На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае расейскі ІТ-экспэрт Аляксандар Ісаўнін.
— У навагоднюю ноч у Беларусі прыкладна на 20 хвілін адключылі відэагостынг YouTube. Адключэньне прыйшлося на навагодні зварот дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. На ваш погляд, што было галоўным матывам — ня даць беларусам яе паглядзець, ці гэта рэпэтыцыя перад адключэньнем YouTube у Беларусі ўвогуле?
— Пра матывацыю кіраўніцтва Беларусі ці Расеі гаварыць даволі складана. Яны кожны раз прыдумляюць нешта новае, нейкую прыгожую зь іх пункту гледжаньня вэрсію. Але, хутчэй за ўсё, гэта была спроба крыху сапсаваць апазыцыі Новы год. Ня больш за тое. Мне здаецца, што гэта наўрад ці рэпэтыцыя поўнага адключэньня.
Нават у 2020 годзе, калі адключалі інтэрнэт па ўсёй Беларусі, потым яго ўсё ж уключылі зноў. Вымушаныя былі ўключыць, бо наступствы адключэньня былі вельмі цяжкія. Беларусь даволі шырока дыгіталізаваная. А тады спынілі працу крамы, спыніўся прыём плацяжоў і ўсё астатняе. Так што гэта, хутчэй, сытуацыйная рэакцыя на намер беларускай лідэркі ў выгнаньні Ціханоўскай зьвярнуцца да беларусаў.
Тут можна параіць толькі мець шмат розных каналаў дастаўкі інфармацыі. Ня толькі праз YouTube, але і праз Telegram, можа нават праз расейскія відэагостынгі. Наколькі я разумею, Ціханоўская ў Расеі не забароненая афіцыйна. Таму яна можа карыстацца гостынгам RuTube для разьмяшчэньня сваіх ролікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад навагоднім зваротам Ціханоўскай у Беларусі заблякавалі YouTube— Што вядома пра наступствы гэтага адключэньня YouTube у Беларусі? Яны былі?
— Пакуль не. Але наступствам стане практыка, што сытуацыйна будуць адключаць тыя ці іншыя сэрвісы ў самы бліжэйшы час. Інтэрнэт у Беларусі не такі, як у Расеі. У Расеі ён працяглы час разьвіваўся свабодна. І таму выключаць пэўныя сэрвісы ў ім у РФ дастаткова складана. І будаваць «вялікі расейскі фаервол» таксама складана. У Кітаі ёсьць манаполія трох кампаніяў на выхад за мяжу. У Беларусі роўна адзін апэратар сувязі на замежныя каналы, і яшчэ адзін мае выхад на Расею, на расейскіх апэратараў. Таму цалкам адключаць інтэрнэт у Беларусі даволі проста. І даволі проста адключыць і YouTube, калі ў вас толькі адзін канал сувязі навонкі.
У Расеі спрабавалі блякаваньні, але яны працуюць неэфэктыўна. Потым прыдумалі «сувэрэнны інтэрнэт». Але гэта таксама аказалася неэфэктыўным для барацьбы зь іншадумствам. Пуцін у пэўнай ступені легаліст, законьнік. Таму адключэньні павінны выглядаць хоць неяк законна. У Беларусі, дзе ўсяго два рубільнікі на выхадзе ў зьнешні інтэрнэт, гэтага не патрабуецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі адключалі YouTube і ці могуць яго заблякаваць цалкам. Разьбіраемся з экспэртам— У Расеі размовы аб адключэньні краіны ад YouTube ідуць ужо даўно. А чаму не адключаюць? ФБ адключылі, Інстаграм адключылі. А чаму YouTube — пакуль не?
— Фэйсбук, Інстаграм і Твітэр адключыць прасьцей, чым YouTube. Я нагадаю, што ФБ і Інстаграм адключалі таксама не за адзін крок. Гэта таксама было дастаткова складана зрабіць. Абсталяваньне па фільтрацыі кантэнту таксама не адразу запрацавала. Што тычыцца YouTube, то тут важны ідэалягічны момант. Гэты відэагостынг вельмі шырока выкарыстоўваецца расейскай прапагандай для працы як навонкі, гэтак і ўнутры краіны. Расея не стварыла ўнутры сябе відэагостынгаў, эквівалентных YouTube.
«УКантакце», «Аднаклясьнікі» працуюць больш-менш нармальна, дастаткова эфэктыўна, каб людзі не асабліва цікавіліся Фэйсбукам. А вось відэагостынгу, эквівалентнага YouTube, пакуль ня створана,— нягледзячы на тое, што «ЎКантакце» нешта спрабуе рабіць, Яндэкс спрабуе. Але той жа Ўладзімір Салаўёў і іншыя прапагандысты на расейскіх плятформах не набіраюць той колькасьці праглядаў, якую яны набіраюць на YouTube і нават у некаторых сацсетках, заблякаваных у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прапаганда Лукашэнкі расьце ў Youtube. Тлумачыць мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч— Беларускія дзяржаўныя СМІ дастаткова эфэктыўна выкарыстоўваюць YouTube. Паводле замераў, іх аўдыторыя там расьце. Расейскія дзяржСМІ адчуваюць сабе ў YouTube гэтак жа прывольна?
— Па расейскіх СМІ прайшліся некалькі гадоў таму, яшчэ да спэцапэрацыі ва Ўкраіне. Расейскія СМІ за распаўсюд фэйкаў даволі актыўна вычышчалі і YouTube, і Google, і іншыя плятформы. Таму расейскія СМІ вымушаныя быць даволі акуратнымі. Але нягледзячы на тое, што дзяржаўныя СМІ, якія знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі, былі вычышчаныя на шэрагу плятформаў, гэта не прыводзіць да таго, каб расейскія ўлады заблякавалі гэтыя сэрвісы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Instagram — разнарадкі на падпіскі, на YouTube — стаўка на расейскіх гледачоў. Як беларуская прапаганда працуе ў сацсетках— У канцы мінулага году выданьні «Медуза» і The Bell апублікавалі дасьледаваньне — Крэмль стварае на базе VK «забойцу YouTube». На вашую думку — ці атрымаецца стварыць такога «забойцу»?
— Каб гэта зрабіць, патрэбныя грошы, кампэтэнцыі і досьвед выкарыстаньня. Цяпер складана купляць абсталяваньне, каб эфэктыўна распаўсюджваць кантэнт. Каб распаўсюджваць відэакантэнт, трэба мець даволі вялікую сетку. Google збудаваў для YouTube даволі вялікую сетку па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі. Праўда, у Расеі яны спынілі абнаўленьне адпаведнага абсталяваньня. Але адпаведныя структуры працуюць у сумежных з Расеяй краінах. «УКантакце» яшчэ не дасягнула такога аб’ёму.
Другі момант — гэта тое, што ў YouTube значна больш зручны інтэрфэйс, чым «УКантакце». Пакуль «УКантакце» ня створыць настолькі ж зручны інтэрфэйс, не адбудзецца пераходу туды масы карыстальнікаў. У дасьледаваньні «Медузы» і The Bell адзначаецца, што «ЎКантакце» спрабуе купляць расейскіх інфлюэнсэраў, гумарыстаў, блогераў. Але, тым ня менш, эфэктыўнасьць відэагостынгу «ЎКантакце» ніжэйшая, чым у YouTube.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі блогер з дыямэнтавай кнопкай Youtube стаў вядоўцам на расейскім тэлеканале— Ня толькі, дарэчы, расейскіх. Летась зьявілася інфармацыя, што зорка расейскамоўнага інтэрнэту, дыямэнтавая кнопка YouTube, беларус Улад Бумага паведаміў пра намер перайсьці з YouTube у «ЎКантакце». Але нешта не атрымалася, і Ўлад застаўся і ў YouTube таксама. Чаму, як вы мяркуеце?
— Можа, не дамовіліся. Дзяржаўныя структуры больш інэртныя, чым прыватныя кампаніі. Калі з «УКантакце» выжылі Паўла Дурава, ён даволі хутка стварыў Telegram, якім цяпер карыстаюцца мільёны людзей. Бо ён зручны і прышпільны. Адна з праблемаў «імпартазамяшчэньня» YouTube — што дзяржава ня надта пільна сочыць за патрэбамі карыстальнікаў. Ёсьць спадзеў, што яны ніколі не дагоняць нармальны заходні відэагостынг. Заблякаваць YouTube у Расеі можна было даўно. Псаваць інтэрнэт расейскія ўлады навучыліся. Ствараць альтэрнатыву — пакуль не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што Лукашэнка дзякуе «Вялікаму Кітаю». Тлумачаць палітоляг і эканамістка— У Кітаі і Іране YouTube заблякаваны. У Маскве могуць выкарыстоўваць досьвед сваіх сяброў з Пэкіну і Тэгерану? Ці тут справа не ў тэхнічных прыёмах?
— Грамадзтвы Кітаю і Ірану ўсё ж істотна адрозьніваюцца ад расейскага і беларускага. Там іншы досьвед спажываньня, іншыя практыкі карыстаньня інтэрнэтам. У прынцыпе, і цяпер расейскія прапагандысты могуць карыстацца кітайскімі ці іранскімі відэагостынгамі. Але цана кітайскіх каналаў даволі высокая, Кітай адмыслова трымае высокую цану на свой інтэрнэт. Доступ да Ірану складаны — трэба ісьці альбо праз Азэрбайджан і Туркмэністан, ці нават праз Эўропу, а адтуль па марскіх кабэлях у Іран.
Выкарыстоўваць досьвед кітайскіх ці іранскіх адмыслоўцаў таксама ня так проста. У нас была навіна, што ў Расею прыяжджала дэлегацыя адмыслоўцаў па «вялікім кітайскім фаерволе». Але інтэрнэт у Кітаі і Іране разьвіваўся зусім інакш, чым у Расеі. Іх мадэль бліжэйшая да беларускай — з манапалізацыяй дзяржавай выхаду за мяжу. Таму ў чыстым выглядзе кітайскі і іранскі досьвед ня будзе карысны для расейскіх уладаў. Ну, і трэба ўлічваць карупцыйны складнік. Жаданьне «расьпілоўваць грошы» мацнейшае, чым жаданьне стварыць новую плятформу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто працаваў на эўрапейскім кантракце, на беларускі завод ня пойдзе». Што думаюць ІТ-спэцыялісты аб прапановах ад дзяржавы— А ў Беларусі можна стварыць альтэрнатыву YouTube? Ці будуць карыстацца тым самым расейскім «забойцам YouTube» у «ЎКантакце»?
— Я мяркую, што беларускія ўлады хутчэй скарыстаюцца расейскім досьведам і расейскімі тэхналёгіямі. У Беларусі былі цудоўныя ІТ-кампаніі. Але пасьля 2020 году выцек мазгоў зь Беларусі быў значна больш маштабны, чым нават цяпер — з Расеі. Я сумняюся, што ў Беларусі засталася дастатковая колькасьць прафэсійных бізнэсоўцаў і айцішнікаў, каб узяцца за такі праект.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея, імаверна, тэстуе праграму для цэнзураваньня Youtube— Гаворыцца, што нават у выпадку блякаваньня YouTube яго можна глядзець з дапамогай VPN. З досьведу блякаваньня ў Расеі ФБ і Інстаграма — ці можна прыкінуць, наколькі ўпадзе аўдыторыя YouTube у выпадку яго блякаваньня, ці многія будуць глядзець яго праз VPN?
— Я думаю, што аўдыторыя YouTube у выніку яго блякаваньня ўпадзе больш, чым упала пасьля блякаваньня аўдыторыя ФБ і Інстаграма. А аўдыторыя і там адразу ж упала на траціну. Калі вы выкарыстоўваеце VPN, рэзка зьніжаецца якасьць відэакантэнту. VPN у Расеі да канца не заблякуюць. Ёсьць досьвед Кітаю і Ірану. У Беларусі пасьля 2020 году рэзка вырасла папулярнасьць такога канадзкага прадукту, як Psiphon. Ёсьць аналяг гэтага прадукту для Кітаю для абыходу абмежаваньняў у інтэрнэце. Так, у выпадку блякаваньня YouTube аўдыторыя ўпадзе. Але яна павінна некуды перайсьці. А ёй пакуль няма куды пераходзіць.
Калі ў інтэрнэце застаецца хаця б невялікая дзірка, інфармацыя знойдзе спосаб трапіць да спажыўцоў. Я спадзяюся, што ў Беларусі і Расеі ня будзе так, як на Кубе, дзе сьвежыя фільмы і інфармацыя распаўсюджваюцца на флэшках ці на жорсткіх дысках. Але выключыць нельга і гэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньня YouTube — гэта тэлевізар для адэкватных». Расказваем пра тг-канал, дзе сабралі беларускі відэакантэнт— Вы сказалі, што кітайскі відэагостынг нельга проста выкарыстаць у Расеі замест YouTube. Але ж ёсьць досьвед TikTok. Кітайская сетка заваявала ўвесь сьвет. У Беларусі, дарэчы, TikTok — ці ня самая дынамічная сетка. Калі TikTok можа захапіць увесь сьвет, то чаму кітайскі відэагостынг ня можа захапіць хаця б Расею ці Беларусь?
— TikTok — гэта ўсё ж досьвед падлеткавай культуры. А да таго ж TikTok выціснуты з Расеі. Замест таго каб у межах сувэрэнізацыі інтэрнэту выкарыстаць гэтую сетку, яго выціснулі. У Расеі быў велізарны офіс TikTok — 400 чалавек. Але яго ў РФ зарэгулявалі так, што гэтая сетка проста пакінула краіну: яны зачынілі офіс і вывезьлі людзей. Дарэчы, у Кітаі ня ціснуць уласныя кампаніі. Так, ёсьць «фаервол» на мяжы. Але калі ўнутры краіны ты клянесься ў вернасьці КПК, то ціску на кампаніі няма. А ў Расеі ціснуць і на расейскія кампаніі.