Ці шмат беларусаў зьвярнуліся ў камісію па вяртаньні? Чаму людзі дагэтуль «купляюцца» на абяцаньні камісіі, хоць пасьпяховых кейсаў — лічаныя адзінкі? Свабода прааналізавала афіцыйныя паведамленьні аб працы камісіі разам з кіраўнікамі фондаў BySol і ByHelp.
Што сабой уяўляе «камісія па вяртаньні»?
У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні, у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца альбо даведацца пра свой прававы статус.
Да заявы неабходна прыкласьці копію пашпарта, а таксама расказаць, чаму грамадзянін думае, што ў выпадку вяртаньня да яго могуць быць пытаньні з боку праваахоўных органаў. Таксама ён павінен «публічна раскаяцца ва ўчыненых ім злачынствах супраць улады».
Рашэньне аб тым, ці зможа чалавек вярнуцца дадому, прымаюць сябры камісіі (26 чалавек), якую ўзначальвае генэральны пракурор Андрэй Швед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска вярнулася з-за мяжы праз «камісію па вяртаньні», яе будуць судзіцьУ склад камісіі таксама ўвайшлі кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітрый Гара, сэнатар Дзьмітрый Баскаў, дэпутаты, чыноўнікі, шмат праўладных прапагандыстаў, кшталту Рыгора Азаронка, Андрэя Мукавозчыка, ды іншыя.
Створаны сайт камісіі па вяртаньні, таксама ёсьць адмысловы разьдзел на сайце Генпракуратуры. З-за межаў Беларусі гэтыя старонкі без VPN не адкрываюцца.
Пераможаны вораг
Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонду BySol, перакананы, што беларуская ўлада чакае пакорнасьці і поўнага падпарадкаваньня, і гэта тычыцца ня толькі тых, хто застаўся ўнутры краіны, але і тых, хто зьехаў.
«І Лукашэнку, і ягоных памагатых проста „бамбіць“ ад асэнсаваньня таго, што ёсьць пэўная колькасьць беларусаў, якая не падпарадкоўваецца ўладзе Лукашэнкі (нават па самых кансэрватыўных падліках, якія агучыў намміністра МУС Карпянкоў, — 350 тысяч, а мы ведаем, што выехала значна больш). Улада рэальна хоча, каб мы паўзьлі на каленях, на карачках да мяжы і малілі, каб нас прапусьцілі і не чапалі, каб мы зламалі сваю чалавечую годнасьць „праз калена“.
Гэта пытаньне ідэалягічнага зьнішчэньня праціўніка, падпарадкаваньня ворага. Бо вораг, які проста забіты, ён не пераможаны. Пераможаны вораг — гэта той, хто пастаўлены на калені, хто прызнаў сваю неправату і гатовы лізаць бот пераможцы. Вось гэтага хоча Лукашэнка. І для гэтага ствараюцца такія зьневажальныя, абразьлівыя камісіі з такім адыёзным складам», — разважае Андрэй Стрыжак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 арыштаў, татуіроўка «23.34». Што вядома пра Аляксандру Каско, якую пасьля вяртаньня ў Беларусь асудзілі на 10 гадоўДва «станоўчыя» кейсы за 11 месяцаў
Паводле афіцыйнай інфармацыі, усяго адбылося 5 паседжаньняў камісіі. 28 красавіка паведамлялася, што ў камісію зьвярнуліся каля 60 чалавек. Падрабязнай інфармацыі пра тое, што гэта за людзі, па якіх вынесены рашэньні, няма.
31 траўня паведамлялася, што «на разгляд вынесены звароты больш як 20 асобаў».
20 ліпеня — зноў агульныя фразы, ніводнай лічбы, ніводнага прозьвішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 13 мэдыкаў з Горадні асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у лістападзе«Кібэрпартызаны» ў гэты ж час паведамілі, што амаль за паўгода існаваньня камісіі па вяртаньні ў яе зьвярнуліся ўсяго 16 чалавек. Прычым шасьцёра — мацёрыя крымінальнікі, якія былі асуджаныя па артыкулах, не зьвязаных з палітыкай. Большая частка заявак «не адпавядала патрабаваньням», была напісана людзьмі, якія ня ўдзельнічалі ў пратэстах, не напісалі, што раскайваюцца.
Кібэрпартызаны апублікавалі выпіскі з двух пратаколаў паседжаньняў, на якіх былі ўхваленыя заяўкі Натальлі Пратасевіч (маці Рамана Пратасевіча) і Філіпа Давыдава.
Праз паўтара месяца пасьля вынясеньня камісіяй станоўчага рашэньня «раскручваць» гэтую тэму пачалі дзяржаўныя СМІ. Яны пісалі: «Натальля Пратасевіч увосень 2020 году пакінула Беларусь. Сёлета ў сакавіку яна падала зварот у камісію па вяртаньні ў Беларусь і ўжо ў траўні вярнулася на радзіму». Апублікавалі і фатаздымкі Натальлі з сынам Раманам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 сьнежня: 57-гадовай жанчыне прысудзілі 1,5 года калёніі за «абразу Лукашэнкі»Увосень было яшчэ яшчэ два паведамленьні пра паседжаньні камісіі.
7 верасьня разгледзелі некалькі зваротаў. «Па адным зь іх было прынята рашэньне аб інфармаваньні заяўніка аб яго працэсуальным становішчы ў крымінальным працэсе», — гаварылася ў адным зь іх.
31 кастрычніка ў іншым паведамлялася: «З улікам зьвестак пра асобу адной заяўніцы, характару ўчыненага злачынства камісія прызнала мэтазгоднасьць замены ў дачыненьні да яе меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту на мякчэйшую».
Зразумець, што стаіць за такімі размытымі фразамі, даволі цяжка.
«Камісіі не давяраюць, асабліва пасьля дэманстратыўных масавых пасадак»
Інфармацыі, колькі ж усяго чалавек зьвярнулася ў камісію па вяртаньні на сёньняшні дзень, знайсьці ў адкрытых крыніцах не ўдалося. Апошнія зьвесткі ад 7 верасьня: генпракурор Швед паведамляў пра больш як 100 зваротаў.
Сузаснавальнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык выказаў меркаваньне, што ад самага пачатку давер да камісіі быў вельмі нізкі.
«Колькасьць людзей, якія зьехалі, вымяраецца сотнямі тысяч, а камісіі даверылася максымум 100 чалавек. Камісіі папросту не давяраюць, асабліва пасьля дэманстратыўных масавых пасадак. Першыя мэсыджы, якія пайшлі ад камісіі, — „мы вас пасадзім“. Але пасьля масавых пасадак хто ж будзе давяраць інстытутам дзяржавы?
Гэтая камісія стваралася ўладамі чыста для саміх сябе: маўляў, мы працуем з тымі, хто ўцёк, і даем ім магчымасьць пакаяцца і вярнуцца. Ім, магчыма, давяралі б больш, калі было б больш пазытыўных выпадкаў, а іх, самі бачыце, кот наплакаў.
Сама камісія шле сыгнал, што яна ні за што не адказвае, людзей усё адно будуць саджаць. Давер адпачатку да яе быў нізкі», — кажа Аляксей Лявончык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік рэпрэсіяў 2023 году. Расказваем, што новага сёлета змаглі прыдумаць сілавікі Беларусі«Заклікаю добра падумаць»
Людзей, якія зьвяртаюцца ў камісію, беларускія прапагандысты выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Днямі апублікавалі інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася на радзіму з Польшчы праз «камісію па вяртаньні».
У размове з тэлеканалам СТВ жанчына расказвае пра кепскае жыцьцё ў Польшчы, як яна пакутавала там, якія хваробы яе напаткалі на нэрвовай глебе. Таксама расказала, як пакутуе дачка, якая ня можа ўладкавацца на працу па спэцыяльнасьці і жыве на ўтрыманьні мужа.
Нягледзячы на гэта, Тацяну Собаль чакае суд за ўдзел у пратэстах. І гэта ня першы такі выпадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Судаленка распавёў, што траціну зьняволеных калёніі «Віцьба-3» складаюць палітвязьніСузаснавальнік фонду ByHelp Аляксей Лявончык не асуджае тых, хто вырашае вярнуцца і супрацоўнічаць з уладамі. На яго думку, людзі ўсё адно будуць ехаць, іх цягне назад.
«І з гэтым мы нічога ня зробім: у многіх асабістыя акалічнасьці, трагедыі. Ня ўсе гатовыя ўзяць на сябе цяжар эміграцыі. Калі цябе гвалтоўна сарвала зь месца, вынесла, ты страціў звыклы лад жыцьця — хтосьці ўпраўляецца на новым месцы, а хтосьці не ўпраўляецца. Ведаю шмат людзей, якія ўпалі ў дэпрэсію. Хтосьці зьвяртаецца ў камісію, хтосьці проста вяртаецца, без камісіі.
Але на 100% гарантыі ніхто ня дасьць. У кагосьці быў адзін выхад на марш, і ён думае, што ў бясьпецы, што яго „не засеклі“. А кагосьці засеклі і пасадзяць. Гэта лятарэя. Але ўсё ж заклікаю добра падумаць перад тым, як вяртацца ці зьвяртацца ў камісію.
Аляксандра Каско, якая вярнулася ў Беларусь сёлета ў лютым, атрымала сёньня 10 год. Калі гэта не адказ на пытаньне, ці бясьпечна вяртацца ў Беларусь, то я ня ведаю, які тут мусіць быць адказ», — кажа Аляксей Лявончык.