У рэйтынг трапілі бізнэсы, якія ўвайшлі ў кароткі сьпіс на конкурс European Startup Challenge. Сярод іх — два беларускія, інфармуе thinktanks.by. Гэта праекты GoodStyle і Lingvanex.
GoodStyle — стартап, які стварыў віртуальную прымерачную ў фармаце мабільнай праграмы. Яго стваральнікам стала беларуская кампанія VIP IT. Кампанія працуе над рашэньнямі ў галіне штучнага інтэлекту, якія дазволяць зрабіць онлайн-пакупкі больш эфэктыўнымі і менш затратнымі па часе. Праграма Goodstyle дазваляе атрымаць уяўленьне, як тая ці іншая рэч з каталёгаў інтэрнэт-крамаў будзе выглядаць на пакупніку, а таксама скамбінаваць яе з іншымі таварамі ці нават ужо наяўнымі ў гардэробе карыстальніка прадметамі.
Свой першы кантракт стартап заключыў з агрэгатарам мясцовых брэндаў ва Ўкраіне. Таксама партнэрамі праграмы зьяўляюцца Lamoda і Aliexpress. Агулам праграма па стане на лета мінулага году налічвала каля 55 тысяч карыстальнікаў, а сярэдні чэк куплі складаў 180 даляраў.
У найбліжэйшы час стартап будзе займацца прыцягненьнем інвэстыцый для разьвіцьця. У кампаніі кажуць, што цяпер проста не пасьпяваюць абслужыць усіх ахвотных партнэраў.
Lingvanex — тэхналягічны стартап, засяроджаны на забесьпячэньні машыннага перакладу з выкарыстаньнем тэхналёгіі нэўрасетак.
Lingvanex дазваляе перакладаць пісьмовыя тэксты, размовы, тэксты на малюнках, тэлефонныя званкі, дакумэнты на больш чым 80 моў. Праект даступны на любых плятформах і будзе карысны для бізнэсу, навучаньня, падарожжаў, вывучэньня замежных моў.
У 2020 годзе праект заняў першае месца ў стартап-змаганьні Venture Day Minsk і атрымаў Google Cloud Credits на 100 тысяч даляраў. У канцы 2020 году Lingvanex дасягнуў 2 мільёнаў перакладаў у суткі пры 400 тысячах карыстальнікаў.
Vestbee штомесяц публікуе Топ-10 стартапаў месяцу з рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У іх таксама сустракаюцца беларускія праекты. Напрыклад, у сьнежні 2021 году ў Топ-10 увайшоў Cropfleet — беларускі стартап, які імкнецца забясьпечыць шырокае распаўсюджаньне і даступнасьць дронаў для паліву сельскагаспадарчых культур і распыленьня пэстыцыдаў.