Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан і Армэнія дамовіліся аб абмене палоннымі. У ЗША назвалі гэта важным крокам да мірнай дамовы


Нагорны Карабах. Архіўнае фота
Нагорны Карабах. Архіўнае фота

Армэнія таксама «у якасьці жэсту добрай волі» адклікала сваю кандыдатуру на правядзеньне 29-й Канфэрэнцыі ААН (СОР-29) аб зьменах клімату і падтрымала кандыдатуру Азэрбайджану.

Азэрбайджан і Армэнія заявілі аб «гістарычнай магчымасьці» для дасягненьня міру і нармалізацыі стасункаў.

Адпаведную супольную заяву распаўсюдзілі дзяржаўныя СМІ Азэрбайджану і Армэніі.

У заяве адзначаецца аб дамоўленасьці абмену палоннымі — Азэрбайджан «у якасьці жэсту добрай волі» вызваліць 32 армянскіх вайскоўцаў, а Армэнія — 2 азэрбайджанскіх вайскоўцаў.

Армэнія таксама «ў якасьці жэсту добрай волі» адклікала сваю кандыдатуру на правядзеньне 29-й Канфэрэнцыі ААН (СОР-29) аб зьменах клімату і падтрымала кандыдатуру Азэрбайджану.

«Азэрбайджанская Рэспубліка і Рэспубліка Армэнія спадзяюцца, што іншыя краіны Ўсходнеэўрапейскай групы таксама падтрымаюць кандыдатуру Азэрбайджану», — адзначаецца ў супольнай заяве.

У дакумэнце таксама адзначаецца, што краіны прадоўжаць перамовы аб «дадатковых захадах дзеля ўсталяваньня даверу».

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША прывіталі гэтую супольную заяву і паабяцалі падтрымаць усе спробы бакоў усталяваць у рэгіёне мір.

«Мы высока ацэньваем супольныя намаганьні прэзыдэнта Азэрбайджану [Ільхама] Аліева і прэм’ер-міністра Армэніі [Нікола] Пашыньняна, якія закладваюць аснову для мірнай і квітнеючай будучыні жыхароў Паўднёвага Каўказу», — адзначаецца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Мэцью Мілера.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG