Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, імаверна, тэстуе праграму для цэнзураваньня Youtube


Найбуйнейшы расейскі пастаўшчык лічбавых паслуг «Ростелеком», магчыма, тэстуе праграму для фільтрацыі кантэнту Youtube у Расеі.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «ЗаТелеком» са спасылкай на ліст, які «Ростелеком» разаслаў сваім супрацоўнікам.

У ім службоўцам прапануецца пратэставаць сэрвіс для прагляду Youtube, які зможа блякаваць відэаролікі, прызнаныя «непажаданымі».

Гэты сэрвіс, разьмешчаны па адрасе ytonline.ru, цяпер недаступны, аднак яшчэ ў пятніцу на яго можна было зайсьці, каб празь яго глядзець ролікі на Youtube. Па словах аўтара каналу і дырэктара «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаіла Клімарова, сэрвіс падобны да онлайн-фільтру, які будзе «вырашаць», да якіх ролікаў ён дасьць доступ, а да якіх — заблякуе.

Клімароў так патлумачыў прыладу ytonline.ru: «Прамы доступ да YouTube заблякуюць, але глядзець відэа зь яго можна будзе праз „пракладку“ — гэты партал „Ростелекома“. Толькі ўжо ня ўсё: коцікаў і кулінарыю — калі ласка, а крамольны з пункту гледжаньня ўлады кантэнт ён не прапусьціць».

З думкаю Клімарова згодныя яшчэ два IT-экспэрты, якія пагаварылі з выданьнем «Можем объяснить».

У апошнія тыдні «Роскомнадзор» актывізаваў барацьбу з VPN-сэрвісамі, пры дапамозе якіх расейцы абыходзяць блякаваньні сайтаў: са жніўня назіраецца хваля збояў у іх працы. У ведамстве спробы блякаваньня VPN патлумачылі клопатам аб асабістых дадзеных грамадзянаў.

Дасьледаваньні кампаніяў DataReportal, We Are Social і Kepios паказала, што ў мінулым годзе ў Беларусі YouTube быў сацыяльным мэдыя, аўдыторыя якога расьце хутчэй за іншых. Гэтая аўдыторыя складала амаль чвэрць усёй аўдыторыі сацыяльных мэдыя ў краіне, за год аўдыторыя YouTube вырасла на 88%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG