Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларускім этнолягам, былым прафэсарам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, доктарам гістарычных навук Уладзімерам Лобачам.
0:00 – чым этнас адрозьніваецца ад нацыі і ці сынонім гэта народу.
3:34 – як нацыя ахоўвае і захоўвае этнакультурную інфармацыю.
4:20 – ці можа нацыя абысьціся без нацыянальнай мовы і культуры, ці дастаткова толькі грамадзянства і пашпарта.
5:50 – ці можа быць Беларусь безь беларускай мовы і што такое этнічны парадокс сучаснасьці.
7:43 – што гарантуе прысутнасьць Беларусі ў сьвеце.
8:41 – якой была ідэнтычнасьць жыхароў беларускіх гарадоў у XVII стагодзьдзі.
11:28 – ці сапраўды беларусы адвеку былі канфэсійна талерантнымі.
13:40 – праблема нацыянальнага імя і пераемнасьці паміж русінамі і беларусамі.
17:30 – знакавасьць саманазвы «тутэйшыя».
20:18 – сучасныя беларусы ў антрапалягічным сэнсе зьяўляюцца аўтахтонамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі 2–3 тысячы гадоў.
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Уладзімерам Лобачам:
— Давайце папулярна патлумачым слухачам і гледачам, што такое этнас. Гэта сынонім народу? Чым этнас адрозьніваецца ад нацыі?
— Калі папулярна, то так. Слова «народ» больш унівэрсальнае і вельмі залежыць ад кантэксту, у якім мы яго ўжываем. Калі мы робім акцэнт на культурных адметнасьцях, то тут словы «народ» і «народны» выступаюць сынонімамі тэрмінаў «этнас», «этнічны». Напрыклад, беларускія народныя танцы, беларуская народная мэдыцына. Тут мы адразу апэлюем да фэномэну этнічнай культуры.
Калі ж кантэкст выразна палітычны, то ў гэтым выпадку тэрмін «народ» адпавядае тэрміну «нацыя». Бо паводле нашай Канстытуцыі крыніцай улады выступае беларускі народ. І, натуральна, тут вядзецца не пра беларускі этнас, але пра грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Сам тэрмін «этнас» — гэта ўжо навуковая дэфініцыя, і пераважна ў навуковых штудыях яна і выкарыстоўваецца. Звыкла пад этнасам разумеюць устойлівую супольнасьць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца супольнасьцю мовы, культуры, побыту, гісторыі і ўласнай самасьвядомасьцю, адлюстраванай у агульнай назьве. Не заўсёды гэта, што праўда, ідэальна адпавядае рэчаіснасьці.
І маецца на ўвазе, што нацыя, у адрозьненьне ад этнасу, зьяўляецца ўжо палітычным канструктам. Таму ў гэтым выпадку мова вядзецца ўжо пра часы новай і найноўшай гісторыі. І, як правіла, абавязковым атрыбутам нацыі выступае нацыянальная дзяржава як гарант захаваньня гэтага народу ў сьвеце.
І, у адрозьненьне ад этнасу, ужо на ўзроўні нацыянальнага разьвіцьця прынцыпова важнымі становяцца мэханізмы захаваньня этнакультурнай інфармацыі. Гэта:
- сыстэма нацыянальнай адукацыі,
- нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі
- і нацыянальная мастацкая культура.
Гэта тры надзвычай важныя чыньнікі. І заўважце, што на хвалі любога нацыянальнага адраджэньня змаганьне вядзецца менавіта ў гэтых сфэрах: свая школа, свая газэта і свая мастацкая прафэсійная культура.
— Я паслухаў ваш адказ і адразу захацелася вярнуцца да падзеяў 10–15-гадовай даўнасьці. Тады ў Беларусі былі дыскусіі пра шлях нацыянальнага разьвіцьця і пра разьвіцьцё нацыі. І некаторыя навукоўцы і публіцысты пісалі тады, што мы можам абысьціся без нацыянальнай мовы. Бо, маўляў, існуе прыклад нацый, які гуртуюцца вакол так званага грамадзянскага нацыяналізму. Як вы ставіцеся да такіх канцэпцый, калі сьцьвярджаецца, што нацыя можа існаваць без нацыянальнай культуры і што толькі на падставе пашпарта можна быць патрыётам сваёй зямлі і краіны?
— Насамрэч так не бывае. Я ня ведаю такіх прыкладаў, як можна абысьціся без нацыянальнай культуры. І наогул як у прынцыпе чалавек можа абыходзіцца без культуры.
Мы цяпер маем, з аднаго боку, тэндэнцыі да ўнівэрсалізму, якія прысутнічаюць у сьвеце ў сувязі з глябалізацыяй. І сапраўды, цяжка шукаць этнічныя, этнакультурныя і нацыянальныя адметнасьці ў маніторы кампутара або ў лядоўні.
А зь іншага боку, дасьледчыкі адзначылі так званы этнічны парадокс сучаснасьці, калі насуперак футурыстычным прагнозам, што ў сувязі з глябалізацыяй і тэхналягічным разьвіцьцём інфармацыйных сыстэм этнічнае і нацыянальнае адыдзе на другі плян і стане нязначным, усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот.
Бо ў безаблічным сьвеце, дзе сапраўды ўсе кампутары, умоўна кажучы, роўныя, чалавеку вельмі важна мець сваё. Бо сваё заўсёды ўспрымаецца як нешта камфортнае і ўтульнае, што дае ня столькі матэрыяльныя выгоды, але камфорт душэўны, дае сваё месца ў сьвеце.
І калі гаворка ідзе пра беларускую сытуацыю, то заўважым, што ўсе крэатыўныя, па-сапраўднаму творчыя праекты — гэта беларускамоўныя праекты. Возьмем мастацтва, возьмем тэатар, возьмем літаратуру (дзе гэта асабліва выразна бачна) — гэта ўсё падкрэсьлена беларускія праекты.
І гэта свайго кшталту рэакцыя на спрадвечную пагрозу для беларускасьці — бо мы выразна разумеем, што такое беларус безь беларускай мовы.
Зь іншага боку, нельга не адзначыць, што калі мова ідзе пра нацыю, то нацыя сама фармуе сэнсы, яна можа гуляцца з сэнсамі і выбіраць прыярытэты ў той ці іншай сытуацыі. Напрыклад, з аднаго боку, мы падкрэсьліваем прынцыповую значнасьць і знакавасьць беларускай мовы для нас. А зь іншага боку, можам заплюшчыць вочы на гэта, калі мова ідзе пра расейскамоўныя тэксты Сьвятланы Алексіевіч, бо яна прыносіць усёй нацыі цукерку ў выглядзе нобэлеўскага мэдаля. І тут мы як інтэлігентныя людзі зможам прыдумаць процьму апраўданьняў, якія, у прынцыпе, не адмяняюць асноўнай тэзы аб тым, што мова — гэта гарант нашай прысутнасьці ў сьвеце.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.