Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў дывэрсію супраць расейскага самалёта ў Мачулішчах праз тыдзень пасьля здарэньня


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў».

Аляксандар Лукашэнка падчас уручэньня дзяржаўных ўзнагарод упершыню пракамэнтаваў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах, пра які стала вядома 26 лютага 2023 году.

Пра «тэрарыста»

Як піша прэсавая служба Лукашэнкі, ён паведаміў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў», адказных за інцыдэнт.

Па словах Лукашэнкі, падрыхтоўка да «тэракту» пачалася «ці то паўгода, ці то восем месяцаў таму».

«Служба бясьпекі Ўкраіны, кіраўніцтва ЦРУ (спэцслужба ЗША) ці то збоку, ці то за сьпінай распрацоўваюць апэрацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расеец, з расейскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завэрбаваны спэцслужбай Украіны ў 2014 годзе. Айцішнік або добра разьбіраецца ў IT-тэхналёгіях. Рыхтаваўся для зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў».

Пра апэрацыю

Лукашэнка зазначыў, што апэрацыю правялі, выкарыстоўваючы «самыя высокія тэхналёгіі»:

«Ён [дывэрсант] быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц. Пасьля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так гавораць у КДБ) на нашу тэрыторыю».

Пра пашкоджаньні самалёта

Лукашэнка пасьля тыдня маўчаньня прызнаў факт дывэрсіі і расказаў пра характар пашкоджаньняў расейскага самалёта:

«Быў падрыхтаваны гэты тэракт. Вынікі вы ведаеце. На шчасьце, самалёт ня зьведаў нейкіх значных пашкоджаньняў, акрамя, як яны гавораць, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая вайсковаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі. Мы вам паказвалі гэты самалёт. Як мне паведамілі, ён нават прэзыдэнта сустракаў, калі я вяртаўся з Пэкіна. Тым ня менш мы папрасілі расейцаў, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўваньне і прыслалі нам іншы. Так і адбылося».

Пра разнос сілавікам

Лукашэнка таксама пацьвердзіў, што ўчыніў разнос сілавікам пасьля інцыдэнту:

«Па маім распараджэньні яшчэ да камандзіроўкі ў Кітай (вы, напэўна, пра гэта здагадаліся) былі аддадзены самыя жорсткія распараджэньні сілавікам (вось яны тут знаходзяцца). Там я лаяўся на вас, і матныя словы гаварыў. Гэта абнуляецца сёньня. Але не забывайцеся».

Пра Зяленскага

Лукашэнка азваў Зяленскага «гнідай» і сказаў сілавікам, што «нельга расслабляцца».

«Гніда таму, што ён бегае вакол Беларусі, шле да нас людзей і просіць, як я ўжо казаў: „Давайце заключым пакт аб ненападзе, давайце дамовімся, у нас з вамі няма ніякіх праблем“. На што я казаў: „Мы не зьбіраемся нападаць“. — „Не, давайце падпішам дамову пад заступніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, што вы на нас не нападзяце“. Вы чулі мае ўсе гэтыя заявы. І ў гэты час... Што ж, выклік кінуты», — заявіў Лукашэнка.

Пра зачыстку

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заявіў, што распарадзіўся правесьці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку.

«Каб не было размоў, усе павінны разумець, і я гэтага не адмаўляю, — я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай апэрацыі) па ўсёй краіне правесьці вельмі жорсткую зачыстку».

«Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць... Таму мы іх павінны знайсьці. А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашы хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Найлепшы варыянт — калі яны прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх выратаваньне. Мы іх вылічым усіх. Вычысьцім проста з нашага грамадзтва».

«Яны за гэтыя два з паловай гады так нічога і не зразумелі. Яны не зразумелі, што мы да іх па-людску: калі вы адумаліся — вяртайцеся. І гэта не адмяняе нічога. Ёсьць там адурэлыя, адурманеныя, хай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць. Але тыя, хто зьдзяйсьнялі, а асабліва цяпер зьдзяйсьняюць вось такія падобныя правапарушэньні, — мы іх знойдзем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі і магчымасьці спраўдзіць словы Лукашэнкі няма.

  • Раней ByPol сьцьвярджаў, што дывэрсію выканалі беларускія партызаны пры дапамозе дронаў. Паводле ініцыятывы былых сілавікоў, партызаны выехалі зь Беларусі.
  • 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
  • Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара. Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.
  • Увечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхі аэрадрому.
  • 2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею.
  • Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.
  • Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG