Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.
«Хацелі б мы гэтага ці не, ідзе зьмена пакаленьняў. І гэта заўжды вельмі небясьпечны пэрыяд. Яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсьці. Нам бы не паўтарыць гарбачоўскі пэрыяд, калі мы як мульцікі глядзелі, радаваліся: ах, шчасьце прыйдзе! Краіну развалілі і ў яму трапілі, Нам гэтага нельга паўтарыць. Таму гэты орган вельмі важны для нас, яго трэба ўмантаваць у нашае жыцьцё» — сказаў Лукашэнка.
УНС, паводле Лукашэнкі, «павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў, быць на варце, ён павінен бачыць, што адбываецца». «Таму і вайсковую дактрыну, і канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі — пытаньні вайны і міру (для нас яны найважнейшыя) — менавіта там павінны вырашаць».
- Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС зьяўляецца «найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладзьдзя». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
- УНС будзе зацьвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, вайсковую дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў ды інш.
- У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае пасяджэньне «ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе. Вылучэньне кандыдатаў ва УНС пройдзе з 12 па 31 сакавіка.