Камісар ЭЗ па ўнутраных справах Ілва Ёгансан выказала занепакоенасьць нядаўнім рашэньнем Вугоршчыны спрасьціць уезд у краіну для грамадзян Расеі і Беларусі і заклікала Будапэшт даць тлумачэньні, піша Вугорская служба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
На пачатку мінулага месяца, пасьля таго як Вугоршчына прыняла на сябе старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе, Будапэшт апублікаваў падрабязнасьці так званай Нацыянальнай карты, новай паскоранай візавай сыстэмы для грамадзян васьмі краін, у тым ліку Расеі і Беларусі, для ўезду ў Вугоршчыну без праверак бясьпекі або іншых абмежаваньняў.
Будапэшт заявіў, што шмат хто будзе працаваць на будаўніцтве атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца па кантракце з расейскім «Росатомом», але гэты крок выклікаў крытыку, паколькі ён можа адчыніць дзьверы шпіёнам і дывэрсантам.
У адкрытым лісьце, адрасаваным міністру ўнутраных спраў Вугоршчыны Шандару Пінтэру і апублікаваным на X позна ўвечары 1 жніўня, Ёгансан заявіла, што Расея становіць пагрозу для бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу, і адзначыла неабходнасьць «большай, а ня меншай пільнасьці».
Грамадзянам Расеі не забараняецца ўезд у ЭЗ і Шэнгенскую зону без памежнага кантролю, куды таксама ўваходзяць Нарвэгія, Швайцарыя і Ісьляндыя, якія не ўваходзяць у ЭЗ, калі ў расейцаў ёсьць дзейная віза і яны не зьвязаныя з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Аднак пасьля несправакаванага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Захад увёў санкцыі, якія ўключаюць забарону на дзейнасьць расейскіх авіякампаній у паветранай прасторы ЭЗ, што ўскладніла паездкі грамадзян Расеі ў краіны Эўразьвязу.
І хоць правілы выдачы дазволаў на працу застаюцца справай кожнай дзяржавы — сябра ЭЗ, «пашырэньне спрошчанай апрацоўкі заяў для атрыманьня дазволу на жыхарства і дазволу на працу на грамадзян Расеі і Беларусі можа прывесьці да фактычнага абходу абмежаваньняў, уведзеных Зьвязам», — напісала Ёгансан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрошчаная сыстэма пераезду»? Што такое Нацыянальная карта Вугоршчыны і як яе атрымаць беларусуПрэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які падтрымлівае сяброўскія дачыненьні з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, нягледзячы на поўнамаштабную вайну Расеі ва Ўкраіне, зазнаў шырокую крытыку пасьля паездкі ў Маскву для сустрэчы з расейскім лідэрам неўзабаве пасьля ўступленьня на пасаду старшыні ЭЗ.
Орбан заявіў, што гэты візыт і наступная паездка ў Кітай былі часткай міратворчай місіі, але лідэры ЭЗ выразна далі зразумець, што ў сваіх паездках ён іх не прадстаўляе.
Многія краіны з таго часу адмовіліся адпраўляць сваіх міністраў на сустрэчы, якія праводзяцца ў Вугоршчыне, з прычыны чаго іх давялося перанесьці ў Брусэль.
Папярэдзіўшы, што «нам трэба больш, а ня менш пільнасьці», Ёгансан заклікала Будапэшт даць тлумачэньні.
«Улічваючы патэнцыйную пагрозу бясьпецы Шэнгенскай зоны, якую ствараюць гэтыя аднабаковыя меры, я прапаную вашым уладам зьвязацца з маімі службамі і адказаць на шэраг пытаньняў, прыкладзеных да гэтага ліста, не пазьней за 19 жніўня», — напісала камісар ЭЗ.
«Прадстаўленьне патэнцыйна расейскім шпіёнам і дывэрсантам лёгкага доступу ў ЭЗ падарве бясьпеку ўсіх нас. Калі [вугорская] схема лёгкага доступу становіць рызыку, мы будзем дзейнічаць», — напісала Ёгансан на X.
Яе ліст зьявіўся пасьля аналягічнага папярэджаньня ад Манфрэда Вэбэра, кіраўніка Эўрапейскай народнай партыі (ЕНП), найбуйнейшага палітычнага блёку Эўрапейскага парлямэнту. У лісьце старшыні Эўрапейскай рады Шарлю Мішэлю Вэбэр сказаў, што дзеяньні Вугоршчыны выклікалі «сур’ёзныя асьцярогі наконт нацыянальнай бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва абскардзіла ў Эўракамісіі рашэньне Вугоршчыны аб спрашчэньні ўезду для грамадзян Беларусі і Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына спрасьціла легалізацыю беларусаў і расейцаў у краіне