Топ-15 праектаў айцішнікаў-беларусаў, у якіх усё атрымалася ў 2023 годзе

Крызіс у сусьветным ІТ, скарачэньне інвэстыцыяў у стартапы не перашкодзілі беларусам у 2023 годзе запускаць новыя ІТ-праекты, прыцягваць партнэраў і фінансаваньне, перамагаць на міжнародных конкурсах.

15 найбольш пасьпяховых у 2023 годзе ІТ-праектаў і стартапаў беларусаў сабрала выданьне Devby.io.

Soula

AI-аплікацыя для дапамогі цяжарным жанчынам і бацькам.

Стартап заснавала беларуска Натальля Міранчук. На пачатку гэтага году праект ацэньваўся ў 2 мільёны даляраў.

Увесну AI-аплікацыя ўвайшла ў топ-10 лепшых стартапаў, паводле ацэнкі Thousand Faces. У верасьні праект перамог у міжнародным конкурсе на Кіпры, атрымаў 15 тысяч эўра і магчымасьць удзельнічаць у міжнароднай праграме ад Microsoft. У кастрычніку праграма Soula выйграла ў конкурсе стартапаў на Мальце і атрымала 80 тысяч даляраў.

У сьнежні Forbes уключыў Натальлю Міранчук у лік лепшых прадпрымальніц тэхіндустрыі Кіпру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска ўвайшла ў топ-20 жанчын IT-сфэры Кіпру ў вэрсіі Forbes

Rainbow.ai

Мабільная аплікацыя, якая перадае гіпэрлякальны прагноз надвор’я (з фокусам на ападках) на аснове дадзеных радараў з выкарыстаньнем машыннага навучаньня.

Заснавальнікі — вядомыя вэнчурныя інвэстары Юры Мельнічак і Аляксандар Мацьвеенка.

У жніўні праект стаў прадуктам дня, патрапіўшы ў топ-3 прадуктаў тыдня на Product Hunt. Месячная аўдыторыя мабільнай праграмы — 40-60 тысяч. Пляны заснавальнікаў — мільярд карыстальнікаў з усяго сьвету.

Стартап прыцягнуў больш за 1,5 мільёна даляраў, а польская юрыдычная асоба праекту Railbow Meteo Technologies атрымала фінансавую падтрымку ад Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця. Цяпер праект рыхтуецца да новага раўнду інвэстыцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія стартапы трапілі ў топ-100 у Эўропе

Lingvanex

Перакладчык на нэўронавых сетках. Падтрымлівае 112 моваў, дазваляе перакладаць тэкст, голас, выявы, вэб-сайты, дакумэнты і тэлефонныя званкі.

Заснавальнік стартапу — інжынэр-праграміст з Наваполацку Аляксей Рудак.

Увосень Lingvanex стаў убудаваным перакладчыкам старонак на 45+ мовах у браўзэры Opera для Android. Цяпер стартап разглядае магчымасьць інтэгравацца зь іншымі браўзэрамі.

Manganum

Амэрыканскі стартап зь беларускімі заснавальнікамі.

Улетку прадставіў функцыянальнае пашырэньне для бакавой панэлі Chrome. Яно забясьпечвае хуткі доступ да 14 аплікацыяў, аптымізаваных для бакавой панэлі браўзэра: ChatGPT, Google Calendar, Keep, Tasks, Translator, Todoist, Grammarly, міні-гульні і інш.

Manganum распрацоўваў уласную бакавую панэль з пачатку 2021 году, калі ў Google яшчэ не было плянаў па разьвіцьці ўласнага сайдбара. Таксама стартап працуе над аплікацыямі Gmail і Google Drive.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін ІТ-стартап эміграваў зь Беларусі на Кіпр

Fibery

Плятформа для кіраваньня кампаніямі.

У пачатку 2023 году Fibery абвясьціла аб прыцягненьні 5,2 мільёна даляраў у раўндзе A. Усяго праект прыцягнуў з моманту заснаваньня (2017 год) больш за $8 млн.

Цяпер Fibery выкарыстоўваюць 500 + кампаніяў, уключаючы Lemonade, Pinterest, NZX, Grundfos, Optiv і Plex.

Праект створаны ў 2017 годзе ў Беларусі. CEO і сузаснавальнік кампаніі — Міхаіл Дубакоў.

У 2021 годзе Дубакоў пераехаў на Кіпр (там зараз штаб-кватэра), каманда таксама пакінула Беларусь. Кампанія выйшла з ПВТ і пачала працэс ліквідацыі юрыдычнай асобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ІТ-мільянэр стварыў партыю, каб эўрапеізаваць Кіпр

Targetprocess

Прадуктовая ІТ-кампанія, першы праект Міхаіла Дубакова. Флягманскі прадукт — сыстэма кіраваньня аджайл-праектамі для буйных кампаній.

У лютым 2021 году Targetprocess набыў Apptio — амэрыканскі пастаўшчык рашэньняў у галіне кіраваньня тэхналягічным бізнэсам.

У жніўні 2023 году амэрыканскую кампанію купіў IBM — адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў і пастаўшчыкоў апаратнага і праграмнага забесьпячэньня. У выніку ўгоды Targetprocess стала часткай IBM.

Sleepagotchi

Аплікацыя/гульня, якая гейміфікуе сон і матывуе карыстальнікаў спаць больш і лепш.

У пачатку 2023 году стартап прыцягнуў 3,5 млн даляраў. Рэйтынг мабільнай аплікацыі ў App Store — 4,5, у Google Play — 5.

Адзін з сузаснавальнікаў Sleepagotchi Аляксей Караткоў — былы CEO стартапу ў галіне машыннага навучаньня MakeML. У 2021 годзе Аляксей быў асуджаны на 2 гады калёніі за ўдзел у «масавых беспарадках». У 2022 годзе ён выйшаў на волю і пакінуў Беларусь.

Skinive

Віртуальны сэрвіс па дыягностыцы скурных захворваньняў на аснове AI зь беларускімі каранямі.

З дапамогай аплікацыі можна рабіць скрынінг скуры па фатаздымках і вызначаць тыпы і ўзроўні пагрозаў захворваньня скуры з дапамогай кампутарнага зроку і машыннага навучаньня. У AI-дэрматоляга на сёньня больш за 250 тысяч карыстальнікаў.

У кастрычніку Skinive абвясьціў аб партнэрстве з італьянскім тэлемэдычным сэрвісам DaVinci Salute. Кампанія прапанавала сваю тэхналёгію па аналізе скурных захворваньняў Skinive.Cloud для 700 тысячаў пацыентаў і 2000 сямейных лекараў.

Таксама Skinive патрапіў у топ-50 прэміі 4YFN Awards 2024. Гэта буйны конкурс лічбавых стартапаў, які пройдзе ў Барсэлёне.

SplitMetrics

Аналітычная плятформа з функцыяй A/B тэставаньня старонак аплікацыяў у AppStore і Google Play.

У лістападзе гэтага году набыла вядучую плятформу для аптымізацыі крамаў аплікацыяў (ASO) і аналітыкі App Radar з кліенцкай базай 30000 + распрацоўшчыкаў аплікацыяў і маркетолягаў.

SplitMetrics заснавалі ў 2017 годзе Яўген Неўгень і Максім Камянкоў. У 2020 годзе пасьля выбараў Максім Камянкоў з часткай каманды зьехаў зь Беларусі. На той момант у камандзе было 50 чалавек, цяпер — 160 (большасьць у Польшчы). Кампанія кіруе гадавымі выдаткамі на рэкляму, якія перавышаюць 250 мільёнаў даляраў. Сярод карыстальнікаў — Skyscanner, Glovo, Rakuten Viber.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-сфэра выпала з тройкі самых эфэктыўных галін эканомікі Беларусі

Elatra

Коўчынгавая плятформа для тэхналягічных кампаніяў. Дапамагае падвысіць прадукцыйнасьць, уцягнутасьць і ляяльнасьць супрацоўнікаў.

У сьнежні стартап закрыў свой першы інвэстыцыйны раўнд на 200 тысяч даляраў. На працягу году каманда плянуе выйсьці на штомесячны даход у 100 тысяч даляраў.

CEO Elatra — Натальля Драгальчук, былы тымлід у RocketData (распрацоўшчыца рашэньняў для кіраваньня інфармацыяй аб кампаніі ў інтэрнэце). Advisor праекту — Дарʼя Данілава, экс-CEO RocketData.

Увесну 2021 году Дарʼю Данілаву затрымалі і асудзілі на год і чатыры месяцы калёніі агульнага рэжыму «за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У красавіку 2022 году яна выйшла на волю і зьехала зь Беларусі. Увосень 2022 году зарабіла «свой першы мільён» у RocketData.

DeepMate

AI-сэрвіс, дапамагае рекрутэрам праводзіць гутаркі і генэруе падрабязную зваротную рэакцыю пасьля завяршэньня інтэрвію. Кожны спэцыяліст можа пратэставаць свае навыкі з AI інтэрвіюерам і атрымаць ацэнку сваіх ведаў.

У ліпені 2023 году каманда выпусьціла на рынак першую публічную вэрсію прадукту. Таксама ўлетку DeepMate скончыў першы інвэстраўнд пры адзнацы 1,2 мільён даляраў. Зараз стартап зьбіраецца прыцягнуць 1 мільён даляраў пры ацэнцы ў 5 мільёнаў даляраў.

Sad Cat Studios

Студыя распрацоўкі кампутарных гульняў зь беларускімі каранямі.

Увосень 2023 году студыя атрымала $5 млн на распрацоўку сваіх будучых гульняў. У праект уклалася міжнародная кампанія GEM Capital, якая базуецца на Кіпры.

Цяпер студыя родам зь Менску займаецца распрацоўкай кампутарнай гульні ў жанры экшн-плятформэра пад назвай Replaced. У верасьні 2023 году рэліз гульні перанесьлі на 2024 год з прычыны складанасьцяў распрацоўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які скарыў Google і Facebook: «У ЗША Азаранку ведаюць лепш за Лукашэнку»

Інвэстфонд Ігара Маханька

Беларускі ІТ-прадпрымальнік, вэнчурны інвэстар. Працаваў у Google і Facebook.

Вэнчурная кампанія Geek Ventures Ігара Маханька сёлета запусьціла інвэстфонд з капіталам 23 млн даляраў. Фонд будзе інвэставаць у стартапы мігрантаў, якія пераяжджаюць у ЗША. Таксама фонд інвэстуе ў тэхналягічныя кампаніі на раньняй стадыі, ад ідэі да гадавога даходу ў 1,5 мільён даляраў.

Filmustage

AI-плятформа для кінаіндустрыі. Дазваляе пры дапамозе тэхналёгіяў нэўронавых сетак аўтаматызаваць працэс апрацоўкі сцэнару фільма.

Увесну 2023 кампанія прыцягнула 550 тысяч даляраў ад пула інвэстараў. Сярод іх — вэнчурная кампанія Geek Ventures беларускага ІТ-прадпрымальніка Ігара Маханька і беларускі стартап-хаб Imaguru. Інвэстыцыі Filmustage плянаваў выкарыстоўваць для прыцягненьня новых карпаратыўных замоўнікаў, а таксама для запуску інтэграцыяў зь некалькімі анлайн-маркетплэйсамі.

У сьнежні Filmustage намінавалі на брытанскую прэмію Makers and Shakers Awards у катэгорыі «Вытворча-тэхналягічная інавацыя году».

Strikerz

Міжнародны гульнявы брэнд зь беларускімі каранямі, заснаваны ў 2016 годзе ў партнэрстве з гейм-студыяй Vizor Games. У студыі чатыры рэгіянальныя офісы і больш за 200 супрацоўнікаў па ўсім сьвеце.

Студыя распрацоўвае UFL — бясплатны футбольны сымулятар, які называюць канкурэнтам вядомага футбольнага сымулятара EA Sports FC. Распрацоўка доўжыцца ўжо сем гадоў. Дата рэлізу UFL яшчэ не зацьверджаная. Гульня будзе даступная на кансолях PlayStation 5, Xbox Series X і S.

У сьнежні стала вядома, што распрацоўшчыкі UFL правялі інвэстраўнд на $40 мільёнаў. У ліку інвэстараў аказаўся вядомы партугальскі футбаліст Крыштыяну Раналду.