Цана няспраўджаных ілюзій. Хто нясе адказнасьць за паразу 2020 году

Каляж Свабоды. Палітвязьні Аляксандар Фядута (зьлева) і Віктар Бабарыка у цэнтры) і Аляксандар Лукашэнка на фоне пратэстаў у Беларусі 2020 году

Пытаньне віны і адказнасьці за паразу 2020 году многім падаецца нясвоечасовым і недарэчным. Але, не асэнсаваўшы яго, беларусы асуджаныя на паўтарэньне драмы, якой магло ня быць.

Сьцісла:

  • І тыя, хто заклікаў, і тыя, хто вёў людзей на вуліцы і плошчы, спрабаваў узначаліць пратэсты 2020 году, самі заплацілі і працягваюць плаціць самую высокую цану: многія — у турмах і калёніях, яшчэ большая колькасьць — у вымушаным выгнаньні.
  • Не накіраваная ў пэўнае рэчышча гіганцкая энэргія вялізнай масы людзей з часам спакваля была змарнаваная, яна растварылася ў прасторы і часе — замест таго каб быць скіраванай у вузкі канал дзеля дасягненьня пралічанай канкрэтнай задачы і мэты.
  • Калі б народныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе перамаглі, іх, відавочна, назвалі б аксамітнай рэвалюцыяй ХХІ стагодзьдзя. Але аксамітныя рэвалюцыі не здараюцца там, дзе дыктарскі рэжым дзеля ўтрыманьня ўлады гатовы на любы гвалт і любую кроў.
  • Не спыняючы рэпрэсіі, рэжым Лукашэнкі ўласнымі рукамі стварае і загартоўвае кагорту сваіх зацятых і непрымірымых ворагаў, апантаных помстай. Замест таго каб думаць аб нацыянальным прымірэньні і загойваньні старых ран, ён няспынна паглыбляе раскол у грамадзтве.

На пратэстах супраць дыктатуры Лукашэнкі, Пінск, 9 жніўня 2020

Успамінаючы жнівень 2020-га, многія кажуць пра ўзьнёслае адчуваньне надзеі і еднасьці, якое ў тыя дні панавала на вуліцах. Мне больш успамінаюцца няпэўнасьць і трывога.

Чаму адбылося тое, што адбылося? Ці варта было заклікаць людзей на вуліцу, ня маючы дакладнага пляну, стратэгіі і тактыкі дзеяньняў і ўсьведамляючы, якой высокай можа быць цана паразы? Чаму большасьць людзей, наважваючыся на ўдзел у пратэстах, не была папярэджаная і нават не здагадвалася, якой жорсткай можа быць помста рэжыму і якімі фатальнымі наступствамі для многіх тысяч людзей усё гэта скончыцца? Далікатная і хваравітая тэма, якую ўсе гэтыя чатыры гады стараюцца абыходзіць у дэмакратычнай супольнасьці. Прычыны зусім зразумелыя. І тыя, хто заклікаў, і тыя, хто вёў людзей, спрабаваў узначаліць пратэсты, самі заплацілі і працягваюць плаціць самую высокую цану: многія — у турмах і калёніях, яшчэ большая колькасьць — у вымушаным выгнаньні.

Наколькі дарэчнымі і маральнымі могуць быць такія пытаньні, падобныя да папрокаў і абвінавачаньняў? Але, зь іншага боку, пытаньні гэтыя гучаць, нават калі не ў публічнай прасторы, то — у прыватных размовах між людзьмі, асабліва ў тых сем’ях, якія непасрэдна зачапілі рэпрэсіі. Відаць, цяжкім роздумам на гэту тэму запоўненая і пакутлівая паўсядзённасьць соцень палітвязьняў, многія зь якіх ва ўмовах катаваньняў правялі ўжо не адзін год, а пэрспэктывы іхнага вызваленьня застаюцца такімі ж няпэўнымі і прывіднымі, як і год, і два таму.

І, можа, сама галоўнае: не асэнсаваўшы трагічны досьвед і ня даўшы адказу на непрыемныя пытаньні, беларусы асуджаныя на паўтарэньне драмы, якой магло ня быць.

Мы дагэтуль у сілу зразумелых прычынаў дакладна ня ведаем, як і хто ў рэальнасьці распрацоўваў сцэнар тых лёсавызначальных падзеяў жніўня 2020 году: на што разьлічваў і куды імкнуўся скіраваць энэргію вялізных людзкіх мас, якія, як выглядала збоку, дзень за днём, тыдзень за тыднем бяз пэўнай мэты рухаліся па цэнтральных менскіх (і ня толькі менскіх) вуліцах.

Дакладных сьведчаньняў, дакумэнтальных пацьвярджэньняў, спраўджанай храналёгіі тых падзеяў няма, і наўрад ці ўсё гэта хутка зьявіцца. (Прынамсі, зьявіцца не раней, чым будзе адменена суворая крымінальная адказнасьць за кожны радок падобных дакумэнтаў).

Пакуль могуць быць толькі здагадкі, што грунтуюцца на назіраньнях і досьведзе перажытага.

Разгон сілавікамі мірнага маршу пратэсту, Менск, 1 лістапада 2020

Драма, якой магло ня быць

Днямі ў рупары афіцыйнай прапаганды — газэце «СБ. Беларусь сегодня» — убачыў зьдзеклівы выпад на адрас прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў: «Тыя „неверагодныя“, якія ўсё яшчэ сьвята вераць у дэмакратычныя нормы, рафінаваныя выбары і джэнтэльмэнскую зьмяняльнасьць улады...» Цынічна, але ў многім справядліва. Тыя, хто стаяў за пратэстамі 2020 году, здаецца, сапраўды шчыра верылі ў ідэалы, якія ва ўмовах Лукашэнкавай Беларусі выглядалі і выглядаюць чымсьці іншаплянэтным.

Галоўны канкурэнт Лукашэнкі на выбарах 2020 году Віктар Бабарыка незадоўга да свайго арышту, напрыканцы траўня 2020 году, запэўніваў, што «сфальшаваць волю народу ня можа ніхто», што ЦВК абараняе законнасьць у працэсе выбараў і што немагчыма напісаць кандыдату 10 працэнтаў галасоў «за», калі за яго прагаласавалі 80 працэнтаў.

І практычна ва ўсіх штабах апазыцыйных кандыдатаў у тыя дні можна было пачуць сьцьвярджэньне, якое амаль усімі ўспрымалася як неаспрэчная аксіёма: вось выйдуць на вуліцу 100 тысяч — і ўсё зьменіцца. Чаму? Бо ня можа не зьмяніцца: рэжым бясьсільны перад такім натоўпам. Збоку выглядала так, што кіраваліся выключна наступнай лёгікай: пачнём бойку, выведзем людзей на вуліцы, а там будзе бачна.

Такое ўражаньне, што ўсе намаганьні і былі кінутыя на тое, каб дасягнуць гэтай мэты. Дасягнулі. А што потым? Не накіраваная ў пэўнае рэчышча, гэтая гіганцкая энэргія вялізнай масы людзей з часам спакваля была змарнавана, яна растварылася ў прасторы і часе — замест таго каб быць скіраванай у вузкі канал дзеля дасягненьня пралічанай канкрэтнай задачы і мэты.

Плякат Віктара Бабарыкі перад працэсам рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, лета 2020

Паўстанцы-летуценьнікі

Падобны траўматычны досьвед ня раз перажывалі нашы продкі — асабліва ў ХІХ стагодзьдзі. Паўстаньне дзекабрыстаў 1825 году, нацыянальна-вызвольныя паўстаньні на землях колішняй Рэчы Паспалітай (у тым ліку ў Беларусі) у 1830–31 і ў 1863–64 гадах. Высакародныя мэты свабоды і незалежнасьці, палымяныя рэвалюцыянэры-кіраўнікі, высокія бескарысьлівыя памкненьні.

Але пры гэтым — адсутнасьць колькі-небудзь прагматычных разьлікаў і рэальных плянаў. І таму кожны раз у выніку — параза, разгром, нечуваныя пакуты соцень тысяч людзей: адных у турмах і на катаргах, другіх — у пажыцьцёвай эміграцыі. Сёньня, з дыстанцыі стагоддзяў, тыя паўстаньні выглядаюць ад пачатку асуджанымі на паразу. Хоць для сучасьнікаў усё ўспрымалася зусім інакш. Усьведамлялі, што сілы несувымерныя. Але верылі: вось толькі варта пачаць — і народ паўстане, Захад прыйдзе на дапамогу, падтрымае і ўмяшаецца. Мы ж змагаемся за такія відавочныя ідэалы — свабоду і роўнасьць для ўсіх, супраць тыраніі і дэспатызму.

Такімі былі дзекабрысты-інсургенты: ня столькі палітыкі, колькі свабодалюбівыя рамантыкі, якія ня вельмі ясна ўяўлялі, што будуць рабіць потым — пасьля таго як стройнымі шарэнгамі выйдуць на Сэнацкую плошчу Санкт-Пецярбургу. Бяз пляну, без праграмы, без рашучасьці дзейнічаць пасьлядоўна і да канца. Галоўным лічылася вывесьці людзей на вуліцу. А потым? Меркавалася, што далучацца войска і народ, а напалоханы цар ня будзе мець выйсьця — адмовіцца ад прастолу альбо пагодзіцца на канстытуцыйную манархію і дэмакратычныя свабоды. Паўстаньне было ператворанае ў імправізацыю, дзе амаль усё залежала ад волі выпадку, лёсу.

Палатно мастака Тыма «Дзекабрысты на Сэнацкай плошчы»

Але лёс быў на баку грубай сілы і гвалту, а не на баку летуценьнікаў-рамантыкаў зь іхнымі высакароднымі ідэаламі. У выніку летуценьнікі з горда ўзьнятымі галовамі ўзышлі на эшафот, многія іхныя пасьлядоўнікі і паплечнікі на шмат дзесяцігодзьдзяў падаліся на катаргу. «Звезда пленительного счастья», пра якую так узьнёсла пісаў юны Пушкін, для іх так ніколі і не ўзышла. «Во глубине сибирских руд» многім давялося заставацца да канца жыцьця (альбо, прынамсі, да скону Мікалая І). А прадказаны Пушкіным сьветлы момант («Оковы тяжкие падут, Темницы рухнут — и свобода Вас примет радостно у входа») а таксама «Россия вспрянет ото сна, И на обломках самовластья Напишут наши имена»,— гэты момант у Расеі не надышоў і праз 200 год пасьля дзекабрыстаў.

Пра гэтыя паралелі і параўнаньні любіў з глыбокім веданьнем таго пэрыяду гісторыі разважаць Аляксандар Фядута — літаратуразнаўца і палітоляг, вялікі знаўца творчасьці Пушкіна і беларускіх каранёў дзекабрысцкага руху. Цяпер Аляксандар Фядута — палітвязень, адбывае 10-гадовы тэрмін зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Чалавек, які непараўнальна глыбей і выразьней за многіх іншых адчуваў і прадбачыў тое, чым скончыцца 2020 год, сам трапіў у пастку, пра якую столькі пісаў і разважаў. Чаму? Бо вельмі часта і ў гісторыі народу, і ў лёсе чалавека рацыянальныя матывы і разьлікі мізарнеюць і ніякавеюць перад ілюзорнымі рамантычнымі мэтамі, якія падаюцца такімі заманлівымі, блізкімі і дасягальнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ходзіць з кійком». Аляксандра Фядуту ня вызвалілі ад працы ў калёніі, нягледзячы на стан здароўя

Паўстаньне як мастацтва

Праз турэмныя муры царызму ў ХІХ стагодзьдзі прайшлі сотні тысяч тых, хто змагаўся за перамены ў закасьцянелай архаічнай імпэрыі Раманавых. Справа рэвалюцыянэраў здавалася безнадзейнай і бясплённай. Да таго часу, пакуль за арганізацыю паўстаньня з уласьцівым яму цынічным прагматызмам і дакладным палітычным разьлікам ня ўзяўся Ўладзімір Ульянаў (Ленін).

Адметны факт: даволі многія са старэйшых апазыцыйных актывістаў, людзей старой генэрацыі ў жорны палітычных рэпрэсій у 2020-м і наступных гадах ня трапілі і дагэтуль застаюцца ў Беларусі. Маючы за плячыма багаты досьвед мінулых дзесяцігодзьдзяў, яны прыблізна ўяўлялі, чым усё можа скончыцца, і паводзілі сябе ў тыя дні больш асьцярожна і абачліва, чым моладзь. На маю думку, тут меў значэньне ня толькі іх уласны жыцьцёвы досьвед, але і веданьне гісторыі.

Некалькі пакаленьняў савецкай моладзі (прынамсі тыя, якія навучаліся да канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя) вымушаныя былі дэталёва вывучаць марксісцкую тэорыю і практыку паўстаньняў: што патрэбна дзеля таго, каб паўстаньне было пасьпяховым, да чаго вядзе параза ў паўстаньні і якіх памылак ні ў якім разе нельга дапускаць, каб не пацярпець паразы. Ленінскі артыкул «Парады староньняга» («Советы постороннего»), у якім па пунктах расьпісаныя прынцыпы пасьпяховага паўстаньня, уваходзіў у праграму ўсіх савецкіх школ і ВНУ. Спасылаючыся на працы Маркса, Ленін за некалькі месяцаў да пасьпяховага для бальшавікоў кастрычніцкага перавароту 1917 году папярэджваў паплечнікаў:

— Ніколі не гуляць з паўстаньнем, а, пачынаючы яго, ведаць цьвёрда, што трэба ісьці да канца.

— Неабходна сабраць вялікую перавагу сілаў у вырашальным месцы, у вырашальны момант, бо інакш непрыяцель, які валодае лепшай падрыхтоўкай і арганізацыяй, зьнішчыць паўстанцаў.

— Раз паўстаньне пачатае, трэба дзейнічаць з найвялікшай рашучасьцю і абавязкова, безумоўна пераходзіць у наступ...

— Трэба імкнуцца засьпець непрыяцеля зьнянацку, улавіць момант, калі ягоныя войскі раскіданыя.

— Трэба дамагацца штодня хоць маленькіх посьпехаў...падтрымліваючы, чаго б тое ні каштавала, «маральную перавагу».

І ўвогуле, правадыр бальшавіцкай рэвалюцыі ўсьлед за Карлам Марксам настойваў, каб да паўстаньня ягоныя паплечнікі ставіліся «як да мастацтва».

Не зусім зразумела, дзеля чаго савецкі рэжым прымушаў моладзь вывучаць тэорыю і практыку рэвалюцыі аж так падрабязна. Відавочна, камуністычныя ідэолягі ставілі за мэту рыхтаваць кадры для перамогі камунізму ў тых закутках сьвету, да якіх ён пакуль не дайшоў. Пачынаючы з канца 80-х усе гэтыя спарахнелыя марксісцкія кнігі выкідаліся ў сьметнік. 20—40-гадовыя блогеры і ютубэры, постаці якіх стаяць за беларускімі пратэстамі 2020 году, ленінскіх парад наконт паўстаньняў, пэўна ж, не вывучалі і не канспэктавалі. Дый ці чулі ўвогуле пра іх калі-небудзь?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ленін мог нарадзіцца ў Віцебску. 10 малавядомых фактаў пра заснавальніка савецкай дзяржавы

Апантаныя помстай

Паводле падлікаў праваабаронцаў, пачынаючы з 2020 году пад затрыманьні і арышты ў Беларусі ўжо трапілі больш за 50 тысяч чалавек, зь іх каля 3400 былі прызнаныя палітвязьнямі. Сотні тысяч падаліся ў вымушанае выгнаньне. Зразумела, нейкая частка іх была запалоханая, маральна зламаная, паслухмяна падпарадкавалася гвалту. Але ёсьць тысячы і тысячы тых, каго выпрабаваньні і пакуты не зламалі, хто ніколі не даруе прыніжэньняў і гвалту, чыя прага помсты і адплаты ў турэмных мурах ня толькі ня зьнікла, а нават вырасла і ўмацавалася.

Гэта пакуль што амаль нябачны і слабазаўважны працэс, але насамрэч рэжым Лукашэнкі ўласнымі рукамі зараз стварае і загартоўвае кагорту сваіх зацятых і непрымірымых ворагаў. Замест таго каб думаць аб нацыянальным прымірэньні і загойваньні старых ран, гэты раскол у грамадзтве ён толькі паглыбляе. Працяг і нарастаньне палітычных рэпрэсій праз чатыры гады пасьля падзей — сьведчаньне таму. Лукашэнка яўна баіцца гэтых людзей — вось чаму не спыняюцца паўторныя арышты і прысуды тым, хто фармальна ўжо адбыў пакараньне. І дыктатару ёсьць чаго баяцца.

Чаму Сталін у 30–40-я гады з такой пасьлядоўнасьцю і жорсткасьцю вынішчаў старых бальшавікоў — дасьведчаных і пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якія прайшлі праз царскія турмы і катаргі? Яны былі загартаванымі барацьбітамі, іх цяжка было зламаць, яны ведалі, як змагацца з самаўладзьдзем, многія зь іх не без падстаў лічылі сябе прафэсійнымі рэвалюцыянэрамі.

Адзін з найбліжэйшых сталінскіх паплечнікаў Лазар Кагановіч так бясхітрасна абгрунтаваў тое, чаму Сталін татальна зьнішчаў старую ленінскую гвардыю прафэсійных рэвалюцыянэраў:

«...Бо яны ўсе былі чальцамі ўраду. Трацкісцкі ўрад быў, зіноўеўскі ўрад быў, рыкаўскі ўрад быў, гэта было вельмі небясьпечна і немагчыма. Тры ўрады маглі ўзьнікнуць з праціўнікаў Сталіна (...) Як жа можна было іх трымаць на волі? (...) Троцкі, які быў добрым арганізатарам, мог узначаліць паўстаньне (...) Хто ж мог паверыць, што старыя, дасьведчаныя кансьпіратары, выкарыстоўваючы ўвесь досьвед бальшавіцкай кансьпіратыўнасьці і бальшавіцкай каапэрацыі, што гэтыя людзі ня будуць паміж сабой зьвязвацца і ня будуць складаць арганізацыю?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатар сыдзе — дыктатура застанецца? Чым скончыцца спроба стварыць «калектыўнага Лукашэнку»

Героі і пакутнікі

Калі б народныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе перамаглі, іх, відавочна, назвалі б аксамітнай рэвалюцыяй ХХІ стагодзьдзя. Але аксамітныя рэвалюцыі не здараюцца там, дзе дыктарскі рэжым дзеля ўтрыманьня ўлады гатовы на любы гвалт і любую кроў. Калі-небудзь, з дыстанцыі гадоў, дакладна ведаючы ўсе дэталі, імёны, прычыны і наступствы таго, што адбылося і адбываецца ў Беларусі пэрыяду позьняй дыктатуры, нашы нашчадкі, напэўна, будуць зьдзіўляцца: чаму іхныя продкі ішлі на такія ахвяры, калі справа была амаль безнадзейная, а шляхі да новай свабоднай Беларусі пралягалі зусім ня там, дзе нам уяўлялася? Хоць адначасова, без сумневу, будуць захапляцца мужнасьцю, адвагай і самаахвярнасьцю тых, хто заплаціў за свае ідэалы самую высокую цану.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.