Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па дзясятку кніг за год за ўласны кошт». У памяць пра гісторыка Леаніда Лыча


Леанід Лыч, 2012 год
Леанід Лыч, 2012 год

Беларусь страціла аднаго з самых верных сваіх сыноў, а беларуская мова — свайго самага бліскучага рыцара, адважнага і нястомнага абаронцу.

Пра гісторыка і публіцыста Леаніда Лыча піша старшыня грамадзкай арганізацыі «Міжкультурны дыялёг» Любоў Ўладыкоўская (Сіэтл, ЗША).

Мы пазнаёміліся ў сярэдзіне дзевяностых, калі выйшаў артыкул Леаніда Лыча пра неабходнасьць стварэньня беларускамоўнага ўнівэрсытэту. У той час у Міністэрстве адукацыі і навукі, дзе я працавала, шмат рабілася ў кірунку беларусізацыі (яшчэ дзейнічаў «Закон об мовах»), і я працягнула дыскусію артыкулам «З нацыянальным — наперад!»

Ідэя нацыянальнага беларускамоўнага ўнівэрсытэту мне вельмі падабалася, энтузіязму было процьма, і на гэтай глебе ў нас узьнікла ўзаемаразуменьне і сяброўства.

Сустракаліся мы часта, але абмяркоўвалі заўсёды толькі адно — нацыянальнае пытаньне, а канкрэтна — як спыніць русыфікацыю, яе разбуральны і сьмяротна небясьпечны для Беларусі вірус. Разам працавалі ў Скарынаўскім цэнтры, куды я запрасіла прафэсара, потым разам ладзілі грамадзкія імпрэзы, шмат супрацоўнічалі ў навуковай і асьветніцкай дзейнасьці.

Леанід Міхайлавіч усе гады нашага знаёмства працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і, як здавалася, меў някепскія адносіны з чынавенствам, таму я трохі зьдзівілася, калі зазнала ганеньні і нават страціла працу за арганізацыю юбілейнай вечарыны ў Чырвоным касьцёле ў гонар 80-годзьдзя Леаніда Лыча (шчыра сказаць, зьдзівілася ня моцна, бо ўжо звыклася да тых ганеньняў).

Заўсёды ўражвала працаздольнасьць прафэсара. Па дзясятку кніг за год, і гэта ва ўзросьце 80 з гакам! Кнігі збольшага выходзілі за ўласны кошт Леаніда Міхайлавіча, па меры магчымасьці дапамагала распаўсюджваць іх па сьвеце.

З асаблівай цеплынёю ставіўся Леанід Міхайлавіч да Ўкраіны. Меў там шмат сяброў і прыхільнікаў, захапляўся баявым духам украінцаў, лічыў братоў-украінцаў людзьмі, якія найлепш могуць зразумець беларусаў.

Нашым супрацоўніцтвам і сяброўствам я вельмі даражыла, лічыла і лічу Леаніда Лыча адным з самых годных і сумленных людзей сучаснай Беларусі.

Сумленнасьць гэтая тычылася ня толькі навукі ці грамадзкай дзейнасьці, яна распаўсюджвалася і на прыватнае жыцьцё. Зь якой любасьцю, пяшчотай і адданасьцю даглядаў Леанід Міхайлавіч сваю каханую жонку Ефрасіньню, калі тая моцна захварэла! Даглядаў ня дзень, ня два, а доўгімі гадамі, — адзін, без нараканьняў і бяз скаргаў. Годны чалавек нёс свой крыж годна.

Ня чула ад Леаніда Міхайлавіча ніводнага няшчырага ці пустога слова, ня бачыла ніводнага кепскага ці двухсэнсоўнага ўчынку. Толькі чысьціня, простасьць, інтэлігентнасьць.

Прываблівалі ягоныя незвычайныя лёгкасьць, аптымістычнасьць, далікатнасьць, узвышанасьць, нематэрыялістычнасьць, пастаянная нацэленасьць на высокія мэты. А мэты гэтыя былі нязьменнымі — вяртаньне народу яго гістарычнай памяці і годнасьці, наданьне беларускай мове пачэснага месца ў сваім родным доме — Беларусі.

Прафэсар Лыч называў сябе атэістам і прызнаваўся, што ня верыць у незямное жыцьцё, але ў самаадданым, апантаным служэньні беларускай нацыі, гатоўнасьці стаяць за праўду да канца меў хрысьціянскі стрыжань такой моцы, што неяк ня верылася ў гэтыя яго заявы.

Неяк сьмялей, радасьней, сьвятлей станавілася ад згадкі пра тое, што недзе там, у родным Менску, жыве Леанід Лыч, а значыць, не зусім сіратліва ў Беларусі, ня так горка і ня так страшна...

Цяпер на ўсіх нас, беларусах, — яшчэ большы груз адказнасьці за нашую Мову і нашую Бацькаўшчыну.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG