Літва зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з скаргай на рашэньне Вугоршчыны аб спрашчэньні працэдуры ўезду для грамадзян Расеі і Беларусі.
«Мы непрыемна зьдзівіліся інфармацыі, якая зьявілася ў СМІ, аб уключэньні Вугоршчынай расейскіх і беларускіх грамадзян у сваю іміграцыйную праграму, што дазволіць ім свабодна ўяжджаць і перасоўвацца ў межах Шэнгенскай зоны», — працытавала міністра замежных спраў Літвы Габрыелюса Ландсбергіса літоўскае агенцтва BNS.
Паводле яго, такі крок Вугоршчыны стварае «вельмі сур’ёзную пагрозу бясьпецы Шэнгенскай зоны і многім эўрапейскім краінам, таму на яго неабходна адрэагаваць на ўзроўні ЭЗ».
Габрыелюс Ландсбергіс дадаў, што асобнай ацэнкі патрабуе той факт, што Вугоршчына ўхваліла гэтае рашэньне ў той час, калі эўрапейскія краіны сутыкаюцца з актамі сабатажу і дывэрсій, за якімі, як мяркуецца, стаяць расейскія структуры бясьпекі і выведка.
Літоўскі міністар перакананы, што Эўракамісія павінна прааналізаваць рашэньне Вугоршчыны «з пункту гледжаньня цэласнасьці Шэнгенскай зоны і папярэджаньня пагроз».
«У той час, як большасьць эўрапейскіх краін шукаюць спосабы эфэктыўнай абароны ад гэтых атак, Вугоршчына ня толькі перашкаджае гэтым намаганьням, але і сваімі дзеяньнямі садзейнічае або, прынамсі, аблягчае варожыя ў дачыненьні да эўрапейскіх краіны дзеяньні», — заявіў Габрыелюс Ландсбергіс.
Згодна з правіламі Эўразьвязу, нацыянальныя ўрады ўхвальваюць рашэньні аб легальнай міграцыі і дазволах на працу. Уласьнікі візаў ЭЗ могуць свабодна перамяшчацца ў межах Шэнгенскай зоны, якая ўключае 29 краін.
У 2022 годзе ЭЗ увёў санкцыі супраць Расеі і Беларусі за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. Санкцыі не забараняюць расейцам і беларусам падарожнічаць у ЭЗ, але расейскія авіякампаніі ня могуць ажыцьцяўляць палёты ў краіны Эўразьвязу, сотні асобаў, зьвязаных з кіраўніцтвам Расеі і Беларусь, уключылі ў «чорныя сьпісы».
30 ліпеня стала вядома, што вугорскі прэм’ер Віктар Орбан сваім рашэньнем у пачатку ліпеня ўключыў грамадзян Беларусі і Расеі ў пашыраны сьпіс на «нацыянальную карту».
У праграму так званай «нацыянальнай карты» уключаны работнікі зь Беларусі і Расеі, якія працуюць у Вугоршчыне, і іхныя сямейнікі. Гэта дазволіць прасьцей падарожнічаць па Эўропе.
«Нацыянальная карта» дазваляе ўладкавацца на працу ў Вугоршчыне і перавезьці туды сям’ю, а праз тры гады атрымаць сталы дазвол на жыхарства. Раней карты былі даступныя толькі грамадзянам Украіны і Сэрбіі, аднак з 9 ліпеня іх дзеяньне пашырылі на грамадзян Беларусі, Босьніі і Герцагавіны, Малдовы, Расеі, Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі.
Эўракамісія запатрабавала ад Вугоршчыны тлумачэньняў наконт пашырэньня праграмы «нацыянальная карта» на грамадзян Беларусі і Расеі. Пра гэта на брыфінгу заявіла прадстаўніца арганізацыі Аніта Гіпэр.
«Камісія будзе ў кантакце з вугорскімі ўладамі ў гэтым пытаньні, каб растлумачыць маштаб гэтай схемы, ці трапляе яна пад дзеяньне правілаў ЭЗ», — сказала яна.
Гіпэр падкрэсьліла, што Эўразьвяз разглядае Расею ў якасьці пагрозы бясьпецы, таму ЭЗ і яго сябры павінны прымаць усе захады, каб гарантаваць бясьпеку Эўразьвязу і Шэнгенскай прасторы.
Форум