Леанід Лыч (1929-2021) — доктар гістарычных навук, прафэсар, публіцыст, аўтар нашумелай працы «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў як варыянт захаваньня іх этнакультурнай самабытнасьці».
На 95 год з дня нараджэньня навукоўца Леаніда Лыча, які памёр 17 студзеня 2021 году, мы прыгадваем ягонае інтэрвію Свабодзе, у якім пералічаныя самыя важныя этапы жыцьця на фоне агульнай гісторыі Беларусі.
Першая публікацыя артыкула 8 лютага 2019 года.
Працаваў у сыстэме ГУЛАГу
Леанід Лыч нарадзіўся 8 лютага 1929 году ў мястэчку Магільна на Узьдзеншчыне. У яго ёсьць ня менш вядомы малодшы брат Генадзь Лыч — доктар эканамічных навук, акадэмік.
Пасьля школы будучы гісторык спачатку вучыўся ў Менскім статыстычным тэхнікуме, потым у школе міліцыі. Быў накіраваны ў Азёрлаг — апэратыўным упаўнаважаным у лягер палітвязьняў у Сыбіры. Доўга там ня вытрымаў, са скандалам сышоў. Нейкі час быў інспэктарам па культуры ў калёніі інвалідаў.
Пасьля сьмерці Сталіна дэмабілізаваўся і перабраўся ў расейскую Ўфу, скончыў гістарычны факультэт Башкірскага пэдагагічнага інстытуту, працаваў настаўнікам. Урэшце вярнуўся на радзіму, ад 1962 году працуе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Дасьледаваў сацыяльна-клясавыя адносіны ў савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку і міжнацыянальныя адносіны ў Беларусі ў XIX–XX стагодзьдзях.
Адзін з аўтараў «Гісторыі Менску», «Гісторыі Беларускай ССР», «Нарысаў гісторыі Беларусі» ды іншых прац. Цягам 1992–1996 гадоў узначальваў Тапанімічную камісію пры прэзыдыюме Вярхоўнага Савету Беларусі. Вядомы сваёй публіцыстыкай, прысьвечанай праблемам нацыянальнай культуры і моўнай палітыкі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па дзясятку кніг за год за ўласны кошт». У памяць пра гісторыка Леаніда ЛычаДоўгажыхарскі прыклад Барыса Кіта
У адказ на віншаваньні ды пажаданьне браць прыклад з Барыса Кіта, які паказаў, што беларусы могуць браць 100-гадовы рубеж, юбіляр са сьмехам адказаў:
«Натуральна, бяру прыклад з Кіта. Праўда, Барыс Уладзімеравіч шмат гадоў меў выгоды найлепшай замежнай мэдыцыны, а я за ўсё жыцьцё ніводнага разу нават ня быў у санаторыі. Уласны рэцэпт добрага фізычнага і маральнага стану для свайго ўзросту магу патлумачыць толькі «добрай самаарганізацыяй».
На долю Леаніда Лыча выпала надзвычай насычанае жыцьцё, якое ён сам падзяляе на асобныя гістарычныя этапы.
Даваенны час: калектывізацыя, раскулачваньне, рэпрэсіі
«Мы жылі на левым баку Нёману, які належаў савецкай Беларусі. Там стаяла памежная камэндатура. Хоць гэта і было ў маім дзяцінстве, але, відаць, я ўжо тады быў хлапец досыць кемлівы, начытаны: добра разумеў, дзе пачынаецца і канчаецца сацыялізм, а дзе капіталізм.
Прынамсі ў 10 гадоў ужо дацяміў, што такое Сыбір, Далёкі Ўсход, Казахстан: калі чалавека забіраюць і кудысьці вывозяць, наўрад ці ён калі-небудзь ужо вернецца ў сваю родную вёску. Чаму? Усё проста: аднаасобнік ніяк ня ўпісваўся ў генэральную лінію партыі».
Другая сусьветная вайна: беларускі падзел, штучная гераізацыя
«Пакуль да нас дакацілася вайна, мне ўжо ішоў 13-ы годзік. Пра той час у мяне вельмі глыбокія і, думаю, справядлівыя веды. Шмат з таго, што дагэтуль пішуць у газэтах, кнігах, вельмі далёка ад рэчаіснасьці. Уласную карціну прамінулых падзеяў я складваю перадусім з успамінаў, а не з таго, што недзе вычытваю — асабліва з наштампаванага за савецкім часу.
Бо калі жывапісна апісваюць, што забілі ў сталоўцы чатырох афіцэраў СД, а маўчаць пра тое, што дзеля гэтага ахвяравалі жыцьцём шасьці сотняў нашых людзей, дык гэта, мякка кажучы, перакос».
Паваеннае аднаўленьне: рух у няправільным кірунку
«Я быў ужо студэнтам статыстычнага тэхнікуму, бачыў, як людзі стараюцца падняць руіны. Цяпер мы справядліва ня згадваем ні пра спаборніцтвы, ні пра рух да камунізму, але ўжо тады быў зроблены няправільны ідэалягічны ўхіл.
Сёньня на ўсіх узроўнях мусіруецца ідэя „малой радзімы“, і пры гэтым няма напамінаў, што менавіта тады, у час маштабнай індустрыялізацыі, пачаў закладацца падмурак пад зьнішчэньне вёскі. І ня будзе дараваньня, калі дапусьцім разбурэньне нашай асновы, глебы для нацыянальнага генафонду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як 20 гадоў таму тарашкевіца перамагла дзяржаву ў судзеГарбачоўская перабудова: разбурэньне жалезнай заслоны
«Бадай, самая сьветлая часіна ня толькі ў маім жыцьці, а і ўсіх беларусаў. Тады з вуснаў Міхаіла Гарбачова ці не ўпершыню прагучала: нават калі невялічкая нацыя загіне разам са сваёй культурай і мовай, гэта трагедыя для ўсяго цывілізаванага сьвету. Вось і ўзьнікла падстава задумацца: не такая і малая нацыя, а гінем.
У сярэдзіне 1980-х нашыя закіды пачулі маскоўскія партыйныя работнікі высокага рангу: так, у Беларусі існуе нацыянальная праблема. Ні Мазураў, ні Машэраў такім чынам пытаньне не ўздымалі. Ад таго часу пачалося нашае нацыянальнае абуджэньне».
Прэзыдэнцкае кіраваньне: нацыянальны застой
Мы сталі банальным эканамічным быдлам у сьвеце цывілізацыі. Ніколі яшчэ мы не былі так блізка да этнічнага скону, як сёньня
«Што тычыцца апошняй чвэрці стагодзьдзя, дык хай бы яго не было, чым такое. Нават пры клясычнай савецкай уладзе першыя сакратары, старшыні Саўміну (нават прысланыя з Масквы) не адважваліся гаварыць, што беларусы — частка рускай нацыі і таму называць нас „рускімі са знакам якасьці“. Ніхто не адмаўляў у арыгінальнасьці, самабытнасьці нашай культуры і мове.
Мы сталі банальным эканамічным быдлам у сьвеце цывілізацыі. Той этап, у якім жывём сёньня, самы пагрозьлівы для нашага народу. Ніколі яшчэ мы не былі так блізка да этнічнага скону, як сёньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Беларуская мова — гарант нашай прысутнасьці ў сьвеце, — Уладзімер ЛобачПра ідэю Леаніда Лыча аб «залатым мільёне» беларусаў
Нейкі час таму Леанід Лыч прапанаваў уласны рэцэпт уратаваньня ад татальнай русыфікацыі: сабраць «залаты мільён» сьвядомых жыхароў Беларусі і кампактна засяліць імі адасобленую тэрыторыю.
На запас ёсьць і плян Б: некалькі сотняў тысяч беларусаў за кошт міжнародных арганізацыяў перасяліць у малазаселеныя раёны Аўстраліі ці Канады і забясьпечыць усім неабходным для самабытнага этнакультурнага разьвіцьця.
На перакананьне гісторыка, сёньня ў лепшым выпадку дзясятая частка беларускага грамадзтва мае жаданьне да актыўнай стваральнай нацыянальна-культурнай дзейнасьці — гэта прыкладна 1 мільён.
Дзеля ўратаваньня тытульнай нацыі і захаваньня беларускай ідэнтычнасьці навуковец прапанаваў нечаканае выйсьце: ізаляваць ідэйных беларусаў ад шкоднага вонкавага ўплыву, засяліўшы спэцыяльную тэрыторыю людзьмі, адданымі прыродным культурна-моўным традыцыям краіны. Паводле разьлікаў аўтара, 20 тысяч квадратных кілямэтраў «нацыянальнай рэзэрвацыі» першым часам будзе дастаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар прапануе перасяліць «залаты мільён» беларусаў у «рэзэрвацыю»Гільятына для самабытнага жыцьця
Новаўтварэньне, на яго думку, можна назваць Літоўскай нацыянальнай культурнай аўтаноміяй Рэспублікі Беларусь — тэрыторыя ЛНКА будзе ледзь ня ў цэнтры колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Бо асабіста ён у якасьці такой «рэзэрвацыі» бачыць альбо родную Узьдзеншчыну, дзе яшчэ ў павазе нацыянальныя традыцыі, альбо Наваградчыну, якая ў свой час зь невялікага княства здолела перарасьці ў ВКЛ.
«Калі я кажу пра „рэзэрвацыю“, пра нацыянальна-культурную аўтаномію, то найперш для таго, каб абвастрыць праблему, — тлумачыць Свабодзе Леанід Лыч. — Не сумняваюся: шмат у каго ідэя выкліча нязгоду, але людзі мусяць задумацца, пачаць разважаць.
Я наперад ведаю, што гэта нерэальна, хоць вялікі сорам — называць сябе сувэрэннымі, існаваць больш за чвэрць стагодзьдзя і ня вырашыць пытаньня, якое іншыя рэалізуюць за 5–10 гадоў. У гэтым пляне нашу дзяржаўную палітыку сьмела можна назваць гільятынай для нацыянальнага самабытнага жыцьця. Вось чаму ў мяне і зьявілася такая думка — паказаць народу, наколькі сур’ёзнае становішча з выжываньнем беларусаў як нацыі».
На думку Леаніда Лыча, ХХІ стагодзьдзе стане часам абуджэньня малых народаў. Аднак пры гэтым ён ня мае пэўнасьці, што ад летаргічнага сну атрымаецца ачуцца беларусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў заявіў пра дыскрымінацыю беларускай мовы