Сьцісла
- Прыезд лідэра Армэніі Пашыньяна на саміты ЭАЭС і СНД у Санкт-Пецярбург і падпісаньне дамовы аб свабодным гандлі паміж ЭАЭС і Іранам — сьведчаньні таго, што Расея захоўвае свой уплыў на постсавецкай прасторы.
- Заява Лукашэнкі, што Ўкраіна ў 2024 годзе будзе мець апошні шанец выжыць, інакш крах, — паўтарэньне яго шматлікіх падобных заяваў з пачатку поўнамаштабнай вайны і нават ранейшага часу.
- Хамскія выпады Лукашэнкі на адрас кіраўніка дыпляматыі ЭЗ Бурэля — нэрвовая праява разуменьня, што ў выпадку паразы Ўкраіны ў вайне канфлікт распаўсюдзіцца і на краіны NATO і не абміне ані Беларусь, ані Лукашэнку асабіста.
Лістападаўскі саміт АДКБ у Менску паказаў, што ўплыў Расеі на постсавецкай прасторы мае свае межы. Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян тую сустрэчу дэманстратыўна праігнараваў, як і раней — кастрычніцкі саміт СНД у Бішкеку. Заклікі Лукашэнкі да саюзьнікаў стаць у расейскі вайсковы шыхт ня быў падтрыманы ўдзельнікамі менскай сустрэчы лідэраў краінаў АДКБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Армэніі прыме ўдзел у паседжаньні ЭАЭС у Расеі. Раней ён праігнараваў саміты СНД і АДКБНя тое каб цяпер у Санкт-Пецярбургу сытуацыя зьмянілася кардынальна — на люстрана адваротную. Тым ня менш Пашыньян прыехаў, каб паўдзельнічаць і ў саміце ЭАЭС, і ў нефармальным саміце СНД.
Аляксандар Лукашэнка, які, зразумела, таксама ў Пецярбург прыехаў, патлумачыў, спасылаючыся на армянскага калегу: маўляў, АДКБ — гэта ж пра бясьпеку, наконт чаго ў Ерэвана ёсьць прэтэнзіі, а ЭАЭС — гэта пра эканоміку. Ці такая матывацыя армянскага лідэра насамрэч — сказаць складана. У кастрычніку ён праігнараваў саміт СНД, якая ў пэўным сэнсе наагул ні пра што. А ў Пяцербург Пашыньян усё ж прыехаў.
Пры тым, што ў вырашэньні пытаньняў бясьпекі Ерэвану за апошні час асаблівай, усім відавочнай дапамогі не аказалі ані Масква, ані шматлікія постсавецкія інтэграцыйныя ўтварэньні. Але, відаць, і ўнутрыпалітычныя, і зьнешнепалітычныя матывы прымусілі Пашыньяна адмовіцца ад ранейшай тактыкі байкоту самітаў гэтых утварэньняў. Ерэван як бы і не заяўляў, што бярэ курс на выхад зь іх. Аднак у любым выпадку прыезд Пашыньяна на саміты АДКБ і СНД — хай і невялікі, але посьпех Крамля, дэманстрацыя таго, што яго ўплыў на постсавецкай прасторы яшчэ даволі істотны, і калі і скарачаецца, то не манатонна, а пульсацыямі: праігнаруе нехта сумесную сустрэчу, а на чарговую зноў прыедзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія дамовіліся аб абмене палоннымі. У ЗША назвалі гэта важным крокам да мірнай дамовыТаксама прыкметай расейскага дыпляматычнага контранаступу стала пагадненьне аб свабодным гандлі паміж ЭАЭС і Іранам , падпісанае на саміце ў Санкт-Пецярбургу. Іран — фактычны ваенны саюзьнік Расеі ў яе вайне супраць Украіны, у нечым можа бліжэйшы і важнейшы, чым нават Беларусь.
Тое, што беларускі ВПК ладнай часткай працуе на ваенную машыну Крамля — не сакрэт. Але пра нейкія беларускія ўзбраеньні, пры дапамозе якіх расейцы забіваюць украінцаў, вядома няшмат, а пра іранскія дроны «Шахеды», якія менавіта гэта і робяць, вядома добра і шырока. Іран — ключавы саюзьнік, калі не натхняльнік, ХАМАСа, зь якім цяпер вядзе вайну Ізраіль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран скасаваў візы для беларусаўІ вось з такой краінай заключаюць дамову аб свабодным гандлі не адны Расея і Беларусь, але і іншыя дзяржавы ЭАЭС, якія ў палітычнай плашчыні дыстанцыююцца ад войнаў і ва Ўкраіне, і на Блізкім Усходзе. Дамова аб свабодным гандлі — гэта не інстытуцыяналізаваны эканамічны саюз, гэта ўсяго толькі бязмытны гандаль прадукцыяй уласнай вытворчасьці. Але гэта больш шчыльныя эканамічныя стасункі, чым звычайны гандаль паводле стандартных правілаў. І гэта таксама палітычны жэст — дэманстрацыя таго, што абсалютна чаканае і абгрунтаванае незадавальненьне Захаду ад такога кроку праігнаравалі і ў Астане, і ў Ерэване, і ў Бішкеку, і ў Душанбэ. І гэта — пэўны посьпех Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка публічна абразіў кіраўніка дыпляматыі ЭўразьвязуРоля Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым была, напэўна, невялікая. Але сваю ролю ён выканаў у Пецярбургу спраўна.
Пра пэрспэктывы Ўкраіны ў 2024 годзе ён у Пецярбургу катэгарычна заявіў: у яе будзе апошні шанец, інакш — крах. Варта адзначыць, што падобныя прагнозы ён з панылай рэгулярнасьцю рабіў пачынаючы з 24 лютага 2022 году, і нават задоўга да таго. Дакладнасьць прагнозу ўвесь гэты час была невысокая, але яго адрасат — ня столькі Ўладзімір Зяленскі, колькі Ўладзімір Пуцін. А той на недакладнасьць скардзіцца ня будзе. Хутчэй наадварот.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі, што кантроль за выкарыстаньнем разьмешчанай у Беларусі ядзернай зброі застаецца за Расеяй. Лукашэнка казаў іначайЗаява Лукашэнкі пра тое, што разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі завершанае, ня ўтрымлівала ніякай сэнсацыі. Што яе перакідаюць у Беларусь, пацьвярджала і амэрыканская выведка. На стратэгічны балянс у рэгіёне гэтая апэрацыя ня вельмі паўплывала. Мяняць у адказ схему разьмяшчэньня сваёй ядзернай зброі ў Эўропе амэрыканцы ня сталі і не зьбіраліся.
Настроі за разьмяшчэньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Эўропе ўзмацніліся там, дзе яна ёсьць, і там, дзе яе няма, напрыклад, у Польшчы. Нападаць на Беларусь NATO не зьбіралася і не зьбіраецца, так што гэтая зброя стрымлівае пагрозу, якой не існуе. Тое, што Беларусь з расейскай ТЯЗ робіцца імавернай мішэньню для ўдару ў адказ у выпадку поўнамаштабнага канфлікту паміж Расеяй і Паўночнаатлянтычным альянсам — гэта сапраўды так. Але гэтым новым чыньнікам Лукашэнку ганарыцца не выпадае ў любым выпадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейцы зьмянілі думку пра ядзерную зброю. Магчыма, дзякуючы Лукашэнку і ПуцінуШто хіба новае і цікавае — дык гэта ягоная хамская рэакцыя на словы кіраўніка дыпляматыі ЭЗ Жузэпа Бурэля наконт таго, што Эўропе варта рыхтавацца да зацяжнога канфлікту з Расеяй.
«Гэта дурасьць! Гэты чалавек дурны проста, ён дурань», — пракамэнтаваў Лукашэнка. Ён патлумачыў, што ані расейцы, ані беларусы ваяваць не імкнуцца. Лаяць заходніх лідэраў для яго — справа звыклая. Але звычайна гранічна грубую яго рэакцыю выклікаюць крокі і словы, якія асабліва закранаюць яго інтарэсы. Можна прыгадаць і «казёл Барозу» (Эмануэль Барозу, старшыня Эўракамісіі, які прапанаваў колішняму прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу не запрашаць Лукашэнку на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. — РС), і «Зяленскі — гніда», сказанае пасьля атакі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах сёлета. Лаянка на адрас Бурэля — з той жа сэрыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе хаваецца Лукашэнкава «гніда»? Чаму словы сталі важнейшымі за справыАні расейцы, ані беларусы ваяваць не імкнуцца? Дык тое ж самае Лукашэнка гаварыў і напярэдадні 24.02.22. Але ж расейцы ваяваць пачалі, а Лукашэнка ім стаў дапамагаць і робіць гэта дагэтуль.
Ён сам, дарэчы, у свой час расказваў, што Пуцін пляны нападу на Ўкраіну зь ім не ўзгадняў і нават яму пра іх паведаміў у апошні момант. То з чаго вынікае, што гаспадар Крамля нават хаця б проста падзеліцца з Лукашэнкам плянамі вайны з Эўропай, калі яны ў Пуціна зьявяцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «калі ўкраінцы не пераступяць мяжу, Беларусь ніколі ня будзе ўдзельнічаць у гарачай вайне». Што ён гаварыў ранейКалі ж гаварыць зьмястоўна, то спадар Бурэль грунтуе свой прагноз на цалкам слушным аналізе, паводле якога гіпатэтычная параза Ўкраіны ў вайне будзе мець наступствам катастрафічную дэмаралізацыю Эўропы і драйв перамогі ў Расеі.
Расея ў сьнежні 2021 году — за пару месяцаў да пачатку вайны — выставіла свае патрабаваньні да NATO: дэмантаваць усе структуры Альянсу, створаныя пасьля 1997 году. Гэтае патрабаваньне не было задаволенае, у адказ Масква пачала вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што ў Расеі «няма цікавасьці» ваяваць з краінамі NATO, але абяцаў праблемы ФінляндыіАле хіба яна адмовілася ад гэтага патрабаваньня? І хіба нават перамога над Украінай аўтаматычна выкліча задавальненьне гэтага патрабаваньня? Ну, так — выкліча, калі Захад у выніку паразы Ўкраіны (і сваёй — ва Ўкраіне) пойдзе на саступкі. А калі не? Тады якім чынам Масква зможа дасягнуць таго, што лічыць сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, сфармуляванымі ва ўльтыматуме Захаду ў сьнежні 2021 году? Толькі вайной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі палітык Прылепін заклікаў далучыць да Расеі тэрыторыі Ўзбэкістану. У Ташкенце адрэагаваліТут варта ўлічваць і палітыка-псыхалягічныя чыньнікі. Цяпер у Расеі прапагандысты (Уладзімір Салаўёў), ідэолягі (Захар Прылепін) і нават чыноўнікі (Дзьмітры Мядзьведзеў) ледзь ня штодзень публічна кажуць, што калі Расеі ўдасца скарыць Украіну, то на гэтым яна ня спыніцца. Дык калі сапраўды ўдасца, то якая моцная спакуса не спыняцца будзе ў Пуціна, нават калі ён цяпер пра гэта і ня думае. А тады сапраўды — а чаму не? І нават больш — а як можна будзе тады не пайсьці далей? Імпэратар Аляксандар І дайшоў да Парыжу. Чым Пуцін горшы?
Фашысцкі дыктатар Італіі Бэніта Мусаліні напярэдадні вайны з Абісініяй казаў на мітынгу ў Рыме: «Гэта ня мы пачынаем вайну. Гэта гісторыя бярэ нас за горла». Так скажа і Пуцін, пачынаючы вайну з NATO.
Лукашэнку, як усё ж беларусу, такая лёгіка чужая. Але ён яе разумее. І разумее, што так і будзе, калі Расея выйграе вайну з Украінай. І што тады пазьбегнуць віру агульнаэўрапейскай вайны ні Беларусі, ні яму асабіста ня ўдасца. Таму і лаецца на Бурэля. Ад бясьсільля і ад таго, што на прычыну гэтага не палаесься.