Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейцы зьмянілі думку пра ядзерную зброю. Магчыма, дзякуючы Лукашэнку і Пуціну


Самалёт Tornado, здольны несьці ядзерную зброю
Самалёт Tornado, здольны несьці ядзерную зброю

Як у 2022 годзе кардынальна зьмянілася грамадзкая думка ў краінах Эўропы адносна амэрыканскай ядзернай зброі, разьмешчанай на іх тэрыторыі.

12 красавіка будзе прэзэнтаванае чарговае дасьледаваньне грамадзкай думкі ад Chatham House. Сярод іншага беларусам было зададзенае пытаньне пра стаўленьне да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Вынікі апытаньня будуць вядомыя толькі заўтра, а сёньня Юры Дракахруст на партале «Зеркало» распавёў, што пра ядзерны арсэнал ЗША думаюць жыхары краінаў Эўропы, у якіх ён разьмешчаны.

«Упершыню — большасьць за захаваньне ядзернай зброі», — публікацыя з такой назвай зьявілася ў чэрвені мінулага году на сайце Tagesschau — найстарэйшай і самай папулярнай праграмы тэленавін у Нямеччыне. У ёй адзначалася, што ў сувязі з вайной, якую Расея вядзе супраць Украіны, стаўленьне Нямеччыны да ядзернай зброі ЗША мяняецца. Аўтары публікацыі спаслаліся на апытаньне службы вывучэньня грамадзкай думкі infratest-dimap , праведзенае на замову часопіса «Панарама» нямецкага тэлеканала ARD.

Падчас дасьледаваньня 52% рэспандэнтаў выказаліся за захаваньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Нямеччыне. Паводле апытаньня, 40% лічаць, што цяперашняя сытуацыя з разьмяшчэньнем ядзернай зброі ЗША ў Нямеччыне павінна заставацца нязьменнай, а яшчэ 12% рэспандэнтаў выказаліся за мадэрнізацыю гэтай зброі і павелічэньне яе колькасьці. Пры гэтым 39% апытаных — за вывад амэрыканскай ядзернай зброі зь Нямеччыны.

«У папярэднія гады супастаўныя апытаньні часта паказвалі, што відавочная большасьць выказвалася на карысьць вываду ядзернай зброі ЗША», — адзначае Tagesschau.

Паводле дасьледаваньня, праведзенага ў Нямеччыне на запыт Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, яшчэ ў сярэдзіне 2021 году толькі 14% рэспандэнтаў выказваліся за захаваньне ядзернай зброі ў краіне, а большасьць — 57% — хацелі яе вываду.

Апытаньне, праведзенае цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі YouGov у 2019 годзе на замову нямецкага інфармацыйнага агенцтва DPA, паказала, што тады 59% немцаў былі за вывад амэрыканскага ядзернага арсэналу зь іх краіны і 18% — за яго захаваньне.

Нарэшце, у апытаньні , праведзеным тым жа YouGov у 2018 годзе ў Нямеччыне, 70% рэспандэнтаў выказаліся за вывад амэрыканскай ядзернай зброі зь іх краіны (супраць — 16%).

Такім чынам, за чатыры гады доля прыхільнікаў вываду амэрыканскай ядзернай зброі зь Нямеччыны зьменшылася з 70% да 39%, а доля прыхільнікаў яе захаваньня ўзрасла больш як у тры разы — з 16% да 52%.

Апроч Нямеччыны, амэрыканская тактычная ядзерная зброя таксама знаходзіцца ў Бэльгіі, Нідэрляндах, Італіі і Турэччыне ў рамках праграмы Nuclear Sharing.

Ужо згаданае дасьледаваньне YouGov 2018 праводзілася, акрамя Нямеччыны, у Бэльгіі, Нідэрляндах і Італіі.

У той час і ў гэтых краінах большасьць рэспандэнтаў выказвалася за вывад амэрыканскай ядзернай зброі з сваіх краін: у Нідэрляндах — 56% (супраць — 16%), у Бэльгіі — 57% (супраць — 21%), у Італіі — 65% (супраць — 18%).

Прынамсі па адной з гэтых трох краінаў ёсьць дадзеныя пра дынаміку стаўленьня да разьмешчанага ў іх ядзернага арсэналу ЗША.

Галяндзкі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі Kieskompas — Election Compass правёў дасьледаваньне , апытаўшы адны і тыя ж групы рэспандэнтаў у Нідэрляндах і Нямеччыне ў верасьні 2020 году і ў чэрвені 2022 году.

На пытаньне «Ці згодныя вы з тым, што ядзерная зброя ЗША павінна быць выведзена з вашай краіны безь якіх-небудзь папярэдніх умоў?» у Нідэрляндах 49% адказалі станоўча ў 2020 годзе і 37% у 2022 годзе. Сярод нямецкіх рэспандэнтаў 61% далі станоўчы адказ на тое ж пытаньне ў 2020 годзе і 32% у 2022 годзе.

Пра магчымасьць вяртаньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусь Аляксандар Лукашэнка заявіў яшчэ ў лістападзе 2021 году ў інтэрвію расійскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву. Беларускі палітык тады сказаў, што гэта можа быць зроблена ў адказ на магчымае перамяшчэньне амэрыканскай ядзернай зброі зь Нямеччыны ў Польшчу.

У Нямеччыне ў той час фармаваўся ўрад, і ў дыскусіях абмяркоўвалася магчымасьць вываду з краіны амэрыканскай ТЯЗ. Нямецкім палітыкам былі вядомыя вынікі прыведзеных вышэй апытаньняў, паводле якіх у 2018–2021 гадах большасьць немцаў падтрымалі б такое рашэньне. На фоне тых унутрынямецкіх дыскусій у NATO абмяркоўваліся варыянты, куды гэтую зброю можна перадысьлякаваць, калі гэтага запатрабуе Бэрлін. І Польшча разглядалася як адзін з магчымых варыянтаў.

У выніку новы ўрад вырашыў, што амэрыканскі ядзерны арсэнал усё ж трэба пакінуць у Нямеччыне. А потым пачалася вайна. І яна карэнным чынам зьмяніла грамадзкія настроі. Калі раней нямецкія палітыкі выступалі за захаваньне гэтай ядзернай зброі насуперак думцы большасьці насельніцтва, то цяпер — у адпаведнасьці зь ёю.

Амэрыканскі арсэнал так і не зьявіўся ў Польшчы. Але гэта не перашкодзіла Пуціну прыняць рашэньне аб разьмяшчэньні расейскай ТЯЗ у Беларусі, а Лукашэнку — пагадзіцца на гэта.

Але пытаньне разьмяшчэньня ядзернай зброі ЗША ў Польшчы мае пэўную актуальнасьць і не зьвязана зь лёсам гэтай зброі ў Нямеччыне. У кастрычніку мінулага году прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў , што Варшава вяла перамовы з Вашынгтонам наконт магчымасьці распаўсюджваньня праграмы Nuclear Sharing на Польшчу. Тады Дуда патлумачыў, што на фоне ядзерных пагрозаў Польшчы, магчыма, варта падумаць пра «ядзерны парасон». У адказ на заяву Дуды амэрыканцы сказалі, што ня маюць намеру разьмяшчаць ядзерную зброю ў краінах, якія ўступілі ў NATO пасьля 1997 году.

Але цікава, як прапанова, якая зьмяшчалася ў заяве польскага прэзыдэнта, была ўспрынятая польскім грамадзтвам.

Паводле апытаньня , праведзенага ўвосень 2022 году цэнтрам сацыялягічных дасьледаваньняўIBRIS на замову газэты Rzeczpospolita, 54% рэспандэнтаў заявілі, што Польшча павінна ўдзельнічаць у праграме NATO Nuclear Sharing, у выніку чаго на тэрыторыі краіны можа зьявіцца амэрыканская ядзерная зброя. 30% былі супраць, 16% ухіліліся ад выказваньня пэўнай пазыцыі.

Падчас апытаньня за далучэньне Польшчы да Nuclear Sharing выказаліся 64% рэспандэнтаў, якія жывуць у буйных гарадах, і амаль пагалоўна (93%) апытаныя ва ўзросьце да 29 гадоў.

На пачатку красавіка гэтага году, ужо пасьля заяваў Пуціна і Лукашэнкі аб разьмяшчэньні расейскай ТЯЗ у Беларусі, дарадца прэзыдэнта Польшчы ў пытаньнях бясьпекі Яцэк Сявера ў інтэрвію нямецкаму інфармацыйнаму агенцтву DPA заявіў: «Польшча патэнцыйна гатовая павялічыць свой удзел і супрацоўніцтва ў NATO ў сфэры ядзернага стрымліваньня і ўзяць на сябе пэўную адказнасьць, але разьмяшчэньне ядзернай зброі — гэта нешта іншае».

Іншымі словамі, магчыма, Варшава перадумала. Амэрыканцаў такая пэрспэктыва таксама не натхняе: пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ТЯЗ у Беларусі прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі сказаў, што ня бачыць неабходнасьці мяняць ядзерную стратэгію.

Але грамадзкая думка ў Польшчы і яе дынаміка ў Нідэрляндах і Нямеччыне паказальныя. Вайна Расеі з Украінай і ядзерныя пагрозы, якія гучалі з Масквы, не адштурхнулі ад амэрыканскай ядзернай зброі грамадзкую думку краінаў, дзе яна разьмешчаная. Рэакцыя была вельмі істотная, але наўпрост супрацьлеглая. А палякі, замест таго каб спалохацца, захацелі амэрыканскага «ядзернага парасона».

Магчыма, Пуцін і Лукашэнка разьлічваюць на тое, што разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ТЯЗ ужо абавязкова напалохае, абавязкова адштурхне. Але дадзеныя апытаньняў, прадстаўленыя вышэй, паказваюць, што рэакцыя будзе, хутчэй за ўсё, супрацьлеглая. У прыватнасьці, ня выключана, што ў адказ будзе павялічаны амэрыканскі ядзерны арсэнал у Эўропе і Турэччыне, а ранейшае нежаданьне павялічваць колькасьць удзельнікаў Nuclear Sharing будзе перагледжанае.

Які даброты такое разьвіцьцё падзей прынясе Эўропе і плянэце ў цэлым — пытаньне спрэчнае. Пакуль NATO не сьпяшаецца з радыкальнымі крокамі. Але...

У лістападзе 2021 году Лукашэнка асьцерагаўся амэрыканскіх ядзерных бомбаў у Польшчы і ў адказ пагражаў бомбамі расейскімі. Выкліку не было, але адказ усё роўна здарыўся. Правакуючы менавіта тое, на што зьбіраліся адказаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG