Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Лукашэнка дзякуе «Вялікаму Кітаю». Тлумачаць палітоляг і эканамістка


Каляж: Андрэй Казакевіч, Анастасія Лузгіна, сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.
Каляж: Андрэй Казакевіч, Анастасія Лузгіна, сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Пэкіне з кітайскім кіраўніком Сі Цзіньпінам і падзякаваў «вялікаму Кітаю». Ці можна лічыць гэты візыт надзвычайным? Ці мае Беларусь важнае палітычнае і эканамічнае значэньне для Кітаю? І ці можа Кітай у нейкай ступені ўраўнаважыць уплыў Расеі ў Беларусі?

Пра гэта разважаюць дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Андрэй Казакевіч:

  • Няма прыкметаў, што гэта нейкі надзвычайны візыт. Надзвычайнасьць патрабуе нейкай дынамікі ў двухбаковых стасунках ці нейкіх відавочных праблемаў. У беларуска-кітайскіх стасунках такога практычна няма.
  • Гэтая сустрэча — хутчэй PR-акцыя, важная для ўладаў Беларусі. Выглядае, што яны доўга дамагаліся такой сустрэчы, каб мець магчымасьць паказаць, што паміж краінамі захоўваюцца нейкія «спэцыяльныя стасункі».
  • Не відаць, праз што Беларусь цяпер можа стаць важным палітычным партнэрам для Кітаю, што Беларусь можа яму прапанаваць. Хіба што свой голас у міжнародных арганізацыях. Але хаўрусьнікаў і патэнцыйных партнэраў Кітай мае значна больш, у тым ліку значна больш уплывовых. Гэта зусім іншая ліга.
  • Пасьля 2020-га году ўплывовасьць Беларусі нават у нашым рэгіёне невысокая і ёсьць праблемы ў стасунках з суседзямі. Рыторыка беларуска-кітайскіх адносінаў прыгожая, але Кітай ужывае такую рыторыку і для шмат якіх іншых краінаў.
  • Калі ўзяць асноўныя 20-30 асноўных прыярытэтаў замежнай палітыкі Кітаю, то ні ў якім з гэтых прыярытэтаў Беларусь не выступае сапраўды важным элемэнтам. Для Расеі можна пазначыць, чаму Беларусь ёй важная. Нават для Эўразьвязу можна. Для Кітаю — не.

Анастасія Лузгіна:

  • На сёньня Кітай для Беларусі — другая пасьля Расеі краіна паводле аб’ёму гандлю. Але імпарт з Кітаю нашмат большы за экспарт туды. Больш за тое, імпарт з Кітаю расьце вышэйшымі тэмпамі.
  • За студзень–жнівень 2023 году экспарт у Кітай зь Беларусі быў на суму каля 2 мільярдаў даляраў. Гэта значная сума, але гэта несупастаўна з экспартам у Расею. І ўлады Беларусі хацелі б павялічыць пастаўкі на кітайскі рынак, неяк дывэрсыфікаваць экспарт — у гэтым я бачу адну з галоўных задачаў цяперашняга візыту.
  • Лягістыка паставак празь Беларусь у краіны Эўразьвязу вельмі ўскладнілася, шэраг памежных пунктаў быў закрыты. Таму разглядаць Беларусь як нейкі лягістычны хаб для Кітаю цяпер праблематычна. Тая каштоўнасьць, якую Беларусь мела для Кітаю 3-4 гады таму, цяпер страчаная. Пры гэтым Кітай зацікаўлены ў Беларусі як у рынку, хай сабе і невялікім.
  • За апошнія некалькі гадоў беларускі экспарт пераарыентавалі з Эўразьвязу на ўсход — у асноўным у Расею. Кітай у найбліжэйшыя гады наўрад ці зможа стаць нейкім сур'ёзным балянсам. За 2022 год агульны таваразварот быў каля 80 мільярдаў даляраў, а з Кітаем — менш за 6 мільярдаў.
  • Кітай ня зможа замяніць для Беларусі рынкі краінаў Эўразьвязу і Ўкраіны. Найперш — бо Кітай вельмі далёка. Гандлёвыя адносіны з Эўразьвязам і Ўкраінай выбудоўваліся гадамі, гэта нашыя краіны-суседзі.
  • Інвэстыцыйныя праекты Кітаю ў Беларусі працягваюцца. Хоць Кітай і разглядае Беларусь як другаснага партнэра, але згортваць свае праекты ён ня будзе. Іншая рэч, што ўжо немагчымыя тыя тэмпы, як у час, калі на Беларусь глядзелі як на важны лягістычны цэнтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG