце больш схільныя да суму, злосьці і стрэсу. Як вядома, частай праявай дэпрэсіі зьяўляецца пачуцьцё трывогі. Адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што недахоп сну павялічвае рызыку «папераджальнай трывогі» — тып трывогі, які людзі адчуваюць перад вялікай паездкай або прэзэнтацыяй.

3. Лепшая памяць

Дастатак сну ўмацоўвае памяць. Падчас сну ўся інфармацыя, якую захоўвае наш мозг, мае магчымасьць лёгка пераходзіць ад адной часткі мозгу ў іншую — гэты працэс вельмі неабходны для кансалідацыі памяці. Дастатковы сон таксама можа дапамагчы вам лепш вучыцца, засяроджвацца, быць творчым, крэатыўным і лягчэй прымаць рашэньні.

4. Больш здаровае сэрца

Пакуль мы сьпім, наша цела аднаўляе сэрца і крывяносныя судзіны. Менавіта гэтае начное абнаўленьне зьяўляецца важнай часткай сардэчнага здароўя. Правільны сон таксама дапамагае зьнізіць рызыку сардэчнага прыступу, высокага крывянога ціску і інсульту.

5. Нармальны ўзровень цукру

Калі мы высыпаемся, арганізм лепш рэагуе на інсулін, гармон, які рэгулюе ўзровень глюкозы (цукру) у крыві. Недахоп сну павялічвае верагоднасьць больш высокага ўзроўню цукру ў крыві, што ў сваю чаргу павышае рызыку разьвіцьця дыябэту.

6. Лепшая вага

Калі мы знаходзімся ў стане глыбокага (або павольнага) сну, наша цела спальвае калёрыі. Калі мы не высыпаемся, гарманальны балянс у арганізьме парушаецца, цела вырабляе менш лептыну — гармону, які кантралюе пачуцьцё насычэньня, і грэліну — гармону, які зьмяншае апэтыт.

7. Лепшы імунітэт

Сон можа ўмацоўваць нашу імунную сыстэму. У выніку арганізм можа лепш змагацца з інфэкцыямі і хваробамі. Калі мы не высыпаемся, наша імунная сыстэма ня ў стане нармальна рэагаваць на мікробы.

Як жа дамагчыся лепшага сну і запаволіць працэс старэньня? Гэтыя парады могуць вам дапамагчы:

  • Трэба трымацца графіка: пажадана ў адзін час класьціся і ўставаць.
  • У спальні павінна быць цёмна і прахалодна.
  • Трэба адмовіцца ад алькаголю, кафэіну і тытуню перад сном.
  • Паспрабуйце прымаць расслабляльную ванну або практыкуйце ароматэрапію.
  • Калі ў вас праблемы з начным сном, лепш ўдзень ня спаць. Калі ж вы гэта робіце, старайцеся ня спаць больш за 45 хвілін і ня сьпіце пасьля 15.00.

(Паўтор публікацыі з 13 лістапада 2017 году)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG