Жонка памерлага расейскага палітыка Аляксея Навальнага Юлія выпусьціла 19 лютага відэазварот, у якім заявіла, што працягне справу мужа. Публікацыя за 2 гадзіны сабрала больш за мільён праглядаў. Што вядома пра жонку расейскага палітвязьня, які памёр у калёніі на Ямале?
Юлія і Аляксей Навальныя — аднагодкі, яны пазнаёміліся, калі абаім было па 22 гады. Цяпер Юліі Навальнай 47 гадоў. У 2001 годзе ў іх нарадзілася дачка Дар’я, у 2008-м — сын Захар. Юлія — эканаміст-міжнароднік паводле адукацыі, выпускніца Расейскага эканамічнага ўнівэрсытэту імя Пляханава. Пасьля дзьвюх цяжкіх цяжарнасьцяў яна не вярнулася да ўласнай кар’еры і цалкам прысьвяціла сябе сям'і, адзначае тэлеканал «Настоящее время».
«Сваю галоўную задачу я бачу ў тым, каб, нягледзячы ні на што, у нас у сям'і нічога не зьмянілася: дзеці былі дзецьмі, а дом — домам», — камэнтавала яна ў адным з інтэрвію сваё рашэньне быць перш за ўсё жонкай палітыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я працягну справу Аляксея», — Юлія Навальная выпусціла відэазварот пасьля сьмерці мужа ў калёнііНа ўсіх этапах палітычнай і пратэставай дзейнасьці Навальнага Юлія была зь ім побач: на мітынгах, у перадвыбарчым штабе падчас кампаніі на выбарах мэра Масквы 2013 году, у 2017-м, калі Навальны вылучаўся ў прэзыдэнты. Ва ўсіх судах — ад працэсаў «Кіраўлеса» і «Іў Рашэ» да апошняй сустрэчы падчас выязнога паседжаньня ва ўладзімірскай ПК-2, дзе Навальнаму прысудзілі 9 гадоў калёніі ў справе аб «махлярстве» і «абразе суду».
У сваім звароце 19 лютага 2024 году Юлія Навальная паведаміла, што дзень прысуду ў сакавіку 2022 году быў апошнім днём, калі яна была побач з мужам і магла яго абняць. З таго часу спатканьняў ім не давалі.
Суразмоўцы журналістаў, якія пісалі пра Юлію Навальную, расказваюць, што яна чалавек закрыты і стрыманы: «Яна заўсёды вельмі ветлівая і прыязная, але вы ніколі нічога пра яе не даведаецеся, калі не ўваходзіце ў яе найбліжэйшае асяродзьдзе», — цытавала аднаго са сваіх суразмоўцаў з атачэньня Юліі Навальнай журналістка Юлія Ёфэ, якая напісала пра яе ў ліпені 2021 году вялікі матэрыял для амэрыканскага часопіса Vanity Fair.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Навальная: Пуцін і яго атачэньне вельмі хутка панясуць адказнасьцьСам Аляксей Навальны ў сумесным з жонкай інтэрвію Юрыю Дудзю казаў: у тым, што тычыцца палітычных поглядаў, яго жонка больш «радыкалізаваная», чым ён сам.
Таксама Юлія была з мужам пасьля яго атручэньня ў Омску і дамаглася адпраўкі ў Нямеччыну на лячэньне. Тады Аляксей выжыў, але, акрыяўшы, вырашыў вярнуцца ў Расею, дзе яго арыштавалі і асудзілі.
У гутарцы з журналісткай Ёфэ Хрыста Грозеў з Bellingcat, які разам з Навальным расьсьледаваў спробу яго забойства «Навічком», расказаў, што Юлія Навальная не адгаворвала мужа ад вяртаньня ў Расею: «Яна сказала: „Так, ён павінен ехаць“».
Юлія апошнімі гадамі знаходзіцца за мяжой, уваходзіць у раду дырэктараў міжнароднага ФБК. Як нагадала ў панядзелак палітычная журналістка Фарыда Рустамава ў сваім тэлеграм-канале, улетку 2023 году расейскія ўлады праз прапагандыстаў публічна пагражалі Навальным арыштам: тэлеканал RT са спасылкай на свае крыніцы ў сілавых органах паведамляў, што калі яна прыедзе ў Расею, яе арыштуюць „проста ў аэрапорце“ па тых жа артыкулах, што ставяць у віну самому Аляксею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра Навальную: «Я паважаю яе рашэньне працягнуць справу мужа»- Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
- Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
- Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
- З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
- У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
- Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
- «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
- Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
- Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам. У ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.