Лукашэнка і прайграныя выбары. Да чаго рэжым рыхтуе беларусаў, узмацняючы палітычныя рэпрэсіі

Міхаіл Гарбачоў, Аляксандар Лукашэнка, Вячаслаў Кебіч. Каляж

Чаму многія абставіны і ўмовы выбарчай кампаніі, якая адбываецца цяпер у Беларусі, сьведчаць пра страх і няўпэўненасьць рэжыму ва ўласнай будучыні.

Сьцісла:

  • Калі пасьля доўгіх гадоў таталітарызму і аўтарытарызму ў маналіце самаўладзьдзя ўзьнікае нават нязначная шчыліна, расколіна і ў яе трапляе маленькае зярнятка свабоды — увесь маналіт вельмі хутка апынаецца пад пагрозай.
  • Каб грамадзянін адважыўся на публічны пратэст, патрэбна наяўнасьць у краіне хаця б мінімальнай прасторы свабоды.
  • Лукашэнка ў свой час трапіў на вяршыню ўлады дзякуючы кароткаму пэрыяду адноснай гарбачоўскай лібэралізацыі. І наступныя 30 гадоў рабіў і робіць усё магчымае, каб нічога падобнага ў Беларусі не паўтарылася.
  • Боязь уласнага грамадзтва, недавер да яго, жаданьне не пакінуць людзям і самай малой надзеі на тое, што перамены магчымыя, — вось што стаіць за цяжкавытлумачальнай гістэрычнай падрыхтоўкай улады да «выбараў».

Шматлікія засьцярогі і нэрвовая падрыхтоўка ўлады да «адзінага дня галасаваньня» як да нейкай спэцапэрацыі, з мабілізацыяй сілавікоў і ўзмацненьнем палітычных рэпрэсій, выглядаюць празьмернымі і цяжкавытлумачальнымі. Але такое ўражаньне можа аказацца памылковым.

Як Лукашэнка вучыўся нішчыць свабодныя выбары

Выбарчая кампанія, у якой нават пры вельмі вялікім жаданьні немагчыма разгледзець хоць бы якой інтрыгі, набліжаецца да завяршэньня. Немагчыма прыгадаць, каб за апошнія трыццаць гадоў выбары ў Беларусі адбываліся ў настолькі ж дыстыляванай для кіроўнага рэжыму атмасфэры. Апазыцыя зьнішчаная, незалежныя грамадзкія арганізацыі зьліквідаваныя, усе яркія палітычныя лідэры — у турмах альбо ў выгнаньні. Сьпіс кандыдатаў прайшоў празь дзясяткі праверак і ўзгадненьняў; будучых уладальнікаў дэпутацкіх мандатаў з дакладнасьцю 99% можна назваць ужо сёньня. Усе выбарчыя камісіі цалкам паслухмяныя, вымуштраваныя і апрабаваныя на мінулых выбарчых кампаніях.

І тым ня менш улада яўна нэрвуецца. Увесь дзяржапарат трымаюць у трывожным напружаньні. Сілавікоў рыхтуюць ледзь не да штурмаў выбарчых участкаў. ГУБАЗіК сутаргава праводзіць усё новыя рэйды па тых, хто нібыта «схаваўся пад плінтусам». Паўторна «зачышчаюць» тых, хто ўжо нібыта быў зачышчаны і нават адбыў пакараньне... Чаго ж ён баіцца? Дзеля чаго гэта ўсё патрэбна напярэдадні відавочнага для ўсіх фарсу з «трыюмфальнай перамогай» у фінале?

У Лукашэнкі вострае інтуітыўнае адчуваньне стану грамадзтва. І багаты асабісты палітычны досьвед, якім шмат што можна растлумачыць.

Трыццаць пяць гадоў таму ў такія ж золкія лютаўскія дні 1989-га 35-гадовы Лукашэнка — энэргічны, дзёрзкі, амбітны — ламануўся ў расчыненыя Гарбачовым дзьверы ў вялікую палітыку, у якія раней яго ні пры якіх абставінах не пусьцілі б нават на парог. Усяго за ягонымі плячыма тры выбарчыя кампаніі, падчас якіх ён на параўнальна свабодных і дэмакратычных выбарах змагаўся за народны мандат. Дзьве зь іх (1990 і 1994 гадоў) сталі для яго пасьпяховымі, пераможнымі, і пра іх шмат расказана і напісана. А вось самая першая кампанія (1989 год, выбары ў саюзны парлямэнт) скончылася для яго паразай. Хоць няўдалай яе можна назваць толькі ўмоўна: насамрэч здабыты тады палітычны досьвед Лукашэнка шырока выкарыстоўвае і цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнкава «палітбюро». Нават сыходзячы, ён будзе імкнуцца захаваць пасьля сябе дыктатуру

Подых свабоды

У грамадзкай сьвядомасьці з дапамогай прапаганды (і самога Лукашэнкі) доўгія гады насаджаецца міт пра «разгул дэмакратыі» пры Гарбачову. І гэты стэрэатып сапраўды замацаваўся ў калектыўнай памяці. Але давайце ўспомнім тыя выбары 1989 года, якія нарадзілі памятны многім Зьезд народных дэпутатаў СССР, за трансьляцыямі зь якога савецкія грамадзяне ўлетку 1989-га сачылі, як за займальным трылерам. Аб’ектыўна: ні роўнымі, ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі тыя першыя выбары не былі. Партыйны апарат прыдумаў складаную шматступеньчатую схему, якая пры любым раскладзе гарантавала, што ўлада застанецца ў руках КПСС.

Зьезд народных дэпутатаў СССР. Ля трыбуны Андрэй Сахараў, на трыбуне Сяргей Чырвонапіскі. Масква, 1989

Папраўдзе, апазыцыйна настроенай частцы грамадзтва толькі трохі прыадчынілі дзьверы. Траціна дэпутатаў павінна была выбірацца не наўпрост, а ад партыі і падкантрольных ёй арганізацый. Каб вылучыцца і зарэгістравацца, патэнцыйны кандыдат павінен быў прайсьці праз арганізаваны намэнклятурай «перадвыбарны сход», які станавіўся своеасаблівым сітам для няўгодных. Іншымі словамі, партыйная намэнклятура загадзя гарантавала сабе фору, спрыяльны вынік пры любым сцэнары.

Але і такія засьцерагальнікі спрацавалі слаба: нават нязначнай ступені свабоды, нават маленечкай шчыліны хапіла для таго, каб у дэпутаты трапілі яркія неардынарныя асобы — таленавітыя прамоўцы, незалежныя інтэлектуалы, якія на тле шэрай бязмоўнай намэнклятурнай масы выглядалі зоркамі палітыкі. Варта прыгадаць імёны Андрэя Сахарава, Дзьмітрыя Ліхачова, Алеся Адамовіча, Ягора Якаўлева, Гаўрыіла Папова, Юрыя Чарнічэнкі... У тую шчыліну паспрабаваў уплішчыцца і малады Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рыхтуюцца выбары ў Беларусі і навошта сустракаліся Пуцін і Лукашэнка. Вынікі тыдня ад Карбалевіча

Як Лукашэнка кінуў выклік партыйнай намэнклятуры

Тады, у канцы 1988-га і на пачатку 1989-га, 35-гадовы дырэктар саўгасу «Гарадзец» Лукашэнка зразумеў, што зьявіўся шанец, якога ў яго ніколі раней не было: стаць дэпутатам саюзнага ўзроўню ў абыход намэнклятуры, ігнаруючы рашэньні і жаданьні мясцовых райкаму і абкаму партыі. І ён вылучыў сваю кандыдатуру — у той акрузе, у якой улады ўжо зарэзэрвавалі месца для Вячаслава Кебіча (тады Кебіч быў намесьнікам старшыні ўраду БССР, старшынёй Дзяржпляну). Не зарэгістраваць Лукашэнку кандыдатам мясцовыя ўлады не наважыліся (хоць і маглі такое зрабіць).

Вячаслаў Кебіч

А вось весьці выбарчую кампанію ўсяляк заміналі: то памяшканьне клюбу, адведзенае для сустрэчы з выбарнікамі, аказвалася раптам зачыненым, то ўвогуле перадвыбарны сход у калгасе зьнянацку адменяць. І ўсё ж і сустрэчы, і сходы адбываліся. Лукашэнка заўзята і пераканаўча прабіраў уладу: выкрываў чыноўніцкія злоўжываньні, расказваў пра намэнклятурныя прывілеі. Васіль Лявонаў, тагачасны першы сакратар Магілёўскага абкаму партыі, пазьней успамінаў (цытата з кнігі Аляксандра Фядуты «Лукашэнка. Палітычная біяграфія»):

«Лукашэнка крычаў пра партакратаў, якія зажэрліся, пра машыны, пайкі, рэзыдэнцыі для адпачынку. Не сумняваюся, што ў Лукашэнкі і быць не магло ніякіх зьвестак пра тое, што Кебіч паводзіць сябе як-небудзь амаральна. Ён тады ўжо ўдала асядлаў коніка, які ў далейшым і вывез яго на самыя вярхі. Гэтым „конікам“ была апантаная апэляцыя да пачуцьцяў. Да шчырай нянавісьці выбарнікаў да чыноўнікаў і ўлады, якія адасобіліся ад народа, канчаткова перасталі быць „сваімі“, зразумелымі».

Лукашэнку ў выніку тых выбараў налічылі 45,7 працэнта галасоў, Кебічу — 51 працэнт. Наколькі аб’ектыўным быў падлік бюлетэняў, пытаньне спрэчнае. Як і тое, ці забыў і ці дараваў Лукашэнка тыя свае крыўды магілёўскім начальнікам, якія ўрэшце не дапусьцілі яго да саюзнага парлямэнту. Мяркуючы па тым, што Васіль Лявонаў у 1997 годзе менавіта з санкцыі Лукашэнкі быў прылюдна арыштаваны і апынуўся ў турме, дзе правёў некалькі наступных гадоў, — і не забыў, і не дараваў.

Магчыма, галоўнае, што тады было засвоена Лукашэнкам, як і ўсімі іншымі ўдзельнікамі і сьведкамі тых палітычных працэсаў: калі пасьля доўгіх гадоў таталітарызму і аўтарытарызму ў маналіце самаўладзьдзя ўзьнікае нават нязначная шчыліна, расколіна і ў яе трапляе маленькае зярнятка свабоды — увесь маналіт вельмі хутка апынаецца пад пагрозай. Тое, што вырастае зь зярнятка, імгненна разбурае ўсю бэтонную канструкцыю сваімі жывымі каранямі, якія хутка разрастаюцца і трушчаць закарузлы і нерухомы таталітарны падмурак, якім бы вонкава непарушным ён ні выглядаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра ролю УНС у пэрыяд зьмены пакаленьняў: «Нам бы не паўтарыць гарбачоўскі пэрыяд»

Каб больш ніякіх лукашэнак!

Парадокс: сам ён прыйшоў да ўлады, «трапіў у абойму» менавіта дзякуючы таму кароткаму пэрыяду адноснай гарбачоўскай свабоды. Дзеля ажыцьцяўленьня сваёй мэты прайшоў праз жорсткую сур’ёзную палітычную барацьбу. І ня раз станавіўся пераможцам. Але, дамогшыся ўсяго жаданага, сам стаўшы на тое месца, на якім калісьці былі Лявонаў і Кебіч, наступныя трыццаць гадоў зь веданьнем справы, настойліва і пасьлядоўна выкараняў усё тое, што калісьці дапамагло яму прабіцца да стырна дзяржавы, рабіў усё магчымае, каб нічога падобнага ў Беларусі не паўтарылася. Каб ніякай магчымасьці для зьяўленьня новага Лукашэнкі больш і блізка не было.

Вячаслаў Кебіч падае два пальцы Аляксандру Лукашэнку ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Менск, 31 траўня 1994

Тых, хто спрабавалі капіяваць ягоныя стыль, прыёмы і мэтады, за трыццаць апошніх гадоў было нямала. Але Лукашэнка такіх кожны раз пільна выглядаў, адсочваў — і зьнішчаў з асаблівай жорсткасьцю. Так было і зь Сяргеем Антончыкам у сярэдзіне 90-х, і з Аляксандрам Казуліным у 2006-м, і з Андрэем Саньнікавым у 2010-м, і зь Сяргеем Ціханоўскім у 2020-м. Асядлаць таго самага коніка і выскачыць зьнянацку, як Піліп з канапель, уварваўшыся ў вялікую палітыку, ён больш нікому не дазволіў.

Адметна, што падчас гэтай выбарчай кампаніі некаторыя заўзятыя прыхільнікі Лукашэнкі таксама паспрабавалі ўдзельнічаць у выбарах насуперак загадзя складзеным плянам і разьлікам намэнклятуры — відавочна, разьлічваючы на тое, што іх за былыя заслугі і актыўную пралукашэнкаўскую пазыцыю не адважацца не зарэгістраваць, дадуць магчымасьць паўдзельнічаць у кампаніі. Разьлікі былі марнымі. Парушальнікаў негалосных правілаў без усялякіх цырымоній проста адсеялі на этапе рэгістрацыі, як якіх-небудзь апазыцыянэраў.

Кандыдата ў прэзыдэнты Казуліна не пусьцілі на афіцыйна Ўсебеларускі сход. Менск, 2006

Цікава, што найноўшая беларуская гісторыя магла б скласьціся зусім іначай, калі б тады, у сакавіку 1989-га, Лукашэнку прапусьцілі ў народныя дэпутаты СССР. Ён, без сумневу, стаў бы адной з самых прыкметных і пазнавальных асобаў на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР, часта выступаў бы з саюзнай трыбуны, магчыма, нават запісаўся б у якую-небудзь уплывовую дэпутацкую групу... Але ня трапіў бы ў 1990-м у Вярхоўны Савет Беларусі. А гісторыя саюзнага парлямэнту была хоць і яркай, але кароткай: ён зьнік усяго пасьля двух гадоў існаваньня, разам з распадам СССР. І хто цяпер памятае імёны тых прадстаўнікоў Беларусі, якія, адрозна ад Лукашэнкі, здолелі перамагчы на выбарах 1989 году — Мікалая Бабрыцкага, Аляксандра Жураўлёва, Мікалая Петрушэнкі?.. У рэальнасьці ў доўгатэрміновай перспэктыве тая параза Лукашэнкі аказалася ягонай, магчыма, найважнейшай у жыцьці перамогай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каго вы спрабуеце падмануць?». Чаму дакладваць Лукашэнку няпраўду стала для ягоных падначаленых звыклай справай

Імітацыя канкурэнцыі

Яркая пляма на шэрым і бляклым тле гэтай выбарчай кампаніі — імітацыя канкурэнцыі. На 110 дэпутацкіх месцаў у Палаце прадстаўнікоў улады зарэгістравалі 265 кандыдатаў (2,4 чалавека на адзін мандат.) Дэталь, якая абсалютна ня ўпісваецца ў клясычны сцэнар савецкіх выбараў. Навошта гэта спатрэбілася ўладзе? Каго гэтым зьбіраюцца ўразіць ці ўвесьці ў зман?

Многае тут, пэўна, таксама можна патлумачыць асабістым палітычным досьведам Лукашэнкі, ягонымі ўяўленьнямі пра тое, як павінны выглядаць выбары. У брэжнеўскім СССР часта пасьмейваліся над савецкім галасаваньнем: што ж гэта за выбары, калі ў бюлетэні толькі адно імя?

Ну і ў палітычнай біяграфіі Лукашэнкі ўсе тыя тры адносна сумленныя выбарчыя кампаніі, у якіх ён удзельнічаў у 1989–1994 гадах, былі кампаніямі канкурэнтнымі, зь некалькімі кандыдатамі, з рэальным палітычным суперніцтвам. Магчыма, той адгалосак далёкіх гадоў палітычнай маладосьці адбіўся цяпер на тым, што мясцовай вэртыкалі аддадзены загад «изобразить» канкурэнцыю. Такая вось прыхамаць першай асобы.

Лукашэнка з аўтаматам прыляцеў у сваю рэзыдэнцыю. Менск, 23 жніўня 2020

Сёньня нішто не паказвае на тое, што ў Беларусі ў блізкай будучыні магчымыя грамадзкія хваляваньні. Каб грамадзянін адважыўся на публічны пратэст, патрэбна наяўнасьць у краіне хаця б мінімальнай прасторы свабоды. Калі за бела-чырвоны шалік ці стужку ў валасах даюць пяць гадоў турмы, пра які выхад на вуліцу можа ісьці размова?

«Бэтанаваньне» дыктатуры адбываецца з запасам трываласьці, каб не пакінуць ніякай шчыліны. Калі ў Лукашэнкі і заставаліся яшчэ нейкія сумневы наконт рэальных настрояў у грамадзтве, то іх канчаткова разьвеяў 2020 год. Боязь уласнага грамадзтва, недавер да яго, жаданьне не пакінуць людзям і самай малой надзеі на тое, што магчымыя нейкія перамены, — вось што стаіць за гэтай цяжкавытлумачальнай гістэрычнай падрыхтоўкай да «выбараў». У 2025 год — год, калі павінна адбыцца чарговае перавыбраньне Лукашэнкі, — Беларусь павінна ўвайсьці паслухмянай, запалоханай і пакорлівай. Рэпэтыцыя гэтага адбываецца зараз, у нас на вачах.

Зрэшты, магчымае і яшчэ адно абгрунтаваньне, пра якое мы пакуль можам ня ведаць, толькі здагадвацца. Як ня ведалі пра хуткую вайну ва Ўкраіне, калі ўвесну 2021-га Лукашэнка раптам пачаў «татальную зачыстку» і маштабныя палітычныя рэпрэсіі. На той момант ён ужо яўна быў праінфармаваны Пуціным пра тое, што той рыхтуе сьвету і ўва што Лукашэнка абавязаўся ўцягнуць (і ўцягнуў) Беларусь. І адпаведным чынам, паводле інструкцый Крамля, рыхтаваў краіну да гэтага. Хто ведае, ці зьяўляецца вайна ва Ўкраіне апошняй пуцінскай авантурай і ці не рыхтуе ён для Захаду ў блізкай будучыні яшчэ нешта падобнае?.. Прынамсі, тое, што ў Расеі адначасова (і яўна ўзгоднена) зь Беларусьсю адбываецца ўзмацненьне палітычных рэпрэсіяў і зьяўленьне ўсё новых прыкмет і атрыбутаў таталітарнай дзяржавы, можа сьведчыць якраз пра гэта.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася зь сем’ямі дыктатараў і што можа чакаць сям’ю Лукашэнкі пасьля яго адстаўкі