Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Навальнага апублікавалі відэа інтэр’ераў «палаца Пуціна»


«Палац Пуціна» пад Геленджыком.
«Палац Пуціна» пад Геленджыком.

Паплечнікі апазыцыянэра Аляксея Навальнага, які памёр у расейскай калёніі, напярэдадні інаўгурацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на пяты тэрмін апублікавалі відэа і фатаграфіі, як сьцьвярджаецца, інтэр’ераў палаца пад Геленджыком.

Гэтаму палацу было прысьвечанае адно з найбольш вядомых расьсьледаваньняў Фонду барацьбы з карупцыяй, якое выйшла ў 2021 годзе.

Паплечнікі Навальнага сьцьвярджаюць, што палац быў пабудаваны асабіста для Пуціна. У рэакцыі на апублікаванае ў студзені 2021 году расьсьледаваньне сябра расейскага прэзыдэнта, бізнэсмэн Аркадзь Ротэнберг заявіў, што будынак належыць яму і што пасьля рамонту там будзе адкрыты апарт-гатэль.

Аднак, як высьветліў ФБК, ніякага апарт-гатэля ў палацы на мысе Ідакапас так і не зьявілася, хоць рамонт ужо скончаны.

«Мармуровыя падлогі начышчаныя, мэбля расстаўленая, вытанчаны дэкор і аздабленьне гатовыя. Толькі гэта як было палацам Пуціна, так і засталося», — гаворыцца ў новым расьсьледаваньні, апублікаваным на сайце Навальнага і ў Youtube.

У расьсьледаваньні 2021 году публікаваліся рэндэры, гэта значыць згенэраваныя выявы будучых інтэр’ераў палаца. Цяпер жа, як сьцьвярджае ФБК, расьсьледавальнікам удалося атрымаць відэа рэальных інтэр’ераў. Сьцьвярджаецца, што іх зьнялі на ўтоеную камэру, хто менавіта гэта зрабіў — не ўдакладняецца.

На відэа, у прыватнасьці, трапіла аквадыскатэка, наяўнасьць якой прыцягнула ўвагу яшчэ ў першым расьсьледаваньні, басэйн, вулічная алея з псэўдаантычнымі статуямі, джакузі, масажная заля, шматлікія карціны на ваенна-патрыятычную тэматыку, дарагая мэбля і люстры. Замест пакоя для гульняў і казіно зьявілася капліца, дзе разьмешчаны незвычайны трыптых з іконамі Багародзіцы, Ісуса Хрыста і сьвятога Ўладзіміра. Там таксама разьмешчаны трон.

ФБК апублікаваў таксама пляны памяшканьняў палаца па паверхах, якія раней апынуліся ў распараджэньні выданьня «Праект». Расстаноўка мэблі адпавядае гэтым плянам. На момант здымкі яшчэ ня ўся мэбля была распакаваная.

На падставе атрыманых фатаграфій, плянаў паверхаў, сьцьвярджэньняў суразмоўцаў «Праекту» і дакумэнтаў, якія апынуліся ў распараджэньні ФБК, аўтары расьсьледаваньня робяць выснову, што гаворка ідзе не пра гатэль, а пра прыватны палац, прызначаны для расейскага прэзыдэнта — як гэта і сьцьвярджалася ў фільме 2021 году.

Рэакцыі Крамля на публікацыю пакуль не было.

  • Зьвесткі пра раскошны маёнтак пад Геленджыком былі апублікаваныя ў расьсьледаваньні каманды Аляксея Навальнага ў студзені 2021 году. Расьсьледавальнікі сьцьвярджаюць, што маёнтак і палац на мысе Ідакапас былі пабудаваныя для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пра «палац» незалежныя СМІ пісалі і да гэтага, супрацоўнікам ФБК упершыню ўдалося атрымаць доступ да дакумэнтацыі і рэндэраў.
  • Фільм пра «палац» выйшаў празь некалькі дзён пасьля арышту Навальнага. Рэакцыяй на арышт і выхад расьсьледаваньня сталі масавыя пратэсты ў многіх гарадах Расеі. На іх улады адказалі перасьледам паплечнікаў Навальнага, структуры якога былі абвешчаныя экстрэмісцкімі і забароненыя. Цяпер Фонд барацьбы з карупцыяй вядзе сваю дзейнасьць за мяжой.
  • 16 лютага 2024 году Навальны памёр у расейскай калёніі. Ягоныя паплечнікі сьцьвярджаюць, што ён быў забіты.
  • Пасьля выхаду ў сьвет фільму ў 2021 годзе Ўладзімір Пуцін заявіў, што «палац» яму не належыць і ён ніколі там ня быў. Прамых доказаў таго, што Пуцін жыў ці бываў у гэтым будынку, няма, аднак з дакумэнтаў відавочна, што да яго мае дачыненьне найбліжэйшае атачэньне расейскага прэзыдэнта. Уладальнікам будынку назваў сябе сябар Пуціна бізнэсмэн Аркадзь Ротэнберг. Пасьля 2021 году ні ён, ні Пуцін пра палац і ягоны лёс ня згадвалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG