Сьцісла:
- Лукашэнка, адрозна ад многіх іншых аўтарытарных лідэраў, ня любіць юбілеяў прыходу да ўлады і не дае дазволу на іх сьвяткаваньне.
- На беларускім гадзіньніку цяпер час, які Гішпанія і Партугалія перажывалі ў канцы 1960-х. Пасьля 30 гадоў пры ўладзе, рыхтуючыся вось-вось пераступіць рысу 70-гадовага ўзросту, аднаасобны валадар міжволі прадчувае набліжэньне фіналу і рыхтуецца да яго.
- Кожны дыктатар пры канцы жыцьця заклапочаны ўласным месцам у гісторыі і спосабам захаваньня сыстэмы пасьля свайго фізычнага адыходу.
- Вонкава непарушныя дыктатуры часта аказваюцца спарахнелымі ўнутры. Пэўны час пасьля сьмерці правадыроў гэтыя махіны яшчэ працягваюць рухацца па інэрцыі, але сіла інэрцыі хутка сканчаецца.
- Пасьляваенны эўрапейскі досьвед сьведчыць: дыктатарскія рэжымы рэдка здольныя перажыць сваіх стваральнікаў даўжэй чым на некалькі гадоў.
Трыццаць год таму ў такія ж сакавіцкія дні дэпутаты тагачаснага гаваркога, яркага і амаль дэмакратычнага Вярхоўнага Савету Беларусі вырашалі, ці зьявіцца ў дзяржаве пасада прэзыдэнта. Нямногія найбольш прадбачлівыя перасьцерагалі, што гэта можа пагражаць усталяваньнем дыктатуры і дэмантажом усіх сьціплых дэмакратычных заваёваў. Але іхныя ціхія галасы мала хто слухаў і чуў. 15 сакавіка 1994 году п’янаватыя ад свабоды і штодзённых жывых тэлетрансьляцыяў, апанаваныя ўласнымі палітычнымі амбіцыямі і славалюбствам, дэпутаты дружна прагаласавалі за прэзыдэнцтва.
У таго, хто назіраў за імі збоку, магло скласьціся ўражаньне, што ледзь ня кожны зь іх бачыў на новай галоўнай пасадзе ў дзяржаве калі не сябе, то свайго блізкага паплечніка, а сам у будучай пірамідзе ўлады прэтэндаваў прынамсі на партфэль міністра ці крэсла кіраўніка рэгіёну. Беларускі паравоз на ўсіх парах імчаўся ў цьмяную няпэўную будучыню. Ніхто ня думаў, што вельмі хутка на рэйках пад коламі гэтага лякаматыву апынуцца многія зь іх самых.
Амаль усе, хто мог у той момант нешта зьмяніць, легкадумна ціснулі на кнопкі для галасаваньня. Толькі нямногія маглі прадбачыць, што ў выніку іхнага рашэньня цягам наступных доўгіх дзесяцігодзьдзяў Беларусь будзе асацыявацца выключна з пазнавальным профілем вусатага шклоўскага дэпутата, які засяродзіць у сваіх руках усю ўладу ў дзяржаве, а ад прынятай 15 сакавіка 1994 году Канстытуцыі не застанецца амаль нічога, што падзяляла і ўзаемна стрымлівала розныя галіны ўлады.
Лукашэнка, адрозна ад многіх іншых аўтарытарных лідэраў, ня любіць юбілеяў прыходу да ўлады і не дае дазволу на іх шырокае сьвяткаваньне. Напэўна, таму, што яны нагадваюць яму пра ўзрост і пра ягоныя шматлікія прэзыдэнцкія тэрміны, якія засталіся за плячыма. Першапачаткова атачэньне Лукашэнкі спрабавала ладзіць напярэдадні такіх юбілеяў прапагандысцкія кампаніі й сьвяткаваньні.
У 2019-м, незадоўга да 25-годзьдзя, паслужлівая сьвіта нават ініцыявала адлік новай беларускай гісторыі з 1994, а не з 1991 году — пад лёзунгам «Чвэрць стагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці». Але спроба аказалася безвыніковай: Лукашэнка яе не падтрымаў, і кампанія, ледзь пачаўшыся, спакваля згасла. Наўрад ці будзе па-іншаму і цяпер, калі набліжаецца 30-годзьдзе.
Хоць дата ўва ўсіх сэнсах адметная, яна схіляе і да аналізу, і да рэфлексіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і прайграныя выбары. Да чаго рэжым рыхтуе беларусаў, узмацняючы палітычныя рэпрэсііАскепкі аўтарытарнай Эўропы
Чым можа быць заклапочаны дыктатар на схіле веку, пасьля 30 гадоў аднаасобнай улады, усьведамляючы, што адведзены яму гісторыяй час няўмольна скарачаецца і набліжаецца да фіналу? У найноўшай эўрапэйскай гісторыі дыктатараў-доўгажыхароў, якія б пераадолелі 30-гадовы рубеж утрыманьня ўлады, было ня так шмат: дзьве сусьветныя вайны ня надта спрыялі захаванасьці тыраніяў.
Найбольш яскравы прыклад тут — дыктатуры Антонію Салазара ў Партугаліі і Франсыска Франка ў Гішпаніі. Гэтыя два аскепкі старой даваеннай аўтарытарнай Эўропы зь нейкай дзіўнай прыхамаці гісторыі захоўваліся ажно да пачатку 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Усе іхныя суседзі ў Заходняй Эўропе даўно сталі свабоднымі і дэмакратычнымі, шпарка і пасьпяхова рухаліся шляхам пасьляваеннай эканамічнай і палітычнай інтэграцыі. А гэтыя дзьве пірэнэйскія анамаліі, адгароджаныя гарамі на заходнім ускрайку кантынэнту, заставаліся ў змроку таталітарызму аж да таго моманту, пакуль ня скончыўся зямны шлях двух састарэлых дыктатараў.
Якімі былі гэтыя рэжымы пасьля трыццаці гадоў дыктатуры, на пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя? Да чаго імкнуліся? Якія мэты перад сабой ставілі незьмяняльныя лідэры, назіраючы, як усё больш адстаюць ад дэмакратычных суседзяў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маленькія фюрэры вялікай вайны. Які лёс напаткаў памагатых Гітлера, якія ўзначальвалі невялікія ўсходнеэўрапейскія краіныПартугалія: уцёкі моладзі ад вайны і галечы
Трыццацігодзьдзе дыктатуры Салазара — гэта пачатак 60-х гадоў. 70-гадовы партугальскі дыктатар у гэты час яўна заклапочаны тым, якое месца зойме ў нацыянальнай гісторыі. У сьвеце тады шпаркімі тэмпамі адбываўся дэмантаж каляніяльных імпэрыяў. Ні Вялікая Брытанія, ні Францыя ўжо асабліва не супраціўляліся працэсу, які набыў лявінападобны характар. А Салазар яўна хацеў застацца ў гісторыі тым, хто захаваў вялікую каляніяльную імпэрыю. Ён лічыў сябе спадкаемцам вялікіх партугальскіх заваёўнікаў, быў перакананы, што выконвае гістарычную місію і таму нізавошта не хацеў адмовіцца ад заакіянскіх правінцыяў. І ўсе ня надта вялікія сілы маленькай краіны зь дзевяцімільённым насельніцтвам былі кінутыя на ажыцьцяўленьне гэтай мэты.
У выніку маладыя партугальцы ў тыя гады масава ўцякалі з краіны — у Францыю, Бразылію, Вэнэсуэлу, Канаду, Вялікую Брытанію.
«Ад чаго яны ўцякаюць? — пісаў у сувязі з гэтым францускі журналіст К. Мэжан. — Ад галечы, ад турботаў. І яшчэ ад казармы... Ніколі з партугальскай арміі не дэзэртавала гэтулькі людзей, як цяпер, і з цалкам зразумелых прычынаў.
Праз войны у Анголе, Гвінэі і Мазамбіку ўрад увёў такія парадкі ў войску, што ніводзін юнак, які надзеў вайсковую форму, ня можа пазьбегнуць рана ці позна адпраўкі за мора».
Палітычныя рэпрэсіі ў апошнія гады жыцьця не былі аж настолькі жорсткімі і масавымі, як у 30–40-я гады. Праўда, канцлягер Тарафал на выспах Каба-Вэрдэ для палітычных праціўнікаў рэжыму працягваў дзейнічаць. Катаваньні палітзьняволеных, дзейнасьць таемнай паліцыі PIDE, якая без суду ўчыняла расправы над ворагамі дыктатара — усё гэта заставалася атрыбутамі партугальскай дыктатуры. Салазар да сваіх апошніх дзён пільна сачыў, каб ніхто не адважыўся замахнуцца на тое, што ён лічыў толькі сваім, — уладу. Апошняе гучнае палітычнае забойства, санкцыянаванае ім, партугальскія спэцслужбы ўчынілі 13 лютага 1965 году: тады быў забіты апазыцыйны лідэр, апальны генэрал Умбэрту Дэлгаду.
Створаная Салазарам аўтарытарная сыстэма не развалілася адразу пасьля ягонай сьмерці. Больш за тое, калі ў 1968 годзе дыктатар у выніку цяжкога інсульту страціў дзеяздольнасьць, верная сьвіта зрабіла ўсё магчымае, каб улада засталася ў руках ягоных аднадумцаў і паплечнікаў. Пераемнікам Салазара стаў адзін зь ягоных аднадумцаў Марсэлу Каэтану. Самога ж Салазара, прыкаванага да ложку, клапатліва даглядалі, рабілі выгляд, што ён па-ранейшаму застаецца кіраўніком краіны, і нават, каб аберагаць ад непрыемных навін, адмыслова друкавалі ў адным экзэмпляры ягоную ўлюбленую газэту з толькі прыемнымі для яго весткамі.
Так працягвалася яшчэ шэсьць гадоў — да «рэвалюцыі гвазьдзікоў» 1974 году. Новыя пакаленьні партугальцаў не хацелі ні бясконцых каляніяльных войнаў, ні статусу сваёй краіны як найбяднейшай у Заходняй Эўропе, ні яшчэ аднаго Салазара ў прэм’ерскім крэсьле... Дыктатура ў выніку бяскроўнага вайсковага перавароту развалілася хутка і амаль без ахвяраў. Машына рэпрэсіяў, якую амаль сорак гадоў клапатліва ствараў і адладжваў Салазар, не зрабіла амаль нічога, каб абараніць ягоную спадчыну. Каляніяльныя войны спыніліся, Мазамбік і Ангола атрымалі незалежнасьць. Канцлягер Тарафал стаў музэем палітычных рэпрэсіяў. А дзень, калі была зрынутач дыктатура — 25 красавіка — абвешчаны Днём Свабоды і дагэтуль адзначаецца ў Партугаліі як нацыянальнае сьвята.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стаміліся ад вашай вайны». Калі надыходзіць момант, пасьля якога ваяваць больш немагчымаКаўдыльлё Франка: пройгрышны «ход каралём»
30-годзьдзе франкісцкай дыктатуры — гэта другая палова 1960-х гадоў. Каўдыльлё Франсыска Франка мае ўжо за семдзесят гадоў. Палітычныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца, але без былога размаху. У канцы 60-х у краіне пачынаюцца асьцярожныя палітычныя рэформы: прыняты закон аб прэсе, які крыху аслабіў абцугі цэнзуры, дазволеныя страйкі непалітычнага характару, крыху пашыраныя грамадзянскія правы. У краіне шмат гавораць аб нацыянальным прымірэньні. Дыктатар усур’ёз задумаўся, як захаваць сваю палітычную спадчыну і ўласнае пачэснае месца ў нацыянальным пантэоне.
22 ліпеня 1969 году ён абвясьціў, што пасьля ягонай сьмерці каралём Гішпаніі стане прынц Хуан Карлас, унук зрынутага караля Альфонса ХІІІ. Дыктатар лічыў, што гэта стане гарантыяй захаваньня аўтарытарнага ладу і пераемнасьці рэжыму, што менавіта кароль будзе ягоным пераемнікам і пасьлядоўнікам. У рэальнасьці ж малады кароль адразу пасьля ўзыходжаньня на пасад у 1975 годзе распачаў дэмакратычныя рэформы. Стаўленік дыктатара Карляс Навара быў адхілены з пасады прэм’ера і заменены на рэфарматара Адольфа Суарэса. У краіне пачаўся імклівы працэс дэмакратызацыі.
Перад сьмерцю (а яна ў Франка была доўгай і пакутлівай) ён загадаў зьнішчыць архівы, датычныя палітычных рэпрэсіяў. Але загад ня быў выкананы: службоўцы, адказныя за гэта, на свой страх і рызыку захавалі ўсе дакумэнты. Наступнымі дзесяцігодзьдзямі ў Гішпаніі доўга і хваравіта аднаўлялі гістарычную справядлівасьць. Пэўным заключным момантам у гэтым працэсе стаў вынас цела дыктатара з ганаровага месца ў нацыянальным мэмарыяле ў Даліне палеглых. Адбылося гэта ў 2019 годзе — праз 44 гады пасьля сьмерці дыктатара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа, яшчэ два, ну тры гады...». Ці магчымае вяртаньне Беларусі ў сытуацыю «да 2020-га» і ці хоча гэтага Лукашэнка?Супраць ветру гісторыі
Заходняя Эўропа рухалася ў бок інтэграцыі, аб’яднаньня на падмурку агульных дэмакратычных каштоўнасьцяў. А гэтыя дзьве дыктатуры заставаліся нібы па-за эўрапэйскай цывілізацыяй. Хоць самыя дыктатары выдатна бачылі: вецер гісторыі дзьме зусім у іншы бок. Але замест таго каб ставіць ветразі, яны прымушалі свае паднявольныя народы налягаць на вёслы і веславаць у супрацьлеглым кірунку.
Гэта прыблізна тое ж, што рабіў і працягвае рабіць Лукашэнка. Час ягонага прыходу да ўлады — пачатак і сярэдзіна 1990-х — гэта пара, калі ўся Усходняя Эўропа пачала імклівы рух да свабоды, дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Стартавыя магчымасьці ў заходніх і паўночных суседзяў Беларусі — Польшчы, Літвы, Латвіі — былі на той час нічым ня лепшымі за беларускія. Лукашэнка, падобна як у свой час Салазар і Франка — павярнуў карабель сваёй краіны ў супрацьлеглы бок. Сёньня, праз 30 гадоў, большасьці людзей відавочна, чый курс прывёў да лепшых вынікаў.
Афіцыйная прапаганда ў Беларусі скіраваная на тое, каб як мага больш зганьбіць, ачарніць, прынізіць суседзяў. Але за ўсімі гэтымі высілкамі цяжка не разгледзець зайздрасьць, бясьсільную злосьць, помсту і немагчымасьць нешта зьмяніць. Усім, у тым ліку і самому рэжыму, відавочна, дзе болей свабоды, дзе вышэйшы ўзровень жыцьця, куды масава перасяляюцца зь Беларусі людзі, куды зьяжджаюць на заробкі і на вучобу.
Цяжка сказаць, што Лукашэнка лічыць сваім найвялікшым дасягненьнем за 30 мінулых гадоў і які помнік пасьля сябе хоча пакінуць нашчадкам. Пра місію захавальніка каляніяльнай імпэрыі (як Салазару) марыць не выпадае. Пра ролю выратавальніка нацыі ад сусьветнай вайны і камуністычнай навалы (як Франка) — таксама. Тым больш не пасуе місія вялікага аднаўляльніка страчанай імпэрыі, якою хоча замацаваць сваё імя ў гісторыі Пуцін і драматычныя наступствы чаго разгортваюцца зараз ува ўсіх на вачах..
Застаецца хіба што роля захавальніка Беларусі як «палепшанай вэрсіі СССР». Але і тут дасягненьні сумнеўныя. І ад самога Лукашэнкі часам можна пачуць даволі шчырыя прызнаньні на гэты конт з жорсткай канстатацыяй таго, чаго насамрэч дасягнула ўся сыстэма за 30 гадоў ягонага кіраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка сам у Беларусі робіць тое, што Расея штыкамі ва Ўкраіне», — аналітык Фінскага інстытуту міжнародных справаўКолеры савецкай настальгіі
Адметнай у гэтым сэнсе была лютаўская нарада з рэктарамі ВНУ. Чаму моладзь масава зьяжджае вучыцца за мяжу? («Вядома, яны могуць вярнуцца, але з абсалютна перавернутай сьвядомасьцю»). Хто вінаваты, што навучаньне адбываецца паводле састарэлых праграмаў («Ледзь не палова студэнтаў сёньня незадаволеныя якасьцю адукацыі»). Хто і чаму вучыць студэнтаў? («Вы працаўладкоўваеце ўчорашніх «хістальнікаў рэжыму». «Гэта вашых студэнтаў, ачмураных заходнімі каштоўнасьцямі, мы бачылі на плошчах у 2020-м»). І як прысуд створанай уласнымі рукамі сыстэме ідэалягічнай апрацоўкі моладзі: «Наймахровейшы бюракратызм... Усё для адчэпнага: і моладзевыя арганізацыі, і прафсаюзы, і студэнцкія саветы, і іншае... Спыніць гэты фармалізм. Нікому нічога „для галачкі“ не патрэбна!»).
Таму, хто слухае такое ўпершыню, можа падацца: вось жа які дбайны гаспадар — рашуча бярэцца наводзіць парадак. Але зазірніце ў архіўныя справаздачы, стэнаграмы, артыкулы. Дакладна тое ж гучала і дзесяць, і дваццаць, і дваццаць пяць гадоў таму. Ня толькі сёньняшнія студэнты — многія выкладчыкі нарадзіліся, вырасьлі, атрымалі адукацыю і прафэсію пад гэтыя бясконцыя дырэктывы аб адраджэньні правільнага ідэалягічнага выхаваньня і камсамолу, выкараненьні фармалізму і адраджэньні найлепшых традыцыяў савецкага мінулага. Заўсёды з аднолькавым вынікам.
За тры дзесяцігодзьдзі Лукашэнка распачынаў нямала афарбаваных у колеры савецкай настальгіі кампаніяў і ініцыятываў, якія, відаць, мелі замацаваць ягонае імя ў нацыянальнай гісторыі. Беларусь ён імкнуўся ператварыць у вялікую спартовую (і асабліва хакейную) дзяржаву. Як своеасаблівыя архітэктурныя помнікі Лукашэнку задумваліся лядовыя палацы ледзь ня ў кожным раённым цэнтры і аграгарадкі ў кожным буйным калгасе. Адроджаныя партыя, камсамол і піянэры мусілі стаць падмуркам для ідэйнага выхаваньня новых пакаленьняў, якія і думаць не маглі б ні пра што іншае, як пра ідэальны дыктатарскі лад, запачаткаваны Лукашэнкам.
На тэму ўсяго гэтага Лукашэнка і цяпер час ад часу праводзіць нарады, робіць гнеўныя разборы, наладжвае прачуханкі падначаленым. І суправаджаюцца яны найчасьцей тымі ж раздражненьнем і расчараваньнем, што і працытаваная вышэй нарада аб адукацыі. Краіна фактычна выкрасьлена зь вялікага міжнароднага спорту, а нацыянальны спорт дэградуе; лядовыя палацы паўсюль стратныя, выцягваюць апошнія грошы са сьціплых мясцовых бюджэтаў; аграгарадкі ў шмат якіх занядбаных калгасах развальваюцца; камсамол і піянэры замест ідэйнага стрыжня ператварыліся ў рассаднік махровага бюракратызму і фармалізму...Чым ганарыцца, падсумоўваючы 30-годзьдзе ўсталяваньня «цьвёрдага парадку»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўдарогі да канца вайны. Чаму Лукашэнка перастаў гаварыць пра будучую перамогу РасеіНабліжэньне фіналу
Вельмі падобна, што на беларускім гадзіньніку цяпер час, які Гішпанія і Партугалія перажывалі ў канцы 1960-х. Пасьля 30 гадоў пры ўладзе, рыхтуючыся вось-вось пераступіць рысу 70-гадовага ўзросту, аднаасобны валадар міжволі прадчувае набліжэньне фіналу, а таму заклапочаны ўласным месцам у гісторыі і спосабам захаваньня сыстэмы пасьля свайго фізычнага сыходу.
І партугальскі, і гішпанскі дыктатары былі добра абазнаныя ў тым, як утрымліваць уладу — і да апошняга ўздыху не выпускалі яе з рук, зьнішчаючы патэнцыйных канкурэнтаў, не спыняючы палітычныя рэпрэсіі. І адданых пераемнікаў, як ім здавалася, добра падрыхтавалі, і ўласнае ганаровае месца ў гісторыі зарэзэрвавалі, і падручнікі гісторыі пад сябе перапісалі, і адпаведныя законы дзеля гарантыяў нашчадкам забясьпечылі.... Але вонкава непарушныя дыктатуры аказаліся абсалютна спарахнелымі ўнутры. Пэўны час пасьля сьмерці правадыроў гэтыя махіны яшчэ працягвалі рухацца па інэрцыі. Але зусім ненадоўга — толькі на некалькі гадоў — перажылі сваіх стваральнікаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падзея, безь якой Віцебск і Магілёў засталіся б расейскімі, а Лукашэнка ня меў бы шанцаў стаць прэзыдэнтам Беларусі