Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў заявіў пра дыскрымінацыю беларускай мовы


Малюнак Вікторыі Цалуйкі
Малюнак Вікторыі Цалуйкі

За другую палову 2023 году МСБП налічыў больш за 40 выпадкаў дыскрымінацыі беларускай мовы.

Празь дзяржаўную палітыку дыскрымінацыі грамадзтва перастае лічыць патрэбным падтрымліваць беларускую мову, лічаць у Міжнародным саюзе беларускіх пісьменьнікаў, піша выданьне «Позірк».

У Беларусі захоўваецца тэндэнцыя пагаршэньня статусу беларускай мовы, гаворыцца ў аглядзе парушэньняў моўных правоў за другую палову 2023 года, падрыхтаваным Міжнародным саюзам беларускіх пісьменьнікаў (МСБП).

У дакумэнце заявілі, што дзяржава «ня робіць ніякіх захадаў для паляпшэньня сытуацыі, але працягвае палітыку дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў». Такая палітыка, на думку арганізацыі, «прыводзіць да таго, што само грамадзтва ня лічыць неабходным падтрымліваць і пашыраць ужытак» беларускай мовы.

У пацьвярджэньне сваёй высновы аўтары агляду прыводзяць леташняе дасьледаваньне інстытуту «Палітычная сфэра», якое зафіксавала пераважнае нежаданьне беларускіх гараджан нейкім чынам мяняць колькасьць прадметаў, якія выкладаюцца ў школах па-расейску і па-беларуску, а таксама невысокую цікавасьць да павелічэньня колькасьці дысцыплін, якія вывучаюцца па-беларуску, за кошт скарачэньня расейскамоўнай практыкі.

На гэтым фоне, гаворыцца ў аглядзе, беларускія ўлады «заклікаюць змагацца за правы расейскай мовы ў сьвеце, становішча якой пагоршылася ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны». У гэтым кантэксьце ў дакумэнце згаданы выступ на бішкецкім саміце СНД летась у кастрычніку Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымаў ініцыятыву прэзыдэнта Казахстану Такаева «стварыць міжнародную арганізацыю расейскай мовы», назваўшы валоданьне гэтай мовай «найвялікшым здабыткам».

За другую палову 2023 года МСБП налічыў на падставе адкрытых крыніц больш як 40 выпадкаў дыскрымінацыі беларускай мовы.

Разьвіцьцё беларускай мовы дзесяцігодзьдзямі было прэрагатывай грамадзкіх ініцыятыў і арганізацый. Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было зьліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, што разьвівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спэцыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.

У краіне праводзіцца палітыка русыфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасьць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, зьнізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.

Намінальна 40% школ у Беларусі беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тысяч).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG