Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрошчаная сыстэма пераезду»? Што такое Нацыянальная карта Вугоршчыны і як яе атрымаць беларусу


Візавы цэнтар у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Візавы цэнтар у Менску. Ілюстрацыйнае фота

З 9 ліпеня Нацыянальная карта Вугоршчыны даступная для беларусаў, гэта аналяг працоўнага дазволу на жыхарства. Разьбіраемся, што гэта зьмяняе.

Вугоршчына з 9 ліпеня пашырыла праграму Нацыянальнай карты («Nemzeti Kártya») на беларусаў і расейцаў. Гэта аналяг працоўнага дазволу на жыхарства, які выдаецца на 2 гады тым, хто хоча працаваць у гэтай краіне.

Раней такая магчымасьць існавала толькі для грамадзян Сэрбіі і Ўкраіны. Зараз праграму пашырылі таксама на Беларусь, Расею, Чарнагорыю, Малдову, Босьнію і Герцагавіну, Паўночную Македонію. Удзельнікі праграмы нацыянальнай карты змогуць перавезьці ў Вугоршчыну і сваіх сямейнікаў.

Як гэта працуе

Найлепшы спосаб атрымаць Нацыянальную карту Вугоршчыны — знайсьці там працу.

Працоўная дамова ці дакумэнт аб адкрыцьці сваёй кампаніі і стане асноўнай падставай для Нацыянальнай карты.

Спатрэбяцца таксама пацьверджаньне наяўнасьці сродкаў — напрыклад, выпіс з банкаўскага рахунку, дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што заяўнік мае дзе жыць у Вугоршчыне — напрыклад, арандуе жыльлё, а таксама што мае мэдычную страхоўку.

Падаць дакумэнты для атрыманьня такой карты можна або ў краіне грамадзянства (то бок у амбасадзе Вугоршчыны ў Беларусі), або ў краіне законнага жыхарства на падставе дазволу на жыхарства. Для краін, у якіх з Вугоршчынай бязьвіз, — толькі ў самой Вугоршчыне.

Паводле рэдактаркі аналітычнага парталу visaflow.live Анастасіі Лысакоўскай, Нацыянальная карта — гэта працоўны дазвол на жыхарства, які пасуе ўсім спэцыяльнасьцям.

«Гэта спрошчаная сыстэма пераезду ў Вугоршчыну для чалавека і ягонай сям’і. Галоўнае, каб быў працадаўца ў Вугоршчыне, які зможа зрабіць кантракт, і гэты дакумэнт можна паказаць пры падачы на нацыянальную карту», — кажа Лысакоўская.

Нацыянальная карта выдаецца на 2 гады з магчымасьцю працягнуць пасьля на тры гады. Працягваць яе можна неабмежаваную колькасьць разоў. На думку Анастасіі Лысакоўскай, такой магчымасьцю могуць скарыстацца беларусы, якія думалі пра пераезд у Вугоршчыну.

«Гэта спрашчае працэдуру пераезду, і калі ў чалавека былі думкі пра пераезд у Вугоршчыну і працу там, то гэта добры шанец. Ня думаю, што гэтай магчымасьцю будуць карыстацца людзі, якія проста хочуць езьдзіць. Бо атрымаць вугорскі дакумэнт аб працы, прайсьці ўсе падачы ня так проста», — кажа суразмоўца.

Ці прапануюць фірмы такія паслугі

У беларускіх фірмаў Свабода не знайшла прапановаў на кансалтынгавыя паслугі дзеля атрыманьня Нацыянальнай карты Вугоршчыны. Толькі стандартныя прапановы наконт візаў. Турыстычную візу да 5 гадоў турыстычныя агенцыі прапануюць зрабіць за 340–890 рублёў, гасьцявую і бізнэс-візу ад 2 да 5 гадоў — за 340 рублёў.

Адна зь фірмаў з расейскай мовай камунікацыі, але з вугорскімі кантактамі прапанавала аднаму з чытачоў Свабоды такую паслугу, як Нацыянальная карта Вугоршчыны. Для гэтага існуе некалькі варыянтаў:

  • Зарэгістраваць кампанію ў Вугоршчыне
  • Атрымаць прапанову аб працы ў вугорскай кампаніі

Цэны ад 1690 да 9990 эўра, у залежнасьці ад фармату паслугі. За максымальную суму ў кампаніі абяцаюць дапамагчы з арганізацыяй бізнэсу. Быць пасярэднікам па пошуку працы фірма не гатовая, але абяцаюць падтрымку, калі чалавек сам знойдзе працу.

Беларускія фірмы яшчэ не запусьцілі падтрымку такога варыянту, бо пакуль няясна, які будзе попыт, мяркуе Анастасія Лысакоўская.

«Пакуль няма попыту, бо пакуль няма прыкладу, як людзі падаюцца і што ў выніку атрымліваецца. Калі ў Сэрбіі ўвялі такую карту, то былі праблемы, затрымкі. Як гэта будзе працаваць, пакуль ніхто ня ведае», — кажа экспэртка.

Атрымаць нацыянальную карту Вугоршчыны ў якасьці ІП нельга.

У чым небясьпека для ЭЗ

Літва ў адказ на пашырэньне Вугоршчынай магчымасьцяў атрымаць Нацыянальную карту для Беларусі і Расеі падала ў Эўрапейскую камісію просьбу прааналізаваць такое рашэньне, бо гэта шкодзіць бясьпецы ЭЗ.

Кіраўнік Эўрапейскай народнай партыі ў парлямэнце ЭЗ Манфрэд Вэбэр даслаў ліст старшыні Эўрапейскае Рады Шарлю Мішэлю з просьбай абмеркаваць рашэньне Вугоршчыны на саміце лідэраў у кастрычніку. На ягоную думку, такое рашэньне можа стварыць «сур’ёзныя пралазы для шпіёнскай дзейнасьці».

Справа ў тым, што людзі, якія падаюцца на нацыянальную карту Вугоршчыны, не праходзяць праверку бясьпекі на ўзроўні ЭЗ.

Кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч зьвяртае ўвагу на некалькі такіх момантаў.

«Калі чалавек атрымлівае шэнгенскую візу, консул правярае супольную базу забароны ўезду грамадзян. На нацыянальныя візы не распаўсюджваецца патрабаваньне асабістай здачы дакумэнтаў, а значыць, патрабаваньне здачы адбіткаў пальцаў. Гэта палягчае шлях для расейскіх дывэрсантаў і шпіёнаў у Вугоршчыну, а празь яе і ў іншыя краіны», — тлумачыць Алесь Міхалевіч.

На думку адваката, Нацыянальная карта Вугоршчыны ніякім чынам не дапаможа беларусам.

«Мяркую, гэтая магчымасьць будзе выкарыстоўвацца людзьмі з улады і людзьмі блізкімі да ўлады. У Вугоршчыне шмат працоўнай сілы. У рэальнай сытуацыі вугорскай эканомікі гэта ні на што не паўплывае, гэта палітычная дамоўленасьць. Тэарэтычна Вугоршчына мае права рабіць такія рэчы, але гэта робіцца насуперак палітыцы ЭЗ», — кажа Алесь Міхалевіч.

У Менску працуе амбасада Вугоршчыны, таксама дакумэнты прымае візавы цэнтар. Навінаў пра Нацыянальную карту Вугоршчыны для беларусаў на сайце амбасады няма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG