Сьцісла:
- Адзін з галоўных страхаў Пуціна — тое, што перамогу ў яго «скрадуць», як гэта зрабілі ўнутраныя і вонкавыя ворагі Расеі ў 1917 годзе. Да ўрокаў і досьведу тых рэвалюцый Пуцін часта апэлюе.
- Пуцінская чыстка генэралітэту ня столькі сродак барацьбы з карупцыяй, колькі імкненьне запабегчы магчымай змове сярод вайскоўцаў, спосаб застрашыць тых, хто не задаволены пуцінскай палітыкай і патэнцыйна гатовы супрацьстаяць ёй.
- Для Пуціна набліжаецца ягоны 1917 год. Ён, як уважлівы і ўніклівы вучань, стараецца абыходзіць альбо прыбіраць тыя пагрозы, якія прывялі да краху самадзяржаўнага рэжыму ў лютым 1917-га.
- Гісторыя на розных вітках пакручастай сьпіралі рэдка расстаўляе свае пасткі ў адных і тых жа месцах.
- Многія рэпрэсіўныя практыкі, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў сёньняшняй РФ, былі адпрацаваныя ў Беларусі яшчэ ў 2020-2021 гадах.
- Апрабаваны Лукашэнкам спосаб у дачыненьні да былых паплечнікаў, якія выявілі сваю неляяльнасьць, ня толькі рэпрэсіі, але яшчэ і помста тым, хто пасьпеў уцячы ад турмы за мяжу.
Татальная зачыстка апазыцыі, арышты ці выцісканьне за мяжу ўсіх палітычных супернікаў і фактычная забарона на іншадумства — яшчэ не гарантыя таго, што дыктатарскі рэжым гарантаваў сабе бясьпеку. Пагрозы могуць узьнікнуць там, дзе аднаасобны валадар найменш чакае — унутры самой сыстэмы, якая толькі вонкава выглядае непарушнай і сцэмэнтаванай. Асабліва калі ўсё адбываецца ва ўмовах вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У крымінальнай справе затрымалі яшчэ аднаго генэрала ў Міністэрстве абароны РасеіАдплата за здраду
Амаль год таму, 24 чэрвеня 2023 году, калі ўзброеныя калёны мяцежнага Прыгожына рухаліся на Маскву, Пуцін у звароце да народу агучыў свае галоўныя страхі, якія, відавочна, найбольш трывожылі яго ў тыя крытычныя дні і гадзіны. Што адметна, пры гэтым ён правёў паралелі з падзеямі 1917 году, калі Расея, паводле яго, сутыкнулася са здрадай, у выніку чаго «перамогу ў Першай сусьветнай вайне ў яе скралі»:
«Інтрыгі, звады, палітыканства за сьпінай арміі і народу абярнуліся найвялікшым узрушэньнем, разбурэньнем арміі і распадам дзяржавы, стратай велізарных тэрыторый, трагедыяй грамадзянскай вайны... Рускія забівалі рускіх, браты братоў. А карысьлівую выгаду атрымлівалі рознага кшталту палітычныя авантурысты і замежныя сілы, якія дзялілі краіну, ірвалі яе на часткі! Мы не дамо гэтаму паўтарыцца!».
На тле тагачасных бурных і зьменлівых падзей, якія штохвіліны прыносілі новыя сэнсацыйныя навіны, многія не надалі значнай увагі гістарычнаму экскурсу Пуціна. Між тым тое, што гэта было прамоўлена ў такія лёсавызначальныя для яго хвіліны, паказвае, што гэтым гістарычным паралелям і аналёгіям Пуцін надае асаблівыя сэнс і значэньне. І насамрэч за апошні год тут мала што зьмянілася.
Як вядома, мяцеж Прыгожына атрымаўся куртатым, нерашучым і няўдалым. Ужо на наступны дзень Лукашэнка хваліўся перад усім сьветам, як спрытна яму ўдалося ўсіх памірыць, улагодзіць канфлікт і якія гарантыі бясьпекі для Прыгожына і вагнэраўцаў ён вытаргаваў у Пуціна. Чаго былі вартыя тыя гарантыі, стала зразумела праз два месяцы, 23 жніўня 2023 году, калі самалёт з Прыгожыным і з шасьцю ягонымі паплечнікамі пацярпеў катастрофу ў небе над Цьвярской вобласьцю Расеі. Вагнэраўцам, відавочна, варта было больш давяраць не лукашэнкавым гарантыям, а словам Пуціна з ужо згаданай прамовы 24 чэрвеня: «Той, хто арганізаваў ваенны мяцеж, падняў зброю на сваіх таварышаў, здрадзілі Расеі і адкажуць за гэта». Адказалі спаўна.
Прыгожына з пачаткам пуцінскай агрэсіі ня раз параўноўвалі з Грыгорыем Распуціным — адным з самых вядомых авантурыстаў пачатку ХХ стагодзьдзя, які быў набліжаны да царскай сям’і, меў вялікі ўплыў на яе і адкрыта крытыкаваў уладу і вайсковае камандаваньне. Распуціна забілі змоўшчыкі зь ліку набліжаных да цара асобаў 17 (30 сьнежня) 1916 году, за два месяцы да рэвалюцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ім такіх грошай, як у Расеі, плаціць не зьбіраецца». Большасьць вагнэраўцаў пакінулі Беларусь«Перамогу ў нас укралі»
Паводле графіку Першай сусьветнай, на календары вайны цяпер якраз канец 1916 году. Што гэта быў за час? Пасьля цяжкіх ваенных паразаў 1914–1915 гадоў Усходні фронт стабілізаваўся — ад Рыгі на поўначы да Днястра на поўдні. Расея нават зрабіла спробы контранаступаў (пасьпяховы «Брусілаўскі прарыў» 1916 году ў Галіцыі). «Снарадны голад» пакрысе пераадольваўся, расейская эканоміка даволі пасьпяхова прыстасоўвалася да патрэбаў вайны. Казнакрадзтва на ваенных заказах і пастаўках, што праўда, квітнела, але калі ў Расеі было па-іншаму? На мяжы 1916 і 1917 гадоў ваенныя шалі ўсё больш схіляліся ў бок Антанты. Асабліва пасьля ўступленьня ў вайну на баку Антанты Злучаных Штатаў.
Калі б Расейскай імпэрыі ўдалося пратрымацца яшчэ паўтара года, Мікалай ІІ неўзабаве меў бы ўсе шанцы разам зь іншымі пераможцамі ў Вэрсалі перакройваць эўрапейскую мапу на сваю карысьць: зусім магчыма, што атрымаў бы і Басфор, і Галіцыю, і частку Ўсходняй Прусіі... Пуцін у 2014 годзе, падчас адзначэньня 100-годзьдзя выбуху Першай сусьветнай, так акрэсьліў кола вінаватых у тым, што гэтага не адбылося:
«Перамога была скрадзеная ў краіны. Скрадзеная тымі, хто заклікáў да паразы сваёй Айчыны, сваёй арміі, сеяў звады ўнутры Расеі, ірваўся да ўлады, здраджваючы нацыянальным інтарэсам».
Як жа здарылася, што царскі рэжым у лютым 1917-га нечакана абрынуўся, хоць яшчэ за некалькі месяцаў нішто асабліва не паказвала на блізкі крах? Так, і стомленасьць ад вайны, і глухое раздражненьне грамадзтва, якое пакутавала ад няспынных мабілізацый, усё гэта мела месца. Аднак царскі рэжым у сытуацыі вайны быў зусім не лібэральным у дачыненьні да сваіх палітычных апанэнтаў. Вальнадумства ў тагачаснай мікалаеўскай Расеі было зусім ня большым, чым у сёньняшняй Расеі пуцінскай. Усе, хто адважваліся пратэставаць супраць вайны, тут жа апыналіся калі не ў Сібіры, дык у эміграцыі. Партыя бальшавікоў была забароненая яшчэ ў 1914 годзе. Бальшавіцкую фракцыю Дзярждумы ў лістападзе 1914-га арыштавалі ў поўным складзе. Ленін на той час быў у Цюрыху, Леў Троцкі — у Нью-Ёрку, Сталін з Каменевым у ссылцы ў Ачынску. На момант пачатку Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе не было ніводнага з членаў ЦК РСДРП(б) — усе былі ці ў турмах і ссылках, ці за мяжой. Арышты «палітычных» не спыняліся, «ахранка» дзейнічала спраўна і жорстка.
У самога Леніна, які хаваўся ў той час у Швайцарыі, яшчэ на пачатку 1917-га зусім не было адчуваньня блізкага канца гэтага рэжыму. У студзені таго году, выступаючы перад маладымі швайцарскімі сацыялістамі, ён казаў: «Мы, старыя, можа быць, не дажывём да вырашальных бітваў гэтай будучай рэвалюцыі...». Вырашальныя бітвы, як выявілася, разгарэліся ўжо праз два месяцы пасьля гэтых словаў. А сам будучы правадыр пралетарскай рэвалюцыі, скарыстаўшыся нечаканымі дэмакратычнымі свабодамі, якія паўсталі ў Расеі пасьля зрынаньня царызму, рушыў на радзіму разам з паплечнікамі-палітэмігрантамі ў аплямбаваным нямецкім вагоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паплечнікі Навальнага апублікавалі відэа інтэр’ераў «палаца Пуціна»Ленін і Навальны: такое рознае вяртаньне
Знаўца і старанны вучань айчыннай гісторыі, Пуцін на прыкладзе Леніна прыблізна ўяўляў, чым можа скончыцца для рэжыму прыбыцьцё ў Расею патэнцыйнага рэвалюцыйнага лідэра напярэдадні ўзрушэньняў, якія ён, Пуцін, рыхтаваў для Расеі і для сьвету. Калі ў красавіку 1917-га бальшавікі-эмігранты на цягніку набліжаліся да Фінскага вакзала Петраграда, Ленін, як успамінаў пазьней відавочца і ўдзельнік тых падзей Зіноўеў, «быў цьвёрда перакананы», што ўсіх іх чакае немінучы арышт («І да гэтага ён рыхтаваў усю групу таварышаў, якія ехалі разам зь ім»). У рэальнасьці на вакзале Леніна і ягоную групу сустрэлі тысячы сабраных там бальшавікамі рабочых і падагнаны славуты бранявік як трыбуна для правадыра. Улады ў такіх умовах не адважыліся на арышт, а Ленін у сьціслы час ператварыўся ў адну з ключавых палітычных фігур у барацьбе за ўладу ў Расеі.
Чымсьці падобным, верагодна, магло б стаць і раптоўнае адважнае вяртаньне ў пуцінскую Расею Аляксея Навальнага 17 студзеня 2021 году. Магчыма, Навальны на тое і разьлічваў. Але красавік 1917-га — гэта ня студзень 2021-га, Пуцін не Мілюкоў, а пэрон Фінскага вакзалу не транзытная зона маскоўскага аэрапорту «Шарамецьева». Пуцін спаўна засвоіў урокі папярэднікаў. Навальны ня трапіў далей за «шэрую зону» аэрапорту і ў выніку ўбачыў не натоўпы ўзьнёслых прыхільнікаў, а шэрыя сьцены СІЗА і турэмныя краты. У лютым 2024 году ён раптоўна памёр ва ўзросьце 47 гадоў у далёкай запалярнай калёніі пры нявысьветленых абставінах. Зрэшты, у тым, хто насамрэч стаіць за гэтай сьмерцю, мала ў каго ў сьвеце ёсьць сумневы.
Цар, якому здрадзілі генэралы
На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў савецкая гістарычная навука тлумачыла выбух расейскай Лютаўскай рэвалюцыяй пераважна рэвалюцыйным уздымам даведзеных да галечы працоўных мас і антываеннымі салдацкімі выступамі. Насамрэч 1916 год быў даволі ўраджайным і нястачы хлеба ў краіне ў той час не было. Былі праблемы з лягістыкай — своечасовай і рытмічнай пастаўкай збожжа ў буйныя гарады і асабліва ў сталіцу. Да таго ж чамусьці менавіта Петраград напярэдадні рэвалюцыі аказаўся перапоўнены, як цяпер сказалі б, «мобікамі» (сотнямі тысяч рэкрутаў, пераважна сталага ўзросту, надзвычай незадаволеных прымусовай мабілізацыяй). Менавіта яны і сталі ці не галоўнай рухальнай сілай лютаўскіх пратэстаў.
Але ўсё гэта наўрад ці стала б вырашальнай падставай для падзеньня царскага рэжыму і адрачэньня Мікалая ІІ, калі б не пазыцыя многіх генэралаў і высокапастаўленых саноўнікаў у атачэньні імпэратара. У вырашальны момант, калі цар вагаўся, для яго было надзвычай важным меркаваньне военачальнікаў. Генэрал Аляксееў, тагачасны начальнік Генштабу, у крытычныя дні рэвалюцыі накіраваў усім камандуючым франтамі тэлеграму з пытаньнем наконт іхнага стаўленьня да меркаванага адрачэньня цара. Тэкст тэлеграмы, аднак, быў складзены так, што ў генэралаў, па сутнасьці, не заставалася іншага выбару, як толькі выказацца «за». (Ці не адзіным выключэньнем стаў адмірал Калчак).
«А што мне засталося рабіць? Мне ўсе здрадзілі, нават Нікалаша» (вялікі князь Мікалай Мікалаевіч)«, — кіўнуў былы імпэратар на стос генэральскіх тэлеграм, адказваючы 2 сакавіка 1917 году свайму камэнданту Ваейкаву на ягонае зьдзіўленьне тым, што імпэратар адрокся ад кароны.
Пра тое, што адной з ключавых рухальных сілаў той рэвалюцыі была «змова часткі генэралітэту і афіцэрскага складу арміі і пецярбурскага гарнізону асабліва» пісаў у сваіх «Лістах здалёку» і Ленін у сакавіку 1917-га.
У сёньняшняй Расеі харчу дастаткова. Забесьпячэньню сталіц улада ўдзяляе асаблівую ўвагу. Вайсковыя базы мабілізаваных на вайну альбо адкліканых з фронту на адпачынак ці перафармаваньне знаходзяцца далёка ад маскоўскіх кварталаў. На вуліцах Масквы і Пецярбурга ўвогуле ніяк не адчуваецца, што краіна вядзе зацяжную крывавую вайну. Тут Пуцін цалкам зрабіў высновы з памылак папярэднікаў.
У кантэксьце ўсяго гэтага па-новаму бачацца чысткі, распачатыя Пуціным некалькі тыдняў таму сярод генэралітэту. За апошні месяц пад рэпрэсіі трапілі чатыры расейскія генэралы. Трох зь іх, уключна з намесьнікам міністра абароны Івановым, арыштавалі праз падазрэньня ў атрыманьні хабару, а былога камандуючага 58-й арміяй Папова — праз абвінавачаньне ў махлярстве. Пры гэтым пасаду міністра абароны страціў генэрал арміі Шайгу, які ў гэтым крэсьле сядзеў апошнія 12 гадоў і лічыўся адным з самых набліжаных да Пуціна і непатапляльных пэрсанажаў расейскай палітыкі. Адбываецца перафарматаваньне ўсяго Міністэрства абароны і Генштабу. Дзясяткі военачальнікаў зь вялікімі зоркамі на пагонах устрывожаныя, запалоханыя, занепакоеныя ўласнай будучыняй і баяцца паўтарыць сумны досьвед арыштаваных калегаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі адны не перамогуць, а другія не прайграюць. Што чакае Беларусь, калі расейска-ўкраінская вайна скончыцца «ўнічыю»Генэральская чыстка
Многае ў гэтай гісторыі з генэральскай «чысткай» застаецца няясным, хаваецца ў закрытым ад чужых вачэй цесным і замкнёным асяродку найвышэйшай расейскай касты. У вэрсію пра тое, што арыштаваныя пацярпелі выключна за карупцыю, мала хто верыць. Крадуць у армейскіх колах РФ практычна ўсе, але ня ўсіх саджаюць. А вось ці былі арыштаваныя дастаткова адданымі рэжыму? Ці не балбаталі лішняга ў прыватных размовах? Ці не плялі таемных інтрыг і змоваў? Ці не выказвалі незадавальненьня альбо сумневу ў вялікіх стратэгічных здольнасьцях вярхоўнага галоўнакамандуючага? Урэшце, ці хацелі яны ваяваць і ці гатовыя былі памерці за цара?
У расейскіх генэралаў ёсьць падставы для незадавальненьня: пасьля 2014 (а асабліва пасьля 2022-га) году яны шмат што страцілі. Многія з тых, хто ў мінулыя дзесяцігодзьдзі прывык на ўласных бізнэс-джэтах ледзь ня кожны тыдзень выпраўляцца ва ўласныя памесьці на Лазурны бераг ці на Сардынію, цяпер вымушаны мірыцца з пэрыядычнымі выправамі ў прыфрантавую паласу, рызыкай трапіць пад украінскія абстрэлы, забаронай на выезд на Захад, немагчымасьцю так, як хочацца, патраціць свае мільёны і мільярды.
Але ёсьць просты спосаб паказаць ім, што насамрэч, калі занадта шкадаваць пра страчанае і шукаць магчымасьць вярнуць «старыя добрыя часы, у якіх не было ваенных авантур», можна страціць намнога больш, чым генэральскую вілу ці яхту. Рэпрэсіі ў генэральскім асяродзьдзі, няма сумневу, мяняюць у такіх асобаў хаду думак і ўяўленьні пра сапраўдныя і ўяўныя каштоўнасьці. Што, уласна, і ёсьць адной з галоўных мэтаў такіх рэпрэсій.
Хто ведае, калі б Мікалай ІІ у драматычныя дні лютага-сакавіка 1917-га не задаваў генэралам маладушных пытаньняў пра тое, ці вераць яны ў самадзяржаўе і ў ягоную імпэратарскую місію, а разжалаваў чатырох-пяцёх самых ненадзейных у шарагоўцы ды паслаў у маршавыя роты на фронт, як бы яно ўсё тады склалася....
У кожным разе, для Пуціна ягоны 1917-ы набліжаецца. Ён, як уважлівы і ўніклівы вучань, стараецца абыходзіць альбо прыбіраць тыя пагрозы, якія прывялі да краху самадзяржаўнага рэжыму ў лютым 1917-га. Але гісторыя на розных вітках пакручастай сьпіралі рэдка расстаўляе свае пасткі ў адных і тых жа месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён прадае Беларусь Расеі». Ціханоўская на Капэнгагенскім саміце дэмакратыі заклікала працягнуць ціск на ЛукашэнкуБеларусь як экспэрымэнтальная сцэна Пуціна
Лукашэнка ў гэтай грандыёзнай пуцінскай пастаноўцы выконвае другарадныя дапаможныя ролі. На беларускай сцэне адпрацоўваюцца розныя сцэнары разгортваньня падзей у РФ і вакол яе. Напрыклад, датычныя ўнутранай рэпрэсіўнай палітыкі. Многія рэпрэсіўныя практыкі, мэтады хуткай трансфармацыі параўнальна мяккага аўтарытарызму ў жорсткую дыктатуру, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў сёньняшняй РФ, былі апрабаваныя і адпрацаваныя ў Беларусі яшчэ ў 2020-2021 гадах, калі Пуцін толькі плянаваў уварваньне ва Ўкраіну і, адпаведна, рыхтаваўся закручваць гайкі для палітычных апанэнтаў.
Што да выкрыцьця і перасьледу ненадзейных асобаў унутры самой уладнай сыстэмы, то і тут Лукашэнка даўно паказвае прыклад Маскве. Хаця б тым, што сэлекцыяй адданых, паслухмяных, шэрых, безаблічных падначаленых ён рупліва займаўся ўсе тры дзесяцігодзьдзі свайго прэзыдэнцтва. І палітычных амбіцый, і карупцыйных апэтытаў і магчымасьцяў у беларускіх саноўнікаў ды генэралаў сёньня куды меней, чым у іхных расейскіх калегаў. Цяжка ўявіць, каб у каго-небудзь зь іх раптам знайшлася віла дзе-небудзь у Таскане ці Біярыцы. І ня толькі таму, што празь іхныя рукі праходзяць значна меншыя грашовыя патокі.
Апрабаваны Лукашэнкам спосаб у дачыненьні да былых хаўрусьнікаў, якія праявілі сваю неляяльнасьць, ня толькі рэпрэсіі, але яшчэ і помста. Нават тым, якія ад рэпрэсій пасьпелі ўцячы. Найбольш яскравыя прыклады — перасьлед сем’яў Латушкі і Цапкалы. Прафіляктычны эфэкт для тых, якія пакуль хаваюцца «пад плінтусам», відавочны. Пуцін да такога пакуль не дайшоў. Колішнія ягоныя паплечнікі Анатоль Чубайс, Міхаіл Касьянаў ці Альфрэд Кох адносна спакойна пакінулі краіну, не пагадзіўшыся з палітычнай лініяй свайго былога шэфа. Зрэшты, перайманьне беларускага досьведу ў сёньняшняй Расеі, хоць і зь некаторай затрымкай у часе, адбываецца пасьлядоўна і няўхільна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На плянэце засталося ня так шмат сталіц, куды Пуцін можа выбрацца зь візытам», — аналітык Аркадзь Мошэс