Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына спрасьціла легалізацыю беларусаў і расейцаў у краіне

абноўлена

Віктар Орбан
Віктар Орбан

Пакуль іншыя краіны Эўразьвязу ўводзяць усё больш абмежаваньняў, вугорскі прэм’ер Віктар Орбан уключыў грамадзян Беларусі і Расеі ў пашыраны сьпіс на «нацыянальную карту».

У праграму так званай «нацыянальнай карты» ўключаныя работнікі зь Беларусі і Расеі, якія працуюць у Вугоршчыне, і іхныя сямейнікі. Гэта дазволіць прасьцей падарожнічаць па Эўропе.

Як піша Deutsche Welle, прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан унёс адпаведныя папраўкі «бязь лішняга шуму» яшчэ на пачатку ліпеня.

«Нацыянальная карта» дазваляе ўладкавацца на працу ў Вугоршчыне і перавезьці туды сям’ю, а праз тры гады атрымаць сталы дазвол на жыхарства. Раней карты былі даступныя толькі грамадзянам Украіны і Сэрбіі, аднак з 9 ліпеня іх дзеяньне пашырылі на грамадзян Беларусі, Босьніі і Герцагавіны, Малдовы, Расеі, Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі.

На пачатку ліпеня Віктар Орбан ажыцьцявіў дзьве паездкі з так званым «мірным плянам», які сам распрацаваў. Ён наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, а затым Маскву, дзе сустрэўся з тамтэйшым кіраўніком Уладзімірам Пуціным.

Пасьля сустрэчы з вугорскім палітыкам Пуцін сказаў, што Расея і Вугоршчына падпісалі новыя дамовы аб супрацоўніцтве ў галінах атамнай энэргетыкі, сельскай гаспадаркі і хімічнай прамысловасьці.

«Мірны плян» Орбана адкінулі і Ўкраіна, і Расея, калі зыходзіць са словаў вугорскага прэм’ера. Эўракамісія заявіла, што будзе байкатаваць старшынёўства Вугоршчыны ў Эўразьвязе, якое пачалося зь ліпеня.

У Эўразьвязе асудзілі паездку Орбана ў Маскву ў той час, пакуль тая працягвае вайну супраць Украіны. Там заявілі, што вугорскі прэм’ер наведаў Расею без узгадненьня з Брусэлем. Орбан, аднак, сказаў, што перад паездкай сустракаўся з прадстаўнікамі Эўразьвязу.

Шчыльныя кантакты Вугоршчыны з Расеяй прывялі да таго, што Будапэшт моцна пасварыўся з Польшчай — сваім хаўрусьнікам па Вышаградзкай групе.

Эўракамісія чакае тлумачэньняў

Эўракамісія запатрабавала ад Вугоршчыны тлумачэньняў наконт распаўсюджваньня праграмы «нацыянальная карта» на грамадзян Беларусі і Расеі. Пра гэта на брыфінгу заявіла прадстаўніца арганізацыі Аніта Гіпэр.

«Камісія будзе ў кантакце з вугорскімі ўладамі ў гэтым пытаньні, каб растлумачыць маштаб гэтай схемы, ці трапляе яна пад дзеяньне правілаў ЭЗ», — сказала яна.

Гіпэр падкрэсьліла, што Эўразьвяз разглядае Расею ў якасьці пагрозы бясьпецы, таму ЭЗ і яго сябры павінны прымаць усе захады, каб гарантаваць бясьпеку Эўразьвязу і Шэнгенскай прасторы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG