Сьцісла
- Пуціну спатрэбіўся тэрміновы прыезд Лукашэнкі, каб празь яго агучыць прапагандысцкую прапанову мірных перамоваў з Украінай на базе праекту стамбульскіх пагадненьняў 2022 году.
- Лукашэнка выступіў у ролі своеасаблівага «прэсавага сакратара» і «добрага сьледчага» Крамля.
- З гэтай прычыны ад яго не вымагалі абвінавачаньняў на адрас Украіны ў датычнасьці да тэракту ў «Крокусе».
Дзеля чаго Аляксандар Лукашэнка гэтым разам паехаў у Маскву? Дзень касманаўтыкі, палёт беларускі Марыны Васілеўскай не выглядаюць важкімі нагодамі. Лукашэнка ў апошнія гады ў сярэднім сустракаецца з Пуціным раз на месяц ці два. Сёлета двойчы — у Санкт-Пецярбургу ў студзені і ў Казані ў лютым. Аднак цяперашняя сустрэча не выглядае плянавай, пра яе загадзя не паведамлялася.
Што ж магло быць пільнай нагодай для ягонай цяперашняй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным?
Можна меркаваць, што гэта — магчымасьць для Пуціна абвясьціць пра згоду весьці перамовы аб міры з Украінай на базе праекту стамбульскіх пагадненьняў. У 2022 годзе перамовы паміж Кіевам і Масквой вяліся — спачатку ў Беларусі, потым у Турэччыне. Тады ў Стамбуле быў распрацаваны праект мірнай дамовы, але потым перамовы спыніліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы ў Маскве: Пуціна турбуе бясьпека на заходняй мяжы Беларусі, Лукашэнка хоча паслаць у космас яшчэ аднаго беларусаПадчас сустрэчы з Лукашэнкам прэзыдэнт Расеі абвясьціў, што Крэмль гатовы вярнуцца да перамоваў, прычым на базе праекту двухгадовай даўнасьці.
«Дастаць той дакумэнт, які вы некалі мне паказалі і перадалі, пакласьці на стол і рухацца па ім. Гэта разумная пазыцыя. Там прымальная пазыцыя і для Ўкраіны. Яны ж пагадзіліся», — сказаў Лукашэнка ў размове з Пуціным. Прэзыдэнт Расеі адказаў станоўча.
Чаму для такой заявы спатрэбіўся Лукашэнка? Ён у 2015 годзе даў у Менску пляцоўку для мірных перамоваў, у 2022 годзе, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны, мірныя перамовы таксама пачаліся ў Беларусі. І пасьля ён шмат разоў заклікаў да мірных перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Маскве патлумачыў, чаму Беларусь не нападае на Ўкраіну разам з РасеяйПраўда, яго ўяўленьні пра мір дзіўным чынам супадаюць з уяўленьнямі пра гэта расейскага боку. Ён гэтага не хаваў і падчас цяперашняга візыту:
«Я абсалютна падтрымліваю пазыцыю цяперашняга расейскага кіраўніцтва і вашую пазыцыю па мірным працэсе ў гэтым канфлікце», — сказаў ён Пуціну ў Крамлі.
Ці можна выказацца больш ясна?
Так што пасярэднік з Лукашэнкі так сабе. Але ўсё ж ён — не расейскі прапагандыст, дыплямат ці чыноўнік. І асоба, якая да мірных перамоваў дачыненьне мела.
Цалкам імаверна, што расейская прапанова — гэта збольшага змаганьне за сусьветную грамадзкую думку. Украіна змагаецца за стварэньне міжнароднай кааліцыі ў падтрымку мірнага «пляну Зяленскага». Гэтаму будзе прысьвечаная і канфэрэнцыя ў Швайцарыі, якую дружна бэсьцілі і Лукашэнка, і Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці вераць суседзі Беларусі ў напад Расеі? Апытаньне Свабоды. ВІДЭАЗаява пра тое, што Крэмль згодны на перамовы на базе праекту, распрацаванага ў Стамбуле 2 гады таму, — адказ на гэтыя высілкі Кіева і ягоных саюзьнікаў. Маўляў, Масква таксама за мір, за мірныя перамовы.
Гэта пасланьне палітычным элітам на Захадзе і ўкраінскаму насельніцтву. А можа, і ўкраінскім элітам — Лукашэнка намякнуў, што стара-новыя прапановы Крамля могуць спадабацца ўкраінскім вайскоўцам.
Але прапановы зробленыя ўскосна, праз наваяўленага «прэсавага сакратара» Крамля Лукашэнку. Лукашэнка ж агучыў прапанову. Пуцін фактычна кінуў адно слова згоды, кіўнуў, так бы мовіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сярэднім 5,5 раза на год. Як часта Лукашэнка наведваў Расею з 2000 годуТое, што галоўнай мэтай была гэтая роля Лукашэнкі, ускосна пацьвярджаюць ягоныя ўчорашнія заявы журналістам. Крамлёўскі журналіст спытаў яго: ці можа Расея весьці перамовы з Украінай пасьля тэракту ў «Крокусе»? У Расеі ўскладаюць адказнасьць за напад на Ўкраіну.
Лукашэнка гэтую вэрсію ня стаў абвяргаць, нават пацьвердзіў, сказаўшы, што ў тэракце «ўкраінцы толькі падносілі патроны». Але, па сутнасьці, проста адмахнуўся ад яе, даў зразумець, што лічыць гэта наагул няважным. Маўляў, за ўкраінцамі ў тэракце стаяць іншыя сілы, вось зь імі Маскве і трэба размаўляць. А з украінцамі камунікаваць Крамлю гатовы дапамагчы ён. З арганізатарамі тэракту дапаможа дамаўляцца? Сама прапанова паказвае, як нават ён ацэньвае расейскую вэрсію пра «ўкраінскі сьлед» у тэракце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што нападнікі на «Крокус Сіці» спачатку хацелі ўцячы празь Беларусь. Гэта супярэчыць словам ПуцінаДарэчы, згода Пуціна на перамовы на базе стамбульскіх пагадненьняў, хай і выказаная кіўком на словы Лукашэнкі, паказвае, як і сам Пуцін ацэньвае гэтую вэрсію.
Таксама цікавы момант — адказ Лукашэнкі на пытаньне наконт санітарнай зоны на мяжы з Украінай. Пуцін загадаў стварыць такую зону на мяжы РФ з Украінай. Лукашэнка сказаў, што Беларусі падобная зона не патрэбная. Зараз украінцы атакуюць тэрыторыю Расеі. Але не Беларусі. Адказ Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што ён такіх атак не асьцерагаецца і ў будучыні. Чаму? Магчыма, таму, што наконт гэтага з Кіевам у яго ёсьць нейкія дамоўленасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў дывэрсію супраць расейскага самалёта ў Мачулішчах праз тыдзень пасьля здарэньняДарэчы, днямі ён прыгадаў украінскае кіраўніцтва. Зразумела, бэсьціў і папракаў, але назваў прэзыдэнта Ўкраіны па імені і па бацьку. Пасьля дывэрсіі ў Мачулішчах Лукашэнка называў Зяленскага «гнідай», цяпер той стаў ізноў «Уладзімірам Аляксандравічам».
Іншымі словамі, Лукашэнка гэтым разам спатрэбіўся Крамлю ў ролі «добрага сьледчага» адносна Ўкраіны. Таму ад яго не вымагалася лаянка і абвінавачваньні на адрас Кіева, а паўтарэньне ягонай міратворчай рыторыкі аказалася да месца ў новым павароце крамлёўскай палітыкі.
Мірныя перамовы — зусім не адзіны варыянт палітыкі Расеі і нават ня самы імаверны. Пуцін з Лукашэнкам маглі абмяркоўваць і іншыя варыянты. У прыватнасьці, ролю Беларусі ў будучым магчымым наступе Расеі ва Ўкраіне. Гэтая роля — не абавязкова ўдзел наўпрост у вайне ці дазвол скарыстаць тэрыторыю для ўдару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон гатовы адправіць францускае войска ва Ўкраіну, калі расейцы дойдуць да Адэсы ці КіеваГэта хутчэй стрымліваньне Захаду і ціск на Ўкраіну. Ва ўяўленьні Пуціна і Лукашэнкі Захад можа паспрабаваць аказаць вайсковы ціск падчас расейскага наступу. На Крэмль, мяркуючы па ўсім, зрабілі ўражаньне заявы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона наконт магчымага ўдзелу прынамсі францускіх войскаў у вайне.
Лукашэнка на гэтыя перасьцярогі адрэагаваў, не забыўшы адзначыць сваю ўласную ролю ў супольнай з Расеяй абароне ад падступнага Захаду: «Ну, і зараз яны пачалі пагаворваць аб перакіданьні сваіх ужо вайскоўцаў ва Ўкраіну, хутчэй за ўсё, на мяжу да Беларусі. Чакаем, няхай перакідаюць».
Пляны заходніх краінаў пасылаць свае войскі ва Ўкраіну пакуль вельмі туманныя, і ўяўляецца, што мяжа Ўкраіны зь Беларусьсю будзе ці не апошнім месцам, куды іх накіруюць, калі накіруюць наагул. Але хіба важныя такія «дробязі» ў параўнаньні з магчымасьцю і тут адзначыць сваю незаменную ролю абаронцы і Беларусі, і Расеі ад заходніх ворагаў?